Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першым квартале даходы насельніцтва Беларусі зьнізіліся на 2,2%


Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2017 году зьнізіліся на 2,2% да узроўню першых трох месяцаў 2016 году, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Пад рэальнымі грашовымі даходамі разумеюць даходы з вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэктаваныя з улікам індэксу спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 60,9%, даходы ад прадпрымальніцкай ды іншай дзейнасьці, якая прыносіць даход, — 8,3%, трансфэрты насельніцтву (пэнсіі, дапамогі, стыпэндыі і інш.) — 25%, даходы ад уласнасьці ды іншыя даходы — 5,8%.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі працягваюць таньнець ужо больш за два гады. Пры гэтым з пачатку 2017 году тэмп іх падзеньня запаволіўся. Так, калі ў цэлым за 2016 год прыбыткі насельніцтва зьнізіліся на 7,3%, то ў студзені 2017-га — на 4,5%, студзені-лютым — на 3,2%.

Праграмай сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2016-2020 гады заплянаваны рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва ў 2020 годзе ў дачыненьні да 2015-га на 9,5-11,6%.

Аляксандар Лукашэнка працягвае патрабаваць ад ураду давесьці сярэдні заробак у Беларусі да 1000 рублёў да канца году. Пры гэтым, паводле апошніх зьвестак афіцыйнай статыстыкі, у сакавіку 2017 году сярэдняя налічаная зарплата работнікаў склала 770,6 рубля.

Эканамісты адзначаюць, што зьніжэньне даходаў насельніцтва ў Беларусі абумоўлена скарачэньнем інвэстыцый, падзеньнем канкурэнтаздольнасьці эканомікі і прадукцыйнасьці працы, адтокам прадпрымальнікаў і іхных матэрыяльных актываў, а таксама стратамі беларускіх вытворцаў на замежных рынках.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Трэба прызнаць, што ўзровень даходаў, заяўлены ўладамі, носіць хутчэй палітычны і ідэалягічны характар, але ніяк ня быў абумоўлены выразным эканамічным падмуркам. Цяпер ідзе адаптацыя таго, што мы можам зарабляць, да таго, што мы зарабляем на самой справе», — лічыць кіраўнік Навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук. На ягоную думку, неаднаразовыя патрабаваньні Лукашэнкі давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў у эквіваленце «ёсьць усяго толькі мантра, якая ніякага тэарэтычнага і практычнага разьліку ня мае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG