Менскі абласны аддзел Сьледчага камітэту прыняў рашэньне аб спыненьні крымінальнай справы па факце неналежнага выкананьня мэдычным работнікам прафэсійных абавязкаў, якія маглі пацягнуць сьмерць па неасьцярожнасьці ў жодзінскай турме № 8 жыхара Менску Алега Багданава.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», апавяшчэньне атрымала ягоная маці Марына Георгіеўна:
«Крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 162 Крымінальнага кодэксу Беларусі (неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдработнікам, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента) спыненая ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства».
Алег Багданаў да свайго зьняволеньня стаяў на ўліку ў кардыялягічным цэнтры, дзе рэгулярна праходзіў абсьледаваньні. У 2014 годзе яму была зробленая тэрміновая апэрацыя на сэрцы, мужчына атрымаў 3-ю групу інваліднасьці.
29 студзеня 2016 году, знаходзячыся ў турэмным шпіталі, Багданаў памёр ад вострай сардэчнай недастатковасьці.
Марына Багданава неаднаразова зьвярталася ў Жодзінскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту з заявай аб завядзеньні крымінальнай справы па факце неналежнага выкананьня прафэсійных абавязкаў мэдработнікамі турмы. Тройчы сьледчымі прымалася рашэньне аб адмове ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства.
Летась 5 кастрычніка падчас асабістага прыёму ў старшыні Сьледчага камітэту Беларусі скарга маці на дзеяньні супрацоўнікаў Жодзінскага гарадзкога аддзелу і Менскага абласнога аддзелу Сьледчага камітэту была прынятая да разгляду, заведзеная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 162 КК.
Пастанову аб спыненьні справы маці Алега Багданава хоча неўзабаве абскардзіць.