Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Партыі БНФ супраць Мінʼюсту

абноўлена

19 траўня Вярхоўны Суд не задаволіў скаргу Партыі БНФ на пісьмовае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі, вынесенае 29 сакавіка за заклікі да акцыі на Дзень Волі ў Менску.

Працэс пачаўся 18 траўня.

Падставай для папярэджаньня стаў удзел Партыі БНФ у падрыхтоўцы дэманстрацыі да Дня Волі, а менавіта распаўсюд заяўнікамі інфармацыі пра месца і час заплянаванай акцыі раней, чым на яе быў атрыманы дазвол.

Партыя БНФ лічыць пісьмовае папярэджаньне Мінʼюсту беспадстаўным, бо заяўнікамі сёлетняй акцыі 25 сакавіка былі грамадзяне як фізычныя асобы.

Партыя БНФ разглядае гэтае папярэджаньне як праяву палітычнага ціску на апанэнтаў улады, сказаў яе старшыня Аляксей Янукевіч.

17 траўня Вярхоўны суд разглядаў аналягічную справу і прызнаў цалкам законным папярэджаньне, якое Міністэрства юстыцыі вынесла Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Калі ў прававой дзяржаве суд кантралюе выканаўчыя органы ўлады і пры неабходнасьці адмяняе іх незаконныя дзеяньні, то ў гэтай сыстэме суд цалкам падпарадкаваны

Сябра сойму Партыі БНФ Юрась Чавусаў, які прысутнічаў на працэсе, сказаў карэспандэнту Свабоды, што рашэньне Вярхоўнага суду было прадказальнае:

«Усе аргумэнты Міністэрства юстыцыі прынятыя. Рашэньне суду цалкам заснаванае на публікацыях на інтэрнэт-сайтах. Таксама яшчэ адной падставай для таго, каб прызнаць папярэджаньне сапраўдным, сталася тое, што сябра партыі Віталь Амяльковіч быў асуджаны за распаўсюд інфармацыі пра Дзень Волі „Ўкантакце“.

Тое, што адбылося ў Менску і ў Беларусі 25 сакавіка — гэта цалкам спэцапэрацыя ўладаў. І ў гэтым сэнсе ў межах той сыстэмы, якая створана, і міліцыянты, якія зьбіваюць людзей, і адміністратыўныя суды, якія выносяць зьбітым людзям штрафы і арышты, і Мінʼюст, і, зрэшты, Вярхоўны суд — яны ўсе працуюць па адной праграме ў межах агульнай схемы. Ну, і Менгарвыканкам, які насуперак закону не даваў у вызначаны законам тэрмін ніякага рашэньня па заяўцы. Гэта ўсё сьведчыць, што гэта адна сыстэма. То бок калі ў прававой дзяржаве суд кантралюе выканаўчыя органы ўлады і пры неабходнасьці адмяняе іх незаконныя дзеяньні, то ў гэтай сыстэме суд цалкам падпарадкаваны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG