На рукавах альбы Тадэвуша Кандрусевіча — доўгай белай кашулі, абавязковай для сьвятарскага адзеньня падчас службы — зьявіўся беларускі арнамэнт чырвонага колеру.
Упершыню гэта адбылося 13 траўня ў Вілейцы — падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя аб’яўленьняў Маці Божай у Фаціме. З нагоды юбілею ў Беларусі адбываецца перагрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай — копіі фігуры, зьмешчанай на месцы аб’яўленьняў у Фаціме. Перагрынацыя (пачарговае ўрачыстае наведваньне парафій) адбываецца ў Беларусі ўжо сем месяцаў. У дзень 100-годзьдзя аб’яўленьня ў Фаціме — 13 траўня — фігура Маці Божай прыбыла ў касьцёл Вялейкі з Маладэчна.
«Выкарыстаньне традыцыйнай вышыўкі ў літургічнай вопратцы сьвятароў пачалося ў той жа час, калі гэты трэнд (цікавасьць да самабытнага і нацыянальнага) зьявіўся і ў грамадзтве. Сьвятары пачалі зьвяртацца да майстроў, якія шыюць літургічнае адзеньне, з адпаведнымі замовамі. Найчасьцей гэта майстэрня пры парафіі айцоў-капуцынаў у Маладэчне.
Але за гэтым стаіць не даніна модзе, але агульная скіраванасьць касьцёла выкарыстоўваць у кожнай культуры тое, што магчыма злучыць з хрысьціянскім веравучэньнем. Калі касьцёл дзейнічае ў пэўным тэрытарыяльным, нацыянальным і культурным асяродку, то ён стараецца перадаць Хрысьціянскую Навіну праз выкарыстаньне нацыянальных асаблівасьцяў і культурных набыткаў гэтага народу, калі яны не пярэчаць хрысьціянскаму духу.
Вышыўка, хоць некаторыя і схільныя бачыць у ёй праявы паганства, альбо язычніцтва, — гэта нацыянальна-культурны сымбаль. Сымбалі таксама зьмяняюць свой зьмест і значэньне. У гэтым сымбалі можна пабачыць і элемэнты хрысьціянства. Гэта мы называем інкультурацыяй: калі Эвангельская Вестка перадаецца ў пэўным культурным асяродку», — распавёў Свабодзе кіраўнік інфармацыйнай службы пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў, ксёндз Кірыл Бардонаў.
Як паведамілі ў мітрапаліцкай курыі, тое, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выкарыстоўвае як літургічнае адзеньне вышыванку, сьведчыць пра ягоную прыхільнасьць да нацыянальнай і культурнай традыцыі беларускага народу.