Трэцяга траўня, ва Ўсясьветны дзень свабоды прэсы, у Менску адкрылася дакумэнтальная мультымэдыйная выстава «Сакавік 2017: журналістыка і наступствы».
Тэма выставы — пратэсты, якія адбыліся ў лютым — сакавіку 2017-га. Гэтыя два месяцы сталі сапраўдным выпрабаваньнем на прафэсіяналізм і трываласьць для беларускіх журналістаў.
На адкрыцьцё выставы былі запрошаныя журналісты, якія працавалі падчас падзей, кіраўнікі незалежных СМІ, прадстаўнікі дыпмісій — Вялікай Брытаніі, Польшчы, Сэрбіі, Расеі.
Куратар выставы, вядомы фатограф і арганізатар «Месяца фатаграфіі ў Менску» Андрэй Лянкевіч сказаў, што прынцыпаў адбору твораў на выставу было два. Першы — прафэсіяналізм, другі — інавацыйнасьць.
На адкрыцьці выставы выступілі кіраўніца Прэс-клюбу Юлія Слуцкая, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, галоўны рэдактар «Эўрарадыё» Віктар Малішэўскі, кіраўнікі БелаПАН Алесь Ліпай і Андрэй Аляксандраў, Алёна Андрэева з tut.by, журналістка Свабоды Аляксандра Дынько ды іншыя. Дарэчы, Свабодзе на выставе прысьвечана цэлая «Сьцяна».
Выстава «Сакавік 2017: журналістыка і наступствы» — у першую чаргу выстава салідарнасьці. За выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў з пачатку 2017 году пацярпелі каля 130 журналістаў.