Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку спатрэбіліся новыя ахвяры», — Арцемі Троіцкі пра справу «Белага легіёну»


Арцемі Троіцкі
Арцемі Троіцкі

Расейскі музычны крытык Арцемі Троіцкі, які ў 2014 годзе ад «атмасфэры гістэрыі і агрэсіўнасьці» эміграваў з Расеі ў Эстонію, у аўтарскай праграме «Рознакаляровыя навіны» на ARU.TV выказаўся наконт справы «Белага легіёну» ў Беларусі.

Праект ARU.TV узначальвае беларускі інтэрнэт-прадусар Павал Марозаў, які атрымаў палітычны прытулак у Эстоніі пасьля спробаў уладаў Беларусі прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці па скандальнай справе «Мультклюбу».

Офіс ARU TV — у Таліне.

Троіцкі прапанаваў гледачам уласную інтэрпрэтацыю справы беларускіх патрыётаў, якую распачалі ўлады напярэдадні Дня Волі-2017:

«У Беларусі ўшыркі і ўглыб разгортваецца справа супраць арганізацыі пад назвай „Белы легіён“. Гісторыя настолькі шытая белымі ніткамі і настолькі абсурдная, што цалкам можа супернічаць зь вядомай расейскай справай аб лоўлі пакемонаў у храмах. „Белы легіён“ — суполка вайскова-патрыятычнага кірунку, якая ладзіла трэніроўкі, спартыўныя гульні дзеля падрыхтоўкі моладзі да службы ў войску. Гэта як у свой час савецкая гульня „Зарніца“. Актыўна дзейнічала арганізацыя ў 1990-х. У 2000-м, калі яе добра „пашарсьцілі“, бо, апроч вайсковай падрыхтоўкі, там яшчэ быў зроблены акцэнт на беларускую мову і нацыянальныя традыцыі, арганізацыя самаліквідавалася. То бок 17 гадоў не было ніякага „легіёну“. Але Лукашэнку спатрэбіліся новыя ахвяры, новыя паказальныя кампаніі».

Навошта ўлады дасталі зь нябыту арганізацыю, сябры якой больш за паўтара дзясятка гадоў ніяк пра сябе не нагадвалі? Арцемі Троіцкі кажа, што нядаўна быў у Беларусі, меў багата зносінаў зь мясцовымі жыхарамі і заўважыў сур’ёзныя зрухі ў настроях людзей:

«Лукашэнка да нейкага часу меў падтрымку сярод так званага «простага народу». Праваабаронцы, дысыдэнты, апазыцыя, натуральна, існавалі; інтэлігенцыя, само сабой, таксама была не ў захапленьні ад прэзыдэнта. Тым ня меней бальшыня беларусаў адносіліся да «бацькі» па-добраму, існаваў нейкі сацыяльна-палітычны кантракт паміж народам і ўладай, які скарочана называўся «чарка і скварка». То бок — мы вам даём пад’есьці і ўволю выпіць, а вы, хлопцы, стойце ў стойле і ня рыпайцеся.

Цяпер гэты кантракт скасаваны: эканамічная сытуацыя ў краіне цяжкая, цэны вырасьлі, у тым ліку пасьля дэнамінацыі рубля, і стаўленьне да Лукашэнкі моцна зьмянілася. Цяпер тыя самыя людзі, якія яшчэ 3–5 гадоў таму казалі, што Лукашэнка — вельмі нават нядрэнны варыянт і што яны нармальна сябе адчуваюць, ганілі яго як маглі. Сацыяльную падтрымку Лукашэнка рэальна страціў. Цяпер ягоная галоўная падтрымка, як і ўва ўсіх тыповых дыктатурах, — сілавікі, тая база, на якую ён абапіраецца. Ніякіх мільёнаў працоўных і пэнсіянэраў, якія раней яго абагаўлялі. А паколькі сытуацыя зьмянілася, запатрабаваліся новыя трукі. Вось і ўспомнілі пра «Белы легіён».

На перакананьне Арцемія Троіцкага, наўрад ці справа «Белага легіёну» дадасьць папулярнасьці Лукашэнку, але напэўна спадабаецца ўладам Расеі, якія да шаленства захапляюцца рознымі кансьпіралягічнымі гісторыямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG