Як паведамляе сайт Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі, уганараваны сьвятар — манах ордэну салезіянцаў і паходзіць зь Беларусі.
Крыж быў уручаны ў нядзелю падчас разьвітальнай імшы пробашча маскоўскага катэдральнага сабору Ёсіфа Занеўскага, які пасьля 26-гадовага служэньня пакідае парафію, атрымаўшы новае прызначэньне.
Pro Ecclesia et Pontifice — шостая паводле старшынства ўзнагарода Сьвятога пасаду. Яна ўручаецца духавенству і цывільным людзям, якія ня менш за 25 гадоў свайго жыцьця прысьвяцілі служэньню Каталіцкай царкве і пантыфіку. Узнагарода была заснаваная папам Львом XIII у 1888 годзе і мае форму крыжа.
Ксёндз Ёсіф Занеўскі, ураджэнец Беларусі, быў таемна пасьвечаны ў сьвятара ў Польшчы ў 1978 годзе. Служыў на Гарадзеншчыне, ад 1991 году Тадэвуш Кандрусевіч, арцыбіскуп у Маскве, прызначыў яго настаяцелем маскоўскай парафіі Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Занеўскі дамогся вяртаньня каталікам храма на Малой Грузінскай вуліцы, кіраваў яго аднаўленьнем і атрымаў сымбалічны ключ ад катэдральнага сабора з рук дзяржаўнага сакратара Сьвятога пасаду кардынала Анджэла Садана ў сьнежні 1999 году.
Новы пробашч катэдральнага сабора ксёндз Уладзімер Кабак таксама зьяўляецца манахам ордэна салезіянцаў і таксама родам зь Беларусі. Парафіі ён быў прадстаўлены 24 траўня.