Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьмерць» Сьвятланы Алексіевіч. Хто і навошта стварае фэйкі


«Сьмерць» Сьвятланы Алексіевіч. Хто і навошта стварае фэйкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:03 0:00

«Сьмерць» Сьвятланы Алексіевіч. Хто і навошта стварае фэйкі

Інфармацыя пра сьмерць Алексіевіч зьявілася на фальшывым твітэр-акаўнце міністаркі культуры Францыі. Стварыў акаўнт італьянец Тамаза Дэбэнэдэці, каб, як ён сама кажа, спраўдзіць, ці будуць мэдыі правяраць інфармацыю. Вядучы праграмы «Смотри в Оба» тэлеканалу «Настоящее время» Андрэй Чаркасаў і Франак Вячорка разьбіраліся, хто, чаму і навошта запускае фэйкі.

1. Хто запускае фэйкі?

Фэйкі запускаюць з рознымі мэтамі. Звычайна гэта:
1) палітычныя мэты,
2) асабістая помста,
3) матэрыяльная выгада.

Усё залежыць ад таго, дзе, калі і як запускаецца фальшывая інфармацыя. Звычайна ўсё пачынаецца ў сацсетках, з камэнтароў, невялікага артыкулу, блогу. Потым чалавек, які запусьціў, глядзіць на рэакцыю супольнасьці, што адбываецца з навіной, як яна расьце, як распаўсюджваецца. Калі ёсьць тыя, для каго дызынфармацыя выгадная, тады гэты фэйк расьце, і сягае глябальнага маштабу, выходзіць на інфармацыйныя сайты, стужкі навінных агенцтваў, і заканчваецца гэта прамым эфірам у інфармацыйных праграмах на тэлеканалах.

2. Ці твіт пра сьмерць Алексіевіч мог быць палітычнай правакацыяй?

Няма доказаў, што фэйк стварылі расейцы, але тое, што яго актыўна падхапілі расейскія СМІ — тут мог быць палітычны фактар. Алексіевіч — ня толькі ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі, але і вядомы крытык Пуціна. Мэдыі гоняцца за сэнсацыяй. Многія расейскія журналісты працавалі на апераджэньне. Там усё вырашаюць сэкунды, сярод мэдыяў існуе магутная канкурэнцыя.

Падобная сытуацыя была з Надзеяй Саўчанкай. Калі яна была вызваленая з расейскага палону, літаральна на наступны дзень тэлеканал Расея-24 выдаў у эфір навіну, што Надзея Саўчанка напісала ў сваім твітэры, што «ўсіх расейцаў я забівала і буду забіваць далей». Расея-24 была адзінай крыніцай, якая распаўсюдзіла гэтую інфармацыю. У акаўнту, на які тэлеканал спасылаўся, было 15 падпісантаў і створаны ён пару дзён да гэтага. Можна здагадвацца, каму гэта было выгадна.

3. Ці пакараюць журналіста Тамаза Дэбэнэдэці, які зрабіў фэйк-навіну пра Алексіевіч?

Сама правакацыя не зьяўляецца нагодай яго караць. Хай гэта застанецца на яго сумленьні, калі ён паведамляе пра сьмерць іншых людзей. Журналіст кажа, што ў яго была высакародная мэта праверыць журналістаў на прафэсіяналізм. Дэбэнэдэці некалькі гадоў займаецца стварэньнем фэйкавых акаўнтаў розных палітыкаў, у тым ліку італьянскага прэм’ера, прэзыдэнта Аўганістану, ён паведамляў пра сьмерць Папы Рымскага, Башара Асада, што выклікала скачок цаны на нафту. Ён не хуліган, а прафэсар літаратуры. Ён ведаў, куды запусьціць фэйк, таму ён стварыў фэйкавы акаўнт міністра культуры. Справа ў тым, што яна раней узначальвала выдавецтва, дзе публікаваліся кнігі Алексіевіч. Ён правяраў, як адрэагуюць мэдыі, ці будуць яны правяраць і пераправяраць гэтую інфармацыю.

4. Чаму інфармацыю ніхто не праверыў?

Не хапіла мэдыяпісьменнасьці. На фэйк пра Алексіевіч купіліся ня толькі расейскія СМІ, але і сусьветная прэса. Ня ўсе выконваюць «правіла дзьвюх крыніцаў», што інфармацыя павінна сыходзіць з двух незалежных каналаў. СМІ купіліся на гэтую качку і апублікавалі. Першымі сярод расейскіх СМІ былі тэлеканал "Звезда", РІА Навіны і Інтэрфакс. Ніхто зь іх не спрабаваў спраўдзіць твіт. А вось Радыё Свабода падняла тэлефон і патэлефанавала самой Алексіевіч.

Цяпер праблема мэдыяпісьменнасьці стаіць у многіх краінах, шмат дзе праводзяцца курсы, людзей вучаць вызначаць, што такое фэйк і як зь ім змагацца. Падчас апошняй выбарчай кампаніі ў ЗША фэйкавыя навіны дамінавалі над сапраўднай журналістыкай. Многія хочуць знаходзіцца ў інфармацыйнай бурбалцы, там камфортна, бо людзі чытаюць навіны, якія адпавядаюць іх палітычным, маральным і жыцьцёвым перакананьням. Людзі лёгка вядуцца на фальшыўкі. Гэта паказвае, наколькі палярызаваны сьвет, у якім мы жывем, і наколькі павялічылася хуткасьць спажываньня інфармацыі.

5. Як вызначыць фэйк простаму чалавеку?

У твітэры трэба паглядзець, што гэта за акаўнт і праверыць, фальшывы ён ці сапраўдны. Трэба паглядзець, створаны ён тыдзень ці месяц таму, колькі там падпісантаў, што там публікавалася. Спэцыялісты могуць пайсьці далей і ацаніць па афармленьні, сапраўдны акаўнт ці не. У міністра культуры ці чалавека, які ўзначальваў вядомае выдавецтва, акаўнт існуе даўно. Калі акаўнт створаны 23 гадзіны таму, там ня будзе шмат падпісантаў.

Калі сумнеўная навіна зьявілася на сайце, то трэба гугліць, уводзіць ключавыя словы. Калі няма часу — то ёсьць праграмы. Напрыклад, буйныя выдавецтвы гэтым карыстаюцца. Le Monde запусьціла службу пад назвай дэшыфравальшчыкі, якая правярае любую навіну на фэйк. Уводзіце навіну, а яна вызначае, наколькі інфармацыя праўдзівая.

Фэйкі гэта ня толькі хлусьня. Гэта можа быць і паўпраўда. У чалавека ўсё роўна ўзьнікае скрыўленая карціна сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG