«Я не магу нічога сказаць наконт таго, як ідзе расьсьледаваньне ў справе „Белага легіёну“, — гэта не кампэтэнцыя Міністэрства замежных спраў, — адказаў Уладзімер Макей на пытаньне Свабоды. — Але мы далі ўсю неабходную інфармацыю нашым эўрапейскім партнэрам наконт гэтага, якая існуе на сёньня. Будзем глядзець далей».
Пра тое, што Эўразьвяз сочыць за справай «Белага легіёну», учора паведаміла Tut.by Андрэа Віктарын, кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.
«Наша супрацоўніцтва — гэта ня толькі фінансавая падтрымка, але і агульныя каштоўнасьці, — сказала Віктарын. — Калі мы гаворым пра вяршэнстве права, я хачу бачыць, як ідуць некаторыя расьсьледаваньні, якімі будуць суды і вынікі».
На пытаньне пра разгон пратэстаў увесну Ўладзімер Макей заявіў пра «адкрыты абмен думкамі».
«Я б не сказаў, што было нейкае задушэньне, — сказаў Макей. — У любой сытуацыі важна мець дыялёг адзін з адным. Шчыры, адкрыты абмен думкамі. Асабліва наконт тых сур’ёзных праблемаў, якія могуць існаваць у стасунках паміж дзяржавамі. І ставіць сабе за мэту вырашыць гэтыя праблемы. Не замоўчваць, а вырашаць. Я ўпэўнены, калі мы будзем дзейнічаць у такім духу, заўжды зможам дасягнуць посьпеху».