Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова раскруціла Naviband нашмат лепш, чым сотні тысяч даляраў Ланскую»


Як выяўляецца беларускі патрыятызм у заўзеньні за беларускі гурт на Эўравізіі? Абмяркоўваюць: Валер Каліноўскі, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: 11 траўня адбыўся паўфінал сьпеўнага конкурсу «Эўравізія-2017», які праходзіць у Кіеве. Беларускі гурт Naviband выйшаў у фінал гэтага конкурсу. Гэта даволі вялікі посьпех, бо дагэтуль у фінал Беларусь выходзіла толькі 4 разы з 13 спробаў. Гэта Дзьмітры Калдун, гурт 3+2, Алена Ланская і Тэа. Самае высокае, 6-е месца ў фінале, заняў Дзьмітры Калдун у 2007 годзе.

Да сёлетняга конкурсу ўсе песьні прадстаўнікоў Беларусі былі на ангельскай мове. Naviband упершыню засьпявалі па-беларуску — і, як бачым, перамаглі, бо для Беларусі выхад у фінал можна назваць умоўнай перамогай.

Беларуская мова становіцца тым галоўным станоўчым аспэктам, які схіляе многіх людзей заўзець за Naviband.

Трансьляцыя БТ з Кіева таксама вялася на беларускай мове. Нават хэштэг, які прапануе БТ — #моваедзе. Такі аспэкт шмат у чым паўплываў на ўспрыняцьце гэтага сьпеўнага конкурсу. Гадамі, калі беларусы глядзяць Эўравізію, у сацсетках зьяўляецца багата запісаў пра тое, што гэта конкурс для хатніх гаспадынь і калгасьнікаў, песьні нецікавыя, усё гэта ня варта ўвагі. Асабліва шмат бывае такіх допісаў, калі высокія месцы там займаюць расейскія прадстаўнікі.

Але ўсё ня так у гэтым годзе. Крытычных галасоў пра Эўравізію амаль не чуваць ні ў Фэйсбуку, ні ў беларускай незалежнай прэсе. Усе захапляюцца беларускімі ўдзельнікамі. Ня думаю, што песьня такая ўжо фэерычная. Для мяне яна выглядае досыць звычайнай і ня надта гітовай. Выканаўцы яны досыць прафэсійныя, але не супэрзоркі. Так што менавіта беларуская мова становіцца тым галоўным станоўчым аспэктам, які схіляе многіх людзей заўзець за Naviband. І гэта паказвае, які сапраўдны патэнцыял беларускай мовы, для якой вялікай часткі грамадзтва яна неабыякавая. У іншыя гады ніякі беларускі ўдзельнік не выклікаў настолькі станоўчых эмоцый, прынамсі ў той часткі грамадзтва, якая прадстаўленая ў сацсетках і незалежнай прэсе. Можна сказаць, што сёньняшняя Эўравізія праходзіць пад знакам беларускай мовы і паказала, наколькі гэта важна для многіх беларусаў.

Каліноўскі: Пра сёлетнюю Эўравізію магу сказаць, што гэта сапраўды прыгожы конкурс, у прыгожым горадзе — Кіеве, дзе ўпершыню прагучала сярод выканаўцаў беларуская мова. Асаблівасьць сёлетняга конкурсу яшчэ і ў тым, што ён праходзіць без удзелу Расеі.

Для беларусаў важная свая мова і свой нацыянальны стыль. Гэта добры мэсыдж ад грамадзтва ўсім, хто прымае рашэньні.

Ад Беларусі выступае яркі гурт, хоць і зь песьняй, якую не назавеш шлягерам, і са сьціплымі вакальнымі дадзенымі выканаўцаў. Але гэты гурт аказаўся нашмат больш запатрабаваны сярод беларусаў, чым яскравы вакаліст Петар Ялфімаў, эпатажная Анжаліка або Ланская зь яе гітовай песьняй і сотнямі тысяч даляраў, якія былі патрачаныя на раскрутку.

Мова раскруціла Naviband нашмат лепш. Аказалася, што для беларусаў важная свая мова і свой нацыянальны стыль. Гэта добры мэсыдж ад грамадзтва ўсім, хто прымае рашэньні. Найперш — уладам, па-другое — вытворцам, якія адмаўляюцца выкарыстоўваць беларускую мову ў афармленьні прадукцыі. Хай задумаюцца дырэктары, маркетолягі і іншыя. Шлях да сэрца беларуса — гэта яго мова. У гэтым найперш роля гурту Naviband, бяз розьніцы, якое месца зойме песьня на фэстывалі.

Карбалевіч: У незалежных мэдыях выказваецца зьдзіўленьне, чаму беларускія ўлады так шмат увагі аддаюць Эўравізіі, удзелу беларусках прадстаўнікоў. Маўляў, навошта гэтае пытаньне пастаўлена на дзяржаўным узроўні?

Аб’ектыўна гэта ўмацоўвае беларускі патрыятызм.

Але, думаю, невыпадкова дзяржаўныя мэдыі аддаюць вялікую ўвагу любым, нават нязначным посьпехам беларусаў на міжнароднай арэне ў спорце, культуры ці нейкіх іншых сфэрах. Нават калі беларускія школьнікі перамаглі на нейкім міжнародным конкурсе, гэта падаецца як вялікае дасягненьне краіны. Зразумела, гэта піяр дзяржаўнай палітыкі. Бо ў Беларусі дзяржава кантралюе ўсе сфэры.

Але адначасова гэта аб’ектыўнае жаданьне маладой нацыі, якой зьяўляецца Беларусь, зацьвердзіць сябе ў сьвеце. Аб’ектыўна гэта ўмацоўвае беларускі патрыятызм.

Іншая справа, што ў беларускім расколатым грамадзтве гэтая праблема, як і любая, выклікае вострыя рознагалосьсі. Значная частка людзей, крытычна настроеная да ўлады, «сьцябецца» з той, прыкладам, нагоды, калі зборная Беларусі па хакеі прайграе на чэмпіянаце сьвету. Тое самае і з Эўравізіяй.

Тут варта адзначыць, што шмат людзей ня лічаць Эўравізію конкурсам высокага мастацтва, а хутчэй конкурсам нейкага эпатажу, экзотыкі і інш. Сёлета дадаўся палітычны чыньнік — адмова Ўкраіны дапусьціць прыезд у Кіеў прадстаўніка Расеі.

Гэтым разам беларускамоўная песьня дадала беларускіх прыхільнікаў прадстаўнікам Беларусі на конкурсе. Будзем спадзявацца, што яна стане яшчэ адным, няхай і маленькім, крокам на шляху беларусізацыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG