Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыпяць ураздроб, па 23 рублі за кілямэтар, — Мазырскі райвыканкам перадае ў арэнду 91 кілямэтар ракі


Рака Прыпяць
Рака Прыпяць

Мазырскі райвыканкам па даручэньні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэту выставіў на таргі 91 кілямэтар ракі Прыпяць і прылеглыя да яе пойменныя азярыны агульнай плошчаю 302,6 гектара.

Амаль стокілямэтровую стужку ракі з вадаёмамі выканкам мае перадаць у арэнду дзеля прамысловай лоўлі рыбы і арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства.

З гэтай нагоды эколягі ўжо выказалі занепакоенасьць: прамысловая лоўля рыбы можа прывесьці да экалягічнай катастрофы. Палешукі накіроўваюць пэтыцыі супраць такога рашэньня мясцовай улады.

У прыватнасьці, жыхары вёскі Балажэвічы Мазырскага раёну на сходзе крытыкавалі намер райвыканкаму аддаць Прыпяць у арэнду дзеля прамысловага рыбалоўства, бо перакананыя, што прамысловыя брыгады «ўсё выграбуць з ракі». Людзей абурае і намер арандатара ўвесьці плату за аматарскую лоўлю рыбы на рацэ ды прылеглых да яе вадаёмах.

Найпершым прэтэндэнтам на арэнду 91-кілямэтровага ўчастка Прыпяці выступае Мазырская раённая арганізацыя Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Інфармацыя пра гэта зьмешчаная на сайце райвыканкаму і ў мясцовай газэце.

Названы й кошт Прыпяці: 1 базавая велічыня (23 рублі) за кілямэтар вадатоку, 2 рублі 30 капеек — за гектар пойменных азярын.

У райвыканкаме тым часам перакананыя, што чыняць цалкам законна — на тое ёсьць указ № 580, падпісаны 8 сьнежня 2005 году.

Раку Прыпяць сталі дзяліць паміж арандатарамі ці ня ў той самы год, як быў падпісаны ўказ. І піянэрам у гэтай справе выступіла належная Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта экспэрымэнтальная лесапаляўнічая гаспадарка «Ляскавічы», якая высокім дашчаным плотам аддзяліла жыхароў вёскі Дарашэвічы Петрыкаўскага раёну ад Прыпяці — каб арганізаваць турыстычны комплекс.

23 кілямэтры Прыпяці і 555 гектараў вадаёмаў перададзеныя ў арэнду таварыству з абмежаванай адказнасьцю «Аграрна-турыстычная паляўніча-рыбалоўная гаспадарка «Тарока». Цяпер гаспадарка прапануе палешукам аднаразовую аматарскую рыбалку за 18 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG