Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марціновіч трапіў у лонг-ліст расейскай літаратурнай прэміі. І задумаўся


Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Раман «Возера радасьці» беларускага пісьменьніка Віктара Марціновіча трапіў у лонг-ліст расейскай літаратурнай прэміі «Ясная паляна», што прысуджае Музэй-сядзіба Льва Талстога і кампанія Samsung. Марціновіч — у сьпісе твораў «сучаснай рускай прозы» (пры наяўнасьці намінацыі «замежная літаратура»).

Пісьменьнік задумаўся: маўляў, адчувае сябе «крыху шулерам», бо «Возера радасьці» хоць і напісанае па-расейску (прадаецца і па-расейску, і па-беларуску), але сам ён не расейскі, а беларускі празаік. Марціновіч падкрэсьлівае: беларускі празаік, які, тым ня меней, з павагай і сымпатыяй ставіцца да расейскай клясыкі, напрыклад Буніна, Чэхава і Талстога (так, у траўні Марціновіч чытаў у швайцарскім Бэрне вялікую лекцыю пра «Сьмерць Івана Ільліча» Льва Талстога).

Віктар Марціновіч зазначыў у інтэрвію Свабодзе, што ягоныя кнігі рэдка заўважаюць на беларускіх прэміях прозы (апошні раз — 13-е месца «Возера радасьці» ў галасаваньні за «Кнігу году-2016», да таго ў 2015 годзе, калі раман «Мова» трапіў у лонг-ліст Прэміі Гедройця), бо ён «па-за тусоўкай». Пра іншыя прычыны пісьменьнік рэкамэндуе пытаць ужо не яго. Але пры гэтым Марціновіч падкрэсьлівае, што ставіцца з сымпатыяй да сяброў журы беларускіх літаратурных прэміяў і спадзяецца, што «прыйдзе той дзень, калі і на радзіме буду заўважаны».

Разам з тым п’еса Марціновіча «Кар’ера доктара Раўса», што цяпер пасьпяхова ідзе ў беларускім тэатры (у сераду, 31 траўня, — трэці паказ у РТБД), увосень мінулага году атрымала дыплём першай ступені ад «Беларусбанку» як адзін з найлепшых твораў пра Францішака Скарыну. Ды тое ня проза, заўважае Марціновіч, а ў празаічных узнагародах яму «на жаль, няма чым ганарыцца» (апошняя беларуская ўзнагарода — «Дэбют» 2012 году за раман «Сьцюдзёны вырай»).

«Я ня бачу праблемы ў тым, каб літаратурныя творы атрымлівалі замежнае прызнаньне і замежныя ўзнагароды, — разважае Марціновіч. — Мы ведаем цэлы шэраг літаратурных узнагародаў, якія даюць замежным аўтарам. Напрыклад, Нобэлеўская прэмія не заўсёды ідзе да аўтараў той краіны, дзе яна прысуджаецца. Я лічу, што для любога сур’ёзнага твору пападаньне ў замежныя прэміяльныя сьпісы — рэч даволі добрая, бо гэта адзіны шлях зьвярнуць увагу чытачоў глыбокай прозы. Замежныя сьпісы тут ніяк ня горшыя за нацыянальныя, тым больш калі ў краіне такая... так бы мовіць, пакручастая сытуацыя з афіцыйнымі літаратурнымі і культурніцкімі ўзнагародамі, як у Беларусі».

«Возера радасьці» Марціновіча раней трапляла ў лонг-ліст «Рускай прэміі-2016» — расейскай прэміі для расейскамоўных пісьменьнікаў іншых краінаў. У лонг-лісты розных намінацыяў тады трапілі пяць беларускіх аўтараў — акрамя Марціновіча, Вольга Злотнікава з кнігай вершаў «Паства», Міхаіл Лучыцкі з раманам «Месца на рэі» і Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак з аповесьцю «Адкрыты фінал». Апошняя ўзяла трэцяе месца ў намінацыі «Малая проза».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG