Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашчадкі беларускіх перасяленцаў з Сыбіры наведаюць радзіму продкаў


2–5 чэрвеня вёску Рагінь Буда-Кашалёўскага раёну Гомельскай вобласьці наведаюць нашчадкі самаходаў з Сыбіры.

«Самаходамі» называюць беларускіх сялян, якія ў канцы XIX стагодзьдзя з прычыны малазямельля дабраахвотна выехалі ў Сыбір і заснавалі на тэрыторыі сучаснага Вікулаўскага раёну Цюменскай вобласьці Расеі вёскі Ермакі, Асінаўка і Ялоўку.

Паводле Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», нашчадкі самаходаў ідэнтыфікуюць сябе як беларусы. Яны захавалі традыцыйныя беларускія абрады, у сваёй гаворцы маюць шмат беларускіх назваў, багаты песенны фальклёр, вараць на сьвяты самаробнае піва.

Нашчадкі перасяленцаў наведваюць радзіму продкаў у рамках беларуска-расейскага сацыяльна-культурнага праекту «Вяртаньне», які мае на мэце пашырыць веды пра лякальную гісторыю і культуру жыхароў аграгарадка Рагінь.

Дэлегацыя з 11 чалавек перадасьць музэю Рагінскай школы ўнікальныя матэрыялы з Ермакоўскага краязнаўчага музэю пра першых перасяленцаў у Сыбір. Яны наведаюць Рагіньскі цэнтар народнай творчасьці, дзе ўдзельнікі сустрэчы прыгадаюць радаводы сем’яў Мельнікавых, Новікаў, Чарняковых, якія пачаліся ў Рагіні, сустрэнуцца са стваральнікамі дакумэнтальнай стужкі «Самаходы».

Таксама дэлегацыя з Сыбіры наведае могілкі ў мястэчку Рагінь, а таксама вёску Бушэўка Буда-Кашалёўскага раёну, адкуль у канцы ХІХ стагодздзья перасяленцы выяжджалі ў Сыбір.

4 чэрвеня дэлегацыя з Сыбіры закладзе зямлю, прывезеную з Ермакоў у падмурак будынка праваслаўнай царквы, якая ўзводзіцца ў Рагіні. У гэты ж дзень адбудзецца сьвята вёскі, падчас якога свае варыянты абраду «Тройца» прадэманструюць як мясцовыя калектывы «Крыніца» і «Верасок», так і гурт «Расіяначка» Ермакоўскага дома культуры.

Напрыканцы дня пройдзе дэгустацыя самаробнага піва, рэцэпт прыгатаваньня якога захавалі сыбірскія самаходы і ўзнавілі разам з жыхарамі вёскі Рагінь.

1 чэрвеня а 19.00 у Менску ў Галерэі TUT.BY (пр. Дзяржынскага 57) пройдзе паказ дакумэнтальнага фільму «Самаходы» і сустрэча зь ягонымі аўтарамі і героямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG