Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея здыме абмежаваньні на пастаўку прадукцыі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў


Беларусь дамовілася з Расеяй пра зьняцьцё абмежаваньняў на пастаўку мясной і малочнай прадукцыі зь дзевяці беларускіх прадпрыемстваў.

Пра гэта пасьля сустрэчы ў Маскве зь беларускім міністрам сельскай гаспадаркі Леанідам Зайцам паведаміў тэлеканалу «Россия 24» міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандар Ткачоў.

«Мы сёньня адкрылі два прадпрыемствы па перапрацоўцы мяса, якія будуць пастаўляць у асноўным ялавічыну на расейскі рынак, і сем малаказаводаў, якія будуць пастаўляць на рынак сэртыфікаваную малочную прадукцыю», — сказаў Ткачоў.

Паводле Ткачова, перамовы аб адкрыцьці астатніх беларускіх прадпрыемстваў пройдуць праз 7–10 дзён.

«Беларускі бок пакажа яшчэ раз праведзеную працу, у тым ліку і дакумэнтацыю. Вядома, нас цікавяць перш за ўсё рэшткі антыбіётыкаў, якія былі выяўленыя», — сказаў Ткачоў.

Раней Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі ў Расею прадукцыі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Міністар Леанід Заяц сказаў, што «Расея перадузята ставіцца да беларускай малочнай прадукцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG