Рэакцыя на выступ каманды й на працяг супрацы з канадзкім трэнэрам Дэйвам Льюісам прагучала даволі нэгатыўная.
Напярэдадні чэмпіянату Льюіс заявіў, што гэтая каманда едзе па мэдалі. Відавочна, што заява была, прынамсі, рызыкоўная, каманда не стварала вобразу калектыву, што едзе перамагаць. Склад быў не ідэальны, адчуваліся ўнутрыкамандныя праблемы, на Льюіса ціснула параза ў леташнім адборы на Алімпійскія гульні.
Але рэч ня ў гэтым. Відавочна, што трэнэр і сам ведаў, што заявы пра мэдалі застануцца адно заявамі. Тады навошта гэтая заява прагучала?
Дапушчэньне, што гэта неяк магло матываваць каманду, не вытрымліваюць крытыкі. Так можна натхняць юніёраў, але не дасьведчаных хакеістаў, у якіх за плячыма дзесяць і болей гадоў прафэсійнай кар'еры.
Мне здаецца, што ўся нашая хакейная гаспадарка існуе як бы ў нейкай паралельнай рэальнасьці, напаўказачнай атмасфэры, трапляючы ў якую, нават дасьведчаныя энхаэлаўскія трэнэры падпадаюць пад яе ўзьдзеяньне і вымушаныя зьвяраць сваю дзейнасьць зь яе законамі, дзе апатэозам ёсьць Калядны хакейны турнір з удзелам каманды прэзыдэнта.
Як толькі гэты пацешны турнір не называюць, і турнірам хакейных зорак, і чэмпіянатам сьвету сярод аматараў, і самым чароўным спаборніцтвам у сьвеце. Наконт апошняга цяжка не пагадзіцца, бо тое, як праходзіць гэты турнір, дзе адзін зь фіналістаў вядомы ад пачатку, можна патлумачыць толькі чарадзействам.
Памятаю, як разьяжджаліся ў бакі абаронцы й выцягваўся ў струнку (каб адкрыць як мага болей брамнае прасторы) брамнік нейкай каманды фіналісткі, калі шайба трапляла да гульца пад нумарам 1, які раз за разам безвынікова стараўся патрапіць у тую браму, пакуль такі не патрапіў.
Як, нарэшце, радасна й пераможна ўскінуў ён рукі ўгору.
Што гэтая пацешная каманда, што кахаэлаўскае «Дынама», што нацыянальная зборная, што ўвесь беларускі хакей зьяўляюцца цацкамі ў руках чалавека, які ў гэтыя цацкі не дагуляўся ў дзяцінстве. Таму не сумнявайцеся, галоўная цацка, галоўная каманда менавіта гэтая, пацешная. Яна ўсіх перамагае, яе капітан падымае над галавой кубак перамогі, на яе сьвецяць пражэктары, сыплецца канфэці і ашалела гарланяць па БТ пад час Калядных сьвятаў.
Астатнія каманды-цацкі мусяць быць такімі ж, хоць існуюць у сьвеце рэальнага хакея. Перад імі ставяцца задачы амаль такія, як перад камандай казачнай, і яны папросту прымушаныя існаваць ў прапанаванай парадыгме з усімі адпаведнымі наступствамі. Як то заявы пра мэдалі на сапраўдных, але не пацешных чэмпіянатах сьвету, абяцаньні дайсьці мінімум да чвэрцьфіналу КХЛ ці ўвайсьці ў плэй оф Лігі чэмпіёнаў.
Але каб казка сталася быльлю, трэба сыстэмная праца на працягу доўгага часу, але не хістаньне з боку ў бок, ад расейскай да канадзкай сыстэмы й наадварот, звальненьне трэнэраў і абвінавачаньне асобных хакеістаў пры аб’ектыўных няўдачах і паразах.
Самае прыкрае, што ахвярай можа стаць не адно канадзкі трэнэр зборнай, але й старшыня фэдэрацыі хакея Ігар Рачкоўскі, які даволі пасьпяхова вырульвае паміж рэальнасьцямі пацешнага й сапраўднага хакея.
Пасьля працяглага пэрыяду абсалютнага забыцьця на дзіцячы хакей, што пацягнула за сабой разрыў пакаленьняў і крызіс беларускага хакея ўвогуле, праблему дзіцячага й юнацкага хакея ўдалося выправіць.
Усе тры зборныя: юнацкая, моладзевая і нацыянальная, нарэшце, гуляюць у элітных групах, сярод наймацнейшых каманд сьвету.
Паціху наладжваецца сыстэма хакейнае гаспадаркі й адукацыі. Зноў загаварылі аб важнасьці канкурэнтаздольнага нацыянальнага чэмпіянату, безь якога цяжка спадзявацца на канкурэнтаздольную зборную. Толькі намецілася вяртаньне беларускага хакея ў рэальны сьвет.
Хакей казачны, вядома, куды больш да спадобы. Каштуе ён ня надта дорага для краіны, але існаваньне ў ягоным фарватары для рэальнага хакея каштуе значна даражэй, бо ў рэальным хакеі, як у любой рэальнай справе, мэдалі атрымліваюць уласна за якасны хакей, за сур'ёзную працу, але не за расказаныя казкі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.