Паводле выраку судзьдзі Аксаны Ратнікавай, актывіст распаўсюдзіў праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце заклік да ўдзелу 1 траўня ў Маршы салідарнасьці, ня маючы дазволу ўлады. У дзень абвешчанай акцыі пратэсту яе арганізатар на плошчу ня трапіў, бо яго затрымалі. Марш салідарнасьці не адбыўся.
«Лукашэнка абвясьціў народу вайну, таму і адбылося маё затрыманьне», — сказаў Раман Мішчанка, як выйшаў з ізалятара для часова затрыманых.
Пра тое, што яму давялося 15 сутак правесьці ў няволі, хлопец не шкадуе. «Я за народ сядзеў», — кажа ён.
У ізалятары, казаў Раман, было холадна і даймалі клапы. Бавіў час чытаньнем. Пісаў вершы. За пятнаццаць сутак атрымаў нямала лістоў ад паплечнікаў і невядомых яму людзей. «У лістах былі словы падтрымкі», — кажа актывіст.
Трое сутак Раман сядзеў у камэры адзін. Потым да яго «падсялілі» сядзельца, які чакаў дэпартацыі зь Беларусі. Стаўленьне супрацоўнікаў было паважлівае, кажа актывіст АГП.
На волі Рамана сустрэлі ягоная маці Валянціна і журналісты.
За ўтрыманьне ў ізалятары хлопцу выпісалі рахунак на 172 рублі.
У судзе Раман Мішчанка сваёй віны не прызнаў. Заявіў, што права на правядзеньне мірных сходаў, мітынгаў ды шэсьцяў гарантуецца Канстытуцыяй. Вырак судзьдзі Ратнікавай для яго быў чаканы.