Рэгістрацыя грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» стала штуршком для далучэньня да яе новых актывістаў, сказаў сёньня Свабодзе адзін зь лідэраў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:
«За няпоўны тыдзень пасьля рэгістрацыі да нас пажадалі далучыцца больш за 30 чалавек. Адны хочуць стаць валянтэрамі, некаторыя кажуць, што зьбіраюцца ісьці з нашай дапамогай на мясцовыя выбары.
Пашырэньне „Гавары праўду“ адбылося падчас кампаніі „дармаедаў“. І мы ўжо не спадзяваліся на новы прырост. Думалі, што наступае лета, актыўнасьць людзей будзе традыцыйна падаць, надыходзіць мёртвы сэзон. І раптам бачым новы ўсплёск цікавасьці да нас, асабліва ў невялічкіх мястэчках. За гэта мы вельмі ўдзячныя. Будзем апэратыўна ствараць там нашы суполкі і пойдзем разам на мясцовыя выбары».
Каардынатар «Гавары праўду» па Гарадзенскай вобласьці Зьміцер Бандарчук кажа:
«Рэгістрацыя — гэта ня толькі правы, але абавязкі і адказнасьць. Для мяне гэта адказнасьць перад тымі, хто за апошнія 7 гадоў пацярпеў за тое, што быў у шэрагах „Гавары праўду“ — і страціў працу, адказнасьць перад тымі, хто паверыў розным ініцыятывам „Гавары праўду“ і паставіў свой подпіс, адказнасьць і перад новымі людзьмі, для якіх рэгістрацыя была прынцыпова важнай для актыўнай працы ў „Гавары праўду“. Спадзяюся, менавіта прыход новых людзей у арганізацыю стане галоўным індыкатарам гэтай рэгістрацыі, што прывядзе да новага этапу разьвіцьця „Гавары праўду“. І гэта асабліва важна напярэдадні самай масавай электаральнай кампаніі — выбараў у мясцовыя саветы».
Мясцовыя выбары ў Беларусі заплянаваныя на люты 2018 году.