Настаяцель храма а. Георгі Рой зазначае: «Цяпер, калі наш горад стаў бязьвізавым (паездкі на пяць дзён у Горадню і на Аўгустоўскі канал), я назіраю, як прыходзяць людзі з замежжа і зьвяртаюць увагу менавіта на гэтыя абразы. Яны пытаюцца пра тых сьвятых, якія на выявах. Сапраўды цікавасьць да іх вялікая».
Унікальныя абразы
Айцец Георгі кажа, што ў Беларусі больш нідзе няма такіх абразоў. У Расеі ёсьць толькі «першаўзор» — агульная ікона, прысьвечаная навамучанікам. Яна знаходзіцца ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве. Ён заўважае: «Але каб асобныя абразы ды са сцэнамі забойства, іхнай пакутніцкай сьмерці, то такога, я думаю, і ў Расеі, і ва Ўкраіне няма. Гэта ўнікальны іконаграфічны рад».
Іконы навамучанікаў у катэдральным Пакроўскім саборы зьявіліся ў 2006 годзе, тады завяршаўся рамонт храма, цэнтральнага нэфа. Іх замовілі напісаць у Елісавецінскім манастыры ў Менску ў іканапісца Антона Дайнекі. Гэта адзін з найлепшых майстроў, зазначае Георгій Рой:
«І было ўжо вырашана, што яны будуць вісець на калёнах у саборы. Ідэя, у першую чаргу, належала нашаму ўладыку, архіяпіскапу Горадзенскаму і Ваўкавыскаму Арцемію. Яе горача падтрымаў былы настаяцель айцец Генадзь Яблонскі. І гэта было іх агульнае рашэньне. Абразы былі замоўленыя. Сама задача напісаньня была вельмі няпростай».
Чаму? У чым была навізна горадзенскіх абразоў? Настаяцель тлумачыць:
«У 2000 годзе былі праслаўленыя ў ліку сьвятых гэтыя навамучанікі, і была зробленая агульная ікона (якая знаходзіцца ў Маскве ў храме Хрыста Збаўцы), на ёй былі так званыя „клеймы“, невялічкія абразы па яе баках. Частка тых, што цяпер у саборы, гэта павялічаныя копіі тых „клеймаў“. Некаторыя майстру давялося распрацоўваць самастойна. Таму што наш уладыка хацеў, каб тут былі выявы і беларускіх навамучанікаў, чыё жыцьцё было зьвязанае зь Беларусьсю, са служэньнем Беларускай праваслаўнай царкве. Гэтыя іканапісныя вобразы неабходна было распрацаваць у пэўным стылі, каб іконы адпавядалі адна адной. Майстар выканаў гэтую задачу дасканала. Гэта, у прыватнасьці, абраз сьвяшчэннамучаніка Серафіма Жыровіцкага, Іаана Пашына, япіскапа Мазырскага і яшчэ некаторых».
Чырвонаармейцы-каты
Калі яны зьявіліся ў саборы, то першай рэакцыяй, як распавядаюць людзі, было зьдзіўленьне. Таму што іконы надта рэалістычныя, апавядае Георгій Рой:
«Мы бачым ня толькі сьвятых, але й людзей, якія іх забівалі. Мы лёгка пазнаем вобразы чырвонаармейцаў, энкавэдыстаў, якія й ажыцьцяўлялі рэпрэсіі супраць вернікаў, сьвятароў і ўвогуле супраць грамадзян краіны. Былі сумневы ў некаторых, ці дапушчальна гэта — выяўляць на абразах катаў? Але калі мы зьвернемся да гісторыі іканапісу, то ўбачым, што такая традыцыя існавала са старажытных часоў, з часоў Бізантыі. Ёсьць цэлы шэраг абразоў, на якіх выяўляліся ня толькі сьвятыя, але і сілы зла, сілы цемры, што спакушалі іх. Ці, калі гэта выпадак мучанікаў, — каты, якія забівалі сьвятых».
Вельмі важнай была пазыцыя кіраўніцтва эпархіі. У пэўным сэнсе выхаваўчая. Людзей прывучылі, што калі гэта салдат з чырвонай зоркай на шапцы, камісар у скуранцы — значыць, пэрсанажы выключана станоўчыя. Перагляду савецкай гісторыі ў Беларусі не адбылося. І калі чэкісты забіваюць сьвятароў і такія выявы вісяць у храме, для многіх людзей гэта своеасаблівы сьветапоглядны шок. Настаяцель катэдральнага сабору працягвае:
«Іконы спачатку маглі здацца незвычайнымі. Магчыма, кагосьці такая іканаграфія зьдзіўляла. Але ў пропаведзях япіскапа і сьвятароў тэма новапакутнікаў падымалася і падымаецца рэгулярна. У нашым богаслужбовым календары ці ня кожны дзень памяць таго ці іншага сьвятара, манаха, верніка, якія загінулі ад рук камуністаў. Навамучанікі, іхнае жыцьцё і сьведчаньне Хрыстовай праўды і чалавечай годнасьці, іхная сьмерць — гэта ўсё тое, што нам варта і трэба асэнсоўваць. Чаму здарылася такая трагедыя ў гісторыі народу? Чаму ўзьнікла такая агрэсіўная багаборніцкая ідэалёгія? Як захаваць сваю веру і сумленьне перад абліччам пакут і сьмерці? Зьяўленьне вобразаў новапакутнікаў у нашым саборы стала нейкім імпульсам для больш глыбокага пошуку адказаў на гэтыя пытаньні. Абразы ўжо больш за дзесяць гадоў знаходзяцца ў храме, і ўжо склалася традыцыя шчырага шанаваньня прыхаджанамі сабору тых сьвятых, чые выявы на абразах. Гэтыя іконы сталі ўжо намоленымі».
І варта яшчэ падкрэсьліць, працягвае ён:
«Подзьвіг навамучанікаў не павінен успрымацца абстрактна. Мы дакладна павінны разумець, чаму гэтая трагедыя здарылася, чаму пралілася кроў гэтых людзей, за абарону якіх перакананьняў яны пайшлі на сьмерць, у канфлікце з якой ідэалёгіяй здарылася гэтая трагедыя. Іхны подзьвіг і іхныя вобразы — гэта напамін усім нам, каб мы, наша сучаснае грамадзтва, не рабіла тых памылак, якія былі зроблены нашымі папярэднікамі, каб мы, памятаючы пра гэтую трагедыю, рабілі правільныя высновы і маглі пазьбягаць той бяды, якая заўсёды можа здарыцца ў любым грамадзтве, і нашае не выключэньне. У гэтым, думаецца, была асноўная ідэя».