Белы дом пераглядае сэрыю санкцыяў, уведзеных супраць Расеі камандай Барака Абамы, але ў цяперашняй адміністрацыі Дональда Трампа пакуль няма ніводнай пазыцыі, ці падтрымліваць іх. Пра гэта сказаў 25 траўня кіраўнік Эканамічнай рады Белага дома Гэры Кон.
Дарадца Трампа ў эканамічных пытаньнях дадаў, што, калі эўрапейскія лідэры на саміце NAТО ў Брусэлі спыталі прэзыдэнта ЗША, ці плянуе ён працягваць санкцыі ад 2014 году, уведзеныя празь першую незаконную анэксію Расеяй Крыму, то ягоны адказ быў, што ён яшчэ ня вырашыў, што рабіць.
«Я думаю, што прэзыдэнт разглядае гэта. Цяпер у нас няма пазыцыі», — сказаў Кон журналістам у прэзыдэнцкім самалёце па дарозе на Сыцылію, дзе 25 траўня адбудзецца саміт «Групы сямі». У той жа час эканамічны дарадца Трампа адзначыў, што ў прэзыдэнта ЗША ёсьць «шмат варыянтаў», якія ён разглядае ў кантэксьце тэмы санкцыяў.
Падчас выбарчай кампаніі Дональд Трамп ня выключыў адмены санкцыяў супраць Расеі, тады як амбасадар ЗША ў ААН Нікі Гэйлі заявіла, што новая адміністрацыя не адменіць іх, пакуль Масква ня верне Ўкраіне Крым.
Санкцыі былі ўведзеныя асобна Злучанымі Штатамі і Эўрапейскім зьвязам у 2014 годзе і з тых часоў неаднаразова падаўжаліся і пашыраліся.