Кампанія SpaceX пасьпяхова вывела на арбіту новы тэлекамунікацыйны спадарожнік. Ён будзе забясьпечваць высакахуткасны доступ у Інтэрнэт для самалётаў і марскіх суднаў. Гэта дазволіць іх пасажырам выкарыстоўваць сетку Wi-Fi.
Запуск вырабілі з мысу Канавэрал у ЗША. Апарат вагой амаль сем тон даставіла ракета-носьбіт Falcon 9. У амэрыканскай прэсе памер спадарожніка параўноўваюць з аўтобусам. Гэта самы вялікі груз, які калі-небудзь выводзіла на арбіту Falcon 9.
Прыватная касьмічная кампанія SpaceX выкарыстоўвае шматразовыя ракеты, што робіць больш танным запуск касьмічных апаратаў. Два тыдні таму кампанія вывела на арбіту спадарожнік выведкі ЗША.