Карбалевіч: Старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Сяргей Гурулёў сказаў, што Беларусь за пяць гадоў павялічыла ў два разы экспарт прадукцыі вайсковага прызначэньня. У мінулым годзе экспарт склаў каля 1 млрд даляраў. Беларусь узаемадзейнічае ў гэтай сфэры з 52 краінамі з усіх кантынэнтаў.
Вайскова-прамысловы комплекс Беларусі — гэта, можа, адзіная галіна эканомікі, дзе адбываецца рост, мадэрнізацыя, хуткае абнаўленьне прадукцыі. І гэта дзіўна і трохі нагадвае СССР, дзе адзіная галіна эканомікі, якая шпарка разьвівалася і ішла ў авангардзе сусьветнага навукова-тэхнічнага прагрэсу, — гэта была абаронка. (Ну, можа, яшчэ касьмічная сфэра.)
Адразу пасьля атрыманьня незалежнасьці Беларусь у асноўным распрадавала савецкую зброю, якая засталася ад Беларускай вайсковай акругі.
Апошнім часам, асабліва пасьля Крыму, улады сталі аддаваць значна большую ўвагу ВПК. Трэба разумець, што туды ідуць значныя фінансавыя рэсурсы. Прычым Лукашэнка шмат разоў скардзіўся, што Расея ня хоча дапамагаць у гэтай сфэры. Таму ўзьнікла каапэрацыя з Украінай і Кітаем. Менавіта КНР дапамагла стварыць ракетны комплекс «Палянэз».
У сфэры экспарту зброі адбылася пэўная эвалюцыя. Адразу пасьля атрыманьня незалежнасьці Беларусь у асноўным распрадавала савецкую зброю, якая засталася ад Беларускай вайсковай акругі. Потым Беларусь прадавала ў асноўным кампанэнты зброі (электронныя сыстэмы, оптыку і інш.), а таксама мадэрнізавала старыя самалёты і танкі. А вось цяпер пачала выпускаць ужо новую зброю, у прыватнасьці ракетныя комплексы, плюс бесьпілётнікі. Вось зьявілася інфармацыя, што на палігоне «Палескі» пасьпяхова прайшлі першыя выпрабаваньні мадэрнізаваных зэнітных ракетных комплексаў «Бук МБ».
Раней шмат было публікацый у замежным друку, што Беларусь прадавала зброю ў «гарачыя кропкі», дзе ішлі баявыя дзеяньні, якія не ўхваляліся сусьветнай супольнасьцю. Пісалі таксама, што, магчыма, Беларусь пеапрадавала расейскую зброю, бо сама РФ з палітычных прычын не хацела «сьвяціцца». Але беларускія афіцыйныя асобы катэгарычна заяўлялі, што Беларусь ніякіх міжнародных законаў і правілаў не парушае.
Яшчэ адна цікавая тэма. У 2000-х гадах улады афіцыйна прызналі, што грошы ад продажу зброі ідуць не ў бюджэт, а ў прэзыдэнцкі фонд. Гэта прызнаў міністар фінансаў, адказваючы на пытаньні дэпутатаў групы «Рэспубліка». Потым гэтую тэму падняў кандыдат у прэзыдэнты Казулін. І Лукашэнка быў вымушаны апраўдвацца, ён казаў, што гэтыя грошы ідуць на абаронныя патрэбы. Як цяпер вырашаецца гэтае пытаньне — незразумела.
Цыганкоў: У беларускім экспарце зброі ідэалёгія ўсё-ткі мае меншае значэньне. У гэтай сфэры пераважае эканамічны прагматызм. Беларусь гатовая прадаваць зброю каму заўгодна, і ўвесь час балянсуе на вельмі тонкай мяжы, каб не парушаць прынятыя міжнароднымі арганізацыямі, ААН і іншымі, абмежаваньні на продаж зброі ў розныя краіны. Тым ня менш, хоць усе гэтыя гады абвінавачаньні ў бок Беларусі гучалі ў заходняй прэсе, але ўсё-ткі ніводнага разу афіцыйны Менск ня быў злоўлены, не было даказана, што Беларусь парушыла нейкія пастановы. Найбольш скандальная гісторыя была з Суданам, але і там зь цягам часу ўсё заглухла. Рэч у тым, што часам сапраўды можна меркаваць, што гэты беларускі продаж зьвязаны і з Расеяй, і ня толькі Беларусь за гэта адказная.
Беларусь у 1990-я і 2000-я гады прадавала зброю, якая засталася яшчэ з савецкай спадчыны. Беларусь распрадавала тыя ўзбраеньні, якія засталіся на яе тэрыторыі пасьля СССР. А сама беларуская прамысловасьць усё-ткі працуе на выраб ня ўласна зброі, а розных тэхнічных прыладаў, якія спадарожнічаюць зброі. Гэта аптычныя прыстасаваньні, прыстасаваньні для перасоўваньня мабільных установак і г. д.
Галоўнае, з чаго трэба зыходзіць, — што гандаль зброяй — гэта вельмі выгадны бізнэс.
Сярод экспэртаў існуе меркаваньне — напрыклад, Аляксандар Алесін ня раз яго выказваў — што якраз вайскова-прамысловая сфэра ў Беларусі — тая рэдкая сфэра, дзе маюць посьпех ня толькі дзяржаўныя прадпрыемствы, але і розныя прыватныя фірмы, якія дзейнічаюць, безумоўна, з пэўнымі абмежаваньнямі, але не зьяўляюцца дзяржаўнымі. Гэта паказвае, што тут рынак зрабіў пэўныя посьпехі, і Беларусь ідзе ў нагу з часам.
Глод: Галоўнае, з чаго трэба зыходзіць, — што гандаль зброяй — гэта вельмі выгадны бізнэс. І ім займаюцца літаральна ўсе, хто можа нешта прадаць. Беларусь тут не выключэньне. Прычым грошы ад зброі настолькі вялікія, што пры гандлі шмат на што закрываюцца вочы. Вось характэрны беларускі прыклад. Беларусь уваходзіць у АДКБ. У гэтую ж арганізацыю ўваходзіць і Армэнія. А Азэрбайджан АДКБ ігнаруе. Здаецца, Менск павінен быў бы прадаваць зброю выключна Ерэвану і ігнараваць Баку. Насамрэч беларусы гандлююць і з Армэніяй, і з Азэрбайджанам. Прычым Азэрбайджан, які фінансава значна мацнейшы за Армэнію, купляе беларускай зброі значна болей. І гэта ўжо ня першы год выклікае крыўду афіцыйнага Ерэвану. Аднак Беларусь не зьвяртае на гэта ўвагі. Спрацоўвае фінансавы прагматызм. Зброя — гэта бізнэс. І тут мае калегі маюць рацыю.
Зброя прадаецца шмат каму. Віталь Цыганкоў згадваў гісторыю з Суданам. Афіцыйна быў пацьверджаны продаж беларускай зброі таксама ў Іран, Кот-д’Івуар, Пэру, Уганду. Вёўся гандаль самалётамі, гелікоптэрамі, бронетранспартэрамі, танкамі ды іншай тэхнікай. Праўда, цяпер, лічаць экспэрты, Беларусь не займаецца нелегальным гандлем зброяй на ўсясьветным рынку. Гэта рэпутацыя зь мінулага часу. Цяпер сытуацыя зьмянілася — Беларусь практычна не прадае ўзораў вайсковай тэхнікі, якія б падпадалі пад міжнародныя абмежаваньні.
Спэцыялізацыя Беларусі на ўсясьветным рынку ўзбраеньняў цяпер заключаецца ў пастаўках аўтаматызаваных сыстэм кіраваньня супрацьпаветранай абаронай
Валер Карбалевіч мае рацыю, калі кажа, што структура беларускага экспарту зьмянілася. Па-першае, запасы цяжкой тэхнікі савецкай вытворчасьці скончыліся, а па-другое, у сьвеце вырас попыт на іншыя тавары і паслугі вайсковага прызначэньня.
Спэцыялізацыя Беларусі на ўсясьветным рынку ўзбраеньняў цяпер заключаецца ў пастаўках аўтаматызаваных сыстэм кіраваньня супрацьпаветранай абаронай, авіяцыяй, сыстэм навядзеньня для танкаў, артылерыі ды іншага. Паводле вайсковага аналітыка Аляксандра Алесіна, апрача гэтага, Беларусь актыўна займаецца мадэрнізацыяй вайсковай тэхнікі, прадае тэхналёгіі падвойнага прызначэньня.
Перавага беларускай вайсковай прадукцыі — даступная цана, што робіць беларускую тэхніку запатрабаванай менавіта ў бяднейшых краінах.
Цыганкоў: Адзін са скандальных прыкладаў — у 2015 годзе быў выпадак, калі даволі вядомы амэрыканскі сайт BuzzFeed апублікаваў расьсьледаваньне, паводле якога ЗША нібыта набылі ў Беларусі супрацьтанкавыя ракеты для сырыйскіх паўстанцаў. Скандал даволі хутка заглух, але абвяржэньняў ніякіх не было. Гэта выглядае дастаткова праўдападобным, што Беларусь можа прадаваць сваю зброю як сырыйскаму ўраду, так і паўстанцам, якія зь ім ваююць.