Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.
Дракахруст: Міжнародныя спаборніцтвы — хоць у спорце, хоць у сьпевах, хоць у чым іншым — бяскроўная вайна, арэна сапраўдных, прычым масавых нацыянальных жарсьцяў. Апошняя Эўравізія — яскравае таму пацьверджаньне.
Палітоляг Аляксандар Аўтушка ў ФБ дасьціпна адзначыў відавочную супярэчнасьць. Увесь час, гадамі гаварылася, што Эўравізія — конкурс палітызаваны, суседзі галасуюць за суседзяў, якім сымпатызуюць. Гэта з аднаго боку. А з другога — былі спадзевы, што сёлета Naviband пераможа, чаму мы будзем надзвычай рады. Дык а чаму менавіта былі б рады? Таму, што чыньнік палітызаванасьці схіліцца на беларускі бок, што суседзі пакажуць, як яны нас паважаюць і любяць? А мастацтва тут тады пры чым?
Многія сапраўды выказвалі шчырую крыўду на літоўцаў і палякаў.
Ну, можа і не пры чым. Калі спадзевы не апраўдаліся, па выніках галасаваньня многія сапраўды выказвалі шчырую крыўду на літоўцаў і палякаў — што ж не ўшанавалі? Ну а калі раптам ім проста ня надта спадабалася. Як так не спадабалася? Нам жа спадабалася. Ну і наагул мы ж 500 гадоў жылі разам ў адной дзяржаве. Дзе іх гістарычная салідарнасьць, дзе памяць пра Вялікае княства?
І нават глыбокі геапалітычны грунт падводзіўся пад такое «зьняважлівае» галасаваньне, як гэта зрабіў калега Севярын Квяткоўскі — паводле яго, напэўна, справа ў айчыннай дыктатуры і яе сувязях з Масквой. Арыгінальная вэрсія, але для латышоў, якія някепска падтрымалі беларускі дуэт, чаму гэта ніякай ролі не адыграла? Украінцы маюць нават больш падставаў пераймацца сувязямі Беларусі з Расеяй, чым літоўцы, ваюе Расея ўсё ж не зь Літвой. Але ж за беларусаў гаспадары сёлетняга конкурсу прагаласавалі даволі дружна.
Жарсьць не разважае. Вось крыўдна і ўсё. І нашы былі лепшыя.
Гарачае абмеркаваньне конкурсу і шанцаў Naviband паказала, наколькі Беларусь разнастайная.
Гарачае абмеркаваньне конкурсу і шанцаў Naviband паказала, наколькі Беларусь разнастайная. Для адных крытычна важным было тое, што дуэт сьпяваў па-беларуску. На гэтым будавалася прыгожая ідэалягічная канструкцыя, маўляў, посьпех дуэту на першым этапе конкурсу тлумачыўся менавіта гэтым, Эўропа адчула беларускую душу ў яе аўтэнтычнай моўнай форме і ацаніла.
Ну калі казаць пра вынік, пра 17-е месца, дык беларускамоўную кампазыцыю Naviband Эўропа канчаткова ацаніла прыкладна гэтак жа, як англамоўныя сьпевы Тэа ў 2014-м (16 месца) і Ланской у 2013-м (16 месца). У параўнаньні зь Дзьмітрыем Калдуном (2007, 6 месца), дык сьціпла неяк, хаця і той вынік дзесяцігадовай даўніны не назавеш трыюмфам.
Для некага ў Беларусі сапраўды мела значэньне, што Naviband сьпявалі менавіта па-беларуску, можа і ў Эўропе для некага гэта быў такі арыгінальны, экзатычны колер, перамог жа ўрэшце выканаўца з песьняй на партугальскай мове.
Але для іншых у Беларусі мела значэньне адно тое, што нашы, свае. Падазраю, што для большасьці. Як і Ланская зь яе стразікамі была сваёй, як і Ivan зь яго ваўкамі. Ня больш, але і ня менш.
Некалі Віталь Цыганкоў напісаў блог «Чаму я абавязаны ганарыцца Азаранкай?». Вельмі, дарэчы, быў папулярны блог у нас на сайце. І ў Фэйсбуку — вельмі. А ў Беларусі ў цэлым? Ня ведаю. Але здаецца, што ня так ужо і шмат людзей пераканалі бліскучыя аргумэнты Віталя.
Жарсьць не разважае.
Жарсьць не разважае. Нацыянальная ў тым ліку. Чаму абавязаны ганарыцца? Ну напрыклад таму, што надта многія беларусы ганарацца. А яны чаму? А банальна таму, што яна беларуска. Як і яны. Як і стаўленьне да Naviband многіх і многіх тлумачыцца роўна гэтым. А няма адчуваньня гонару — дык і ня трэба.
Але адносны посьпех Naviband (выхад у фінал) — у любым выпадку станоўчы сыгнал. Ну так, не перамаглі ў рэшце рэшт. Але, як высьвятляецца, неабавязковые для гэтага адноснага посьпеху ані расейскія прадусары, ані дарагі і ня надта густоўны антураж, ані нават сучасная лаціна — ангельская. Без усяго гэтага атрымліваецца прынамсі ня горш. Прынамсі, стала ясна, што нацыянальнае, хай сабе і як экзотыка — тавар, які купляецца.
Карбалевіч: Шмат было цьвержданьняў, што Эўравізія — гэта конкурс для хатніх гаспадыняў, што яго мастацкі ўзровень — невысокі. Тым ня менш кожны год — нежартоўныя жарсьці. Калі мы маем справу з масавай культурай, то мастацкі ўзровень тут не зьяўляецца галоўным. Часта перамагае найбольш эпатажны выканаўца.
Беларусы пры галасаваньні падтрымалі зусім не суседзяў, а Баўгарыю, Малдову, Партугалію.
Дарэчы, з нагоды тэзісу, што эўрапейцы звычайна галасуюць за суседзяў, беларусы пры галасаваньні падтрымалі зусім не суседзяў, а Баўгарыю, Малдову, Партугалію. Але няўдзел у конкурсе Расеі не дазваляе выводзіць нейкія заканамернасьці пра палітызаванасьць галасаваньня беларусаў
Сёлетні беларускі удзел быў найбольш палітызаваны. Гэтаму спрычынілася беларускамоўная песьня, што выклікала асаблівую ўвагу незалежнага грамадзтва. У аэрапорт для сустрэчы беларускіх артыстаў прыехаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Беларускія ўдзельнікі заявілі, што выніковае 17-е месца іх не засмуціла, і што яны атрымалі ад конкурсу і ад свайго выступу ў фінале задавальненьне. Цікава, каб так заявілі беларускія хакеісты, як бы да гэтага паставіліся заўзятары і асабліва — галоўны заўзятар.
Цыганкоў: У мяне асабіста гэтыя геапалітычныя разборкі вакол Эўравізіі кожны год выклікаюць іронію, хоць зь іншага боку яны шмат пра што кажуць у стане грамадзтва. Як бы ні казалі, што гэта пераважна песенны конкурс, усё-такі шырокая публіка ўспрымае яго менавіта з пункту гледжаньня нацыянальнага, палітычнага, і вельмі пільна ўглядаецца, хто і як галасаваў, чаму, і потым выстаўляе свае рахункі іншым краінам, блізкім і далёкім суседзям, шукаючы менавіта палітычныя аспэкты ў галасаваньні.
Калі б была відавочная перавага, як у партугальскага пераможцы сёлетняй Эўравізіі, дык за яго галасавалі не толькі суседзі, і ня толькі дэмакратычныя краіны, але і самыя розныя. Ён перамог і палітычныя аспэкты адышлі на задні плян, паколькі перамагла па тых ці іншых прычынах сама песьня. А не таму, што ён прадстаўнік Партугаліі.
Галасаваньне украінцаў за Беларусь было відавочна палітычным.
Галасаваньне украінцаў за Беларусь было відавочна палітычным. Толькі Украіна і Азэрбайджан, дзьве краіны, паставілі Беларусі максымальныя 12 балаў. І нельга сказаць, што беларускі дуэт, пры ўсёй павазе, заслужыў быць на першым месцы, паколькі іншыя краіны за яго не галасавалі, а гэтыя — галасавалі зь нейкіх сваіх прычынаў, не толькі мастацкіх.
Але я трошкі паспрачаюся з Юрыем наконт таго, што беларусы аднолькава заўзеюць за ўсіх сваіх — і за Naviband, і за Ланскую, і Ivan’a. Усё ж такі скажу, што адрозьненьні ёсьць. Тая ж Ланская ўспрымалася як пратэжэ ад улады, Ivan — як стаўленік канкрэтнага расейскага прадусара. Мы кажам пра тую частку беларускага грамадзтва, палітычна-актыўную, фэйсбучную, у яе не было да іх з-за гэтых прычынаў сымпатыі.
Ланская выклікала нэгатыўныя пачуцьці во многіх.
Але я рызыкну сказаць, і для большасьці беларускага насельніцтва няма такога, што раз беларусы, то мы заўсёды за іх. Ланская выклікала нэгатыўныя пачуцьці во многіх. Тое самае пра спартовае заўзеньне. Не ўсе беларусы-патрыёты аднолькава заўзеюць за розныя беларускія спартовыя каманды. Апошнім часам хакейная беларуская каманда выклікае вельмі супярэчлівыя пачуцьці ў беларускіх фанатаў з-за таго, што многія ведаюць, што гэта любімы спорт кіраўніка дзяржавы, многія ведаюць, што менавіта на хакей паводле розных дадзеных ідзе ад 60 да 80% усіх выдаткаў бюджэту на спорт.
Гандбол, напрыклад, нэгатыву не выклікае, бо там людзі разумеюць, што няма грошай, але хлопцы змагаюцца. А пра хакеістаў ідзе такая пагалоска, што яны зарабляюць шмат, а не выкладаюцца. Так што такія акалічнасьці ўсё-такі ўплываюць на выяўленьне патрыятызму, якое мы назіралі падчас Эўравізіі.