Паводле пратаколу, Вольга і Сяргей Верамеенкі абвінавачваюцца ў правядзеньні пікетаваньня з дэманстрацыяй бела-чырвона-белага сьцяга. Даючы паказаньні ў судзе і Вольга, і Сяргей Верамеенкі вінаватымі сябе не прызнаюць і настойваюць на тым, што ніякага пікетаваньня яны не праводзілі.
Абое патлумачылі, што зрабілі на вуліцы здымкі зь бела-чырвона-белым сьцягам, затым Сяргей апрацаваў іх у «Фоташопе» і наклаў надпісы: «У Горадні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!». Ніякіх заклікаў, патрабаваньняў, плякатаў — нічога ў іх не было.
Сяргей Верамеенка разьмясьціў здымкі на ўласнай старонцы ў інтэрнэце, як заявіў сам у судзе, дзеля салідарнасьці зь несправядліва, на яго думку, асуджаным гомельскім актывістам Васілём Паляковым, які выйшаў на акцыю зь бела-чырвона-белым сьцягам і за гэта быў пакараны 15 суткамі арышту.
Верамеенкі настойвалі на тым, што фатаграфаваньне са сьцягам ня можа падпадаць пад азначэньне пікету.
«Няўжо, каб выйсьці і сфатаграфавацца ў горадзе зь нейкім прадметам, трэба браць дазвол у гарвыканкаме?» — пыталіся сужэнцы ў судзе.
Сяргей Верамеенка цытаваў закон, паказваў суду дзясяткі здымкаў людзей у Горадні, якія фатаграфуюцца з самымі рознымі сьцягамі, у тым ліку савецкай эпохі, расейскімі ды іншымі, і іх за гэта да адказнасьці не прыцягваюць.
Сьведка-міліцыянт Аляксей Вайцешка настойвае ў судзе, што Верамеенкі праводзілі менавіта пікет, нягледзячы на тое, што сам асабіста ня бачыў, як і калі гэта адбывалася, і сьведкаў, якія б гэта маглі засьведчыць, таксама няма.
Паводле яго, дастаткова таго, што здымкі з надпісамі былі выстаўленыя на адным з сайтаў у інтэрнэце і «ў выніку маніторынгу міліцыянты гэта адсачылі», а дазволу з гарвыканкаму, маўляў, на гэта не было.
Ён патлумачыў суду, што час правядзеньня пікету быў зафіксаваны з таго моманту, калі здымкі зьявіліся ў інтэрнэце: «Пікет быў праведзены ў інтэрнэце», — заявіў у судзе міліцыянт Вайцешка.
Сяргей Верамеенка хадайнічаў аб выкліку ў суд участковага міліцыянта, які складаў на іх пратаколы, паколькі безь яго тлумачэньня няма яснасьці, зь якой прычыны наагул яны былі складзеныя. Судзьдзя задаволіў хадайніцтва і перанёс працэс на 30 траўня.
На пасяджэньні суду прысутнічаў праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які зьвярнуў увагу на юрыдычныя казусы таго, як міліцыянты складаюць падобныя пратаколы і перадаюць іх у суд.
«Мы прывыклі ўжо да ўсяго ў нашых судах, да розных фантазій сьведкаў-міліцыянтаў. Але сёньня сьведка-міліцыянт Вайцешка прызнаў у судзе, што асабіста аддаў распараджэньне ня толькі правесьці апытаньне падазраваных ва ўчыненьні правапарушэньня, а аддаў канкрэтныя інструкцыі ўчастковаму міліцыянту, як складаць на іх пратакол. І самае цікавае, што потым у судзе сам жа Вайцешка выступае ў якасьці адзінага сьведкі. Гэта проста абсурд».