Рака Струга працякае каля вёсак Сухое і Пешкава, за некалькі кілямэтраў ад Янава. Яе воды ідуць у Дняпроўска-Бускі канал. Як расказаў жыхар Янава Сяргей, нешта падобнае да пены цячэ па рацэ яшчэ зь мінулага году. Мясцовыя жыхары думаюць, што прычына — скіданьне адкідаў зь Янаўскага цэху Бярозаўскага сыраробнага камбінату:
«Гэтая праблема яшчэ з восені. Я дакладна ня ведаю прычыны, але праблема зьявілася пасьля таго, як на сыраробным заводзе запусьцілі цэх па перапрацоўцы сыроваткі. І гэта ўсё, што распусьцілася, цячэ ў Дняпроўска-Бускі канал, а потым і ў Чорнае мора. А што застаецца, асядае па дарозе на дно».
Суразмоўца кажа, што ў раку трапляе вада з ачышчальных збудаваньняў. Ён мяркуе, што яны не ўпраўляюцца з адкідамі сыраробнага камбінату.
Начальніца Янаўскага цэху ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат», калі патэлефанаваў карэспандэнт Свабоды, была ў ад’езьдзе. Іншая прадстаўніца адміністрацыі ня згодная, што іх прадпрыемства можа быць прычынай забруджаньня ракі:
«Гэта трэба вам не пра нас пытацца, а ў ачышчальных пытацца, што там з ачышчальных (збудаваньняў) цячэ. Мы ж скідаем у ачышчальныя. Яны не перапрацоўваюць гэта, магутнасьці няма. Праблема ачышчальных».
Начальнік Янаўскай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Генадзь Ялец сказаў Свабодзе, што надзвычайнай сытуацыі на рацэ няма:
«Гэта ўсё пытаньні працы ачышчальных. Знаходзіцца на кантролі, праводзяцца працы па ліквідацыі збояў у працы ачышчальных збудаваньняў. Надзвычайнай сытуацыі няма, ёсьць парушэньні цыклю працы з прычыны гібелі ілу. Але гэта ўсё аднаўляецца. Таму бліжэйшым часам будзе адноўленая праца ачышчальных збудаваньняў, праводзіцца работа».