Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абсурд настолькі відавочны, што не змаглі вынесьці пакараньня», — Верамеенка пра суд за «інтэрнэт-пікет»


Фота, якое cьведка-міліцыянт назваў «інтэрнэт-пікетам»
Фота, якое cьведка-міліцыянт назваў «інтэрнэт-пікетам»

Судзьдзя Ленінскага суду Горадні Руслан Гурын 30 траўня вынес рашэньне наконт Сяргея і Вольгі Верамеенкаў: «Справу спыніць праз адсутнасьць правапарушэньня», названага раней міліцыянтам-сьведкам «інтэрнэт-пікетам».

У судзе меліся заслухаць у якасьці сьведкі ўчастковага міліцыянта Ўладзімера Казлоўскага, які складаў пратакол на Верамеенкаў, аднак ён ня змог зьявіцца ў суд. Пазьней сакратарка суду паведаміла, што ўначы ў яго памёр бацька.

Сяргей Верамеенка настойваў, каб суд перанесьлі, але судзьдзя Руслан Гурын не задаволіў ягонага хадайніцтва. Быў зроблены перапынак, пасьля якога Гурын зачытаў рашэньне:

«Справу спыніць праз адсутнасьць правапарушэньня».

У залі суду гэтага не чакалі, і, калі судзьдзя ўжо выходзіў, усьлед яму загучалі аплядысмэнты.

Адразу пасьля суду Сяргей Верамеенка сказаў Свабодзе, што рашэньнем задаволены, хоць і прыйшоў сёньня ў суд з заплечнікам зь цёплымі рэчамі:

Вольга і Сяргей Верамеенкі пасьля суду
Вольга і Сяргей Верамеенкі пасьля суду

«Бачыце, наша судовая сыстэма такая, што на закон спадзявацца не даводзіцца. Каманды раздаюць зьверху: сёньня могуць не асудзіць, а заўтра дадуць штраф альбо суткі. Проста ў нашай сытуацыі справа была настолькі абсурднай, што нас не маглі асудзіць. Асабліва пасьля таго, як гэта ўсё трапіла ў СМІ і стала відавочным. Тым ня менш я зьбіраюся пісаць скаргі на лжэсьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі, якія фабрыкавалі справу».

Вольга Верамеенка задаволеная рашэньнем суду і кажа, мела спадзеў, што так атрымаецца, паколькі ёй ад пачатку здалося, што складзены на іх пратакол — ініцыятыва аднаго міліцыянта:

«Па вялікім рахунку, рашэньне нечаканае, але мне здалося, што пратаколы на нас склалі з ініцыятывы міліцыянта Вайцешкі, а гэта замалы чын, таму падалося, што могуць такі загад адмяніць. Так і атрымалася. Хоць я, як і Сяржук, прыйшла на прысуд з рэчамі, бо маглі даць і суткі. У нас нельга быць упэўненым у такіх сытуацыях».

За працэсам ад пачатку назіраў старшыня гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў, юрыст з адукацыі. Адразу пасьля сканчэньня суду заявіў, што ад самага пачатку працэс быў абсурдным і ні пра якую справядлівасьць гаворкі насамрэч няма:

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

«Суд вынес тое рашэньне, якое выгаднае ўладам. Бо калі б працэс вёўся згодна з законам, то ніхто б такую справу да разгляду не прыняў. Нібыта Верамеенкі правялі ў інтэрнэце масавую акцыю — гэта юрыдычны маразм. Я задаволены, што судзьдзя прыняў такое рашэньне, але казаць, што ўвесь працэс законны, такой магчымасьці няма».

Вольгу і Сяргея Верамеенкаў судзілі за разьмяшчэньне ў інтэрнэце здымкаў зь бела-чырвона-белымі сьцягамі і надпісамі «У Горадні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!». Паводле пратаколу, іх вінавацілі ў правядзеньні пікетаваньня з дэманстрацыяй бела-чырвона-белага сьцяга.

Сяргей і Вольга вінаватымі сябе не прызналі і абое патлумачылі, што зрабілі на вуліцы здымкі зь бела-чырвона-белым сьцягам яшчэ за тыдзень да таго, як Сяргей апрацаваў іх у «Фоташопе» і наклаў надпісы: «У Горадні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!». Ніякіх заклікаў, патрабаваньняў, плякатаў — нічога ў іх не было.

Сяргей Верамеенка разьмясьціў здымкі на ўласнай старонцы ў інтэрнэце, як заявіў сам у судзе, дзеля салідарнасьці зь несправядліва, на яго думку, асуджаным гомельскім актывістам Васілём Паляковым, які выйшаў на акцыю зь бела-чырвона-белым сьцягам і за гэта быў пакараны 15 суткамі арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG