Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырскага інваліда зноў аштрафавалі за пратэст супраць «дармаедзкага» дэкрэту


Рыгор Крывіцкі, архіўнае фота
Рыгор Крывіцкі, архіўнае фота

Судзьдзя Мазырскага раённага суду Сяргей Алёхін 18 траўня аштрафаваў грамадзкага актывіста, інваліда Рыгора Крывіцкага на 20 базавых велічынь (460 рублёў) за парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства.

Гэта другое аналягічнае пакараньне 73-гадоваму інваліду за несанкцыянаваны мірны сход супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3.

Каб укласьціся ў двухмесячны тэрмін, 16 траўня супрацоўнікі Мазырскага РАУСу сьпешна падрыхтавалі адміністрацыйны пратакол. Міліцыя абвінаваціла Крывіцкага ў тым, што ён нібыта прыцягваў да арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства непаўналетніх жыхароў Мазыра.

Міліцыянты знайшлі чатырох 16-гадовых гараджанаў. Трое зь іх патлумачылі, што 18 сакавіка, падчас стыхійнага сходу супраць дэкрэту № 3 у Мазыры, Крывіцкі падвозіў іх да бульвару Юнацтва і даў па адной улётцы пра чарговы пікет 26 сакавіка.

У судзе 16-гадовая дзяўчына заявіла, што сваю ўлётку прыклеіла на прыпынку грамадзкага транспарту. Непаўналетнія сьведкі былі яўна напалоханыя, бо перад судом міліцыя праводзіла вобшукі ў іх сем’ях, правярала кампутары.

Крывіцкі патлумачыў, што 18 сакавіка сапраўды падвозіў падлеткаў з плошчы Леніна на ўласным аўтамабілі, пашкадаваўшы іх — ішоў дождж з мокрым сьнегам. Даваў ці не даваў улёткі, ня памятае. Пэнсіянэр хадайнічаў, каб суд наагул спыніў справу, бо двухмесячны тэрмін для пакараньня скончыўся напярэдадні, 17 траўня. Аднак судзьдзя Алёхін адхіліў хадайніцтва і аштрафаваў інваліда.

Прысутны на судзе мазырскі праваабаронца Ўладзімер Целяпун лічыць, што існуе нейкая змова міліцыі, спэцслужбаў і судоў, каб перасьледаваць найбольш актыўных грамадзян, якія хоць неяк выяўляюць незадаволенасьць існуючымі парадкамі.

Уладзімер Целяпун
Уладзімер Целяпун

«Відаць, трэніруюцца перад здушэньнем яшчэ больш масавых акцыяў пратэсту. Змагацца з грамадзкімі актывістамі і пэнсіянэрамі, якія адстойваюць свае правы, значна лягчэй і бясьпечней, чым з сапраўднымі крымінальнікамі. Вось і пераключыліся на палітычны вышук, на перасьлед апанэнтаў рэжыму», — лічыць праваабаронца.

Інвалід Рыгор Крывіцкі замаўляў на 26 сакавіка ў райвыканкаме пікет гараджанаў на плошчы Леніна, каб выказаць стаўленьне да дэкрэту № 3, да пэнсійнага і выбарчага заканадаўства. Улады пікет не дазволілі.

За прысутнасьць і выступ на плошчы 26 сакавіка судзьдзя Алёхін таксама пакараў Крывіцкага штрафам на 20 базавых велічынь.

За ўдзел 18 сакавіка ў мірным сходзе на плошчы Леніна траіх мазырчан пакаралі 10-суткавым арыштам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG