Канстанцін Баўтрук, бацька фігуранта «справы патрыётаў» Віктара Данілава, атрымаў адказ на сваю скаргу ў КДБ адносна справы сына. Пасьля больш як месяца арышту Віктара Данілава ягоны бацька Канстанцін Баўтрук прасіў у сьледчых КДБ зьмяніць яму меру стрыманьня на падпіску ці хаця б дазволіць сустрэцца з сынам, а таксама азнаёміць яго са справай, сабранай на сына.
Канстанцін Баўтрук зачытаў Свабодзе вытрымку з адказу, які днямі атрымаў з КДБ.
«Пад адказам стаіць подпіс начальніка аддзелу Сьледчай управы КДБ Беларусі А. Волкава. Той піша:
«На Ваш зварот, які дасланы ў Сьледчую ўправу 2.05 2017 году, паведамляем, што ў прадастаўленьні Вам зьвестак, якія пералічаныя ў Вашых паведамленьнях, у адпаведнасьці з ч.1 артыкула 198 КПК адмоўлена. У прадастаўленьні Вам спатканьняў у адпаведнасьці з ч.5 артыкула 36 КПК адмовіць».
Далей: «У адпаведнасьці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам падставаў для адмовы ці зьмены адносна В.Данілава меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту няма».
Таксама напісана, што «папярэдняе сьледзтва ў крымінальнай справе па абвінавачваньні Вашага сына ажыцьцяўляецца ў тэрміны, якія адпавядаюць крымінальна-працэсуальнаму заканадаўству».
На мінулым тыдні стала вядома, што сьледзтва ў справе Віктара Данілава працягнулі яшчэ на 2 месяцы.
«Паведамілі таксама, што калі я нязгодны з гэтым рашэньнем, дык магу яго абскардзіць у пракуратуры, якая назірае за выкананьнем закону. Канечне, гэтак і зраблю, але ўжо зразумела, што проста пусьцілі мой зварот па кругу і цяпер будуць адказваць адно і тое ж. Спасылаюцца нібыта на законы, на Канстытуцыю. Але скажыце, дзе ў Канстытуцыі напісана, што яны маюць права забраць гараж, забраць грошы, якія належаць іншым людзям? Чалавек сталага веку, мая цешча Лідзія Ўладзімераўна Данілава назьбірала цягам 15 гадоў грошы на лячэньне. Сьледчым тлумачылі, што гэта яе грошы, але іх забралі. І як цяпер мне лячыць цешчу, як купляць ёй лекі? Гаражом таксама не магу карыстацца — на падставе якой Канстытуцыі гэта робіцца?»
Сын Канстанціна Баўтрука Віктар Данілаў быў арыштаваны ў канцы сакавіка і абвінавачваецца, як і іншыя фігуранты справы, ва ўдзеле ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў ды ва ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні. Паводле сьпісу праваабаронцаў «Вясны», цяпер 16 фігурантаў «справы патрыётаў» утрымліваюцца пад вартай, больш за 10 чалавек вызваленыя пад падпіску. Але абвінавачаньні зь іх ня зьнятыя.
На пытаньне, як пачуваецца Віктар Данілаў, якога трымаюць у СІЗА на Валадарскага, ягоны бацька адказаў:
«Піша, што ўсё зь ім добра, але падрабязнасьцяў ніякіх не паведамляе. Пра справу таксама нічога, інакш бы лісты проста не даходзілі. З сынам толькі некалькі разоў бачыўся адвакат, нікога са сваякоў да яго на спатканьне не пускаюць. Адвакат кажа, што выглядае нармальна», — сказаў Канстанцін Баўтрук, бацька Віктара Данілава.
Справа актывістаў «Белага легіёну», якая ў СМІ атрымала назву «справы патрыётаў», распачалася перад Днём Волі пасьля публічнай заявы Аляксандра Лукашэнкі, што затрымалі баевікоў, якія трэніраваліся ў лясах пад Бабруйскам ды ў іншых месцах.