Карбалевіч: 11 траўня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з губэрнатарам Растоўскай вобласьці Васіліем Голубевым і выказаў шэраг прэтэнзій на адрас Расеі ў пляне гандлёвых адносін паміж дзьвюма краінамі.
Тут цікавы сам фэномэн пастаянных візытаў кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў у Беларусь. Вось у іншыя ж краіны, напрыклад — Літву ці Польшчу, яны ня езьдзяць, бо ўсе пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва вырашаюцца паміж гаспадарчымі суб’ектамі. А вось у Беларусь езьдзяць адзін за адным. Чаму?
Маё тлумачэньне такое. Расейскія рэгіёны атрымліваюць грошы фэдэральнага бюджэту на закуп, напрыклад, трактароў ці аўтамабіляў. Здавалася б, абвяшчай тэндэр і купляй у тых, хто прапануе лепшыя ўмовы. Але не, губэрнатары прыяжджаюць у Менск, каб дамовіцца пра цэны і аб’ёмы па-за рынкавымі чыньнікамі, «па паняцьцях». У такіх варунках нельга выключаць і такую зьяву, як «адкаты».
губэрнатары прыяжджаюць у Менск, каб дамовіцца пра цэны і аб’ёмы па-за рынкавымі чыньнікамі, «па паняцьцях». У такіх варунках нельга выключаць і такую зьяву, як «адкаты»
Прэтэнзіі Лукашэнкі на адрас Расеі зводзяцца да некалькіх пытаньняў, якія гучалі ня раз. Найперш гэта прапановы аб каапэрацыі, каб не канкурыраваць, а дзяліць рынкі. Вось, маўляў, няхай бы Гомсельмаш і Ростсельмаш ці МАЗ і КаМАЗ дамовіліся аб супрацоўніцтве, і ўсе былі б задаволеныя.
Але праблема ў тым, што чым больш краіны аддаляюцца ад савецкай спадчыны, тым больш эканомікі Беларусі і Расеі становяцца канкурэнтамі. І гэта аб’ектыўны працэс. Калі гэтага не ўдалося дамагчыся ў першыя гады пасьля распаду СССР, то цяпер гэта менш магчыма.
Другі момант. Расея разумее каапэрацыю вельмі проста: прадайце вашы прадпрыемствы расейскаму капіталу. Для Лукашэнкі гэтая схема непрымальная. Тады, кажуць расейцы, мы будзем ствараць сваю аналягічную вытворчасьць. Вось, напрыклад, Беларусь адмовілася прадаць Менскі звод колавых цягачоў, дык у Расеі днямі быў прэзэнтаваны цягач уласнай вытворчасьці.
Другая прэтэнзія Лукашэнкі. Калі ўжо не атрымліваецца каапэрацыя, дык давайце канкурыраваць, але шчыра, безь перашкодаў, пратэкцыянізму. Але тут кіраўнік Беларусі трохі хітруе. Бо, па-першае, Беларусь сама стварае пэўныя перашкоды на шляху расейскіх тавараў і капіталу на сваім рынку. Па-другое, абвінавачаньні з боку Расеі, што Беларусь займаецца кантрабандай у РФ прадуктаў харчаваньня з ЭЗ, Турэччыны ці Ўкраіны, маюць пад сабой грунт.
Яшчэ адзін закід РФ: у Беларусі дзяржпадтрымка сельгасвытворцаў большая, чым у Расеі, за кошт гэтага цэны на беларускую прадукцыю ніжэйшыя, што скажае рынкавыя адносіны.
І такія канфлікты і ўзаемныя прэтэнзіі — гэта норма двухбаковых дачыненьняў.
Каліноўскі: Што да саміх перамоваў з растоўскім губэрнатарам, то Лукашэнка выступае за адкрытасьць расейскага рынку для прадукцыі беларускага машынабудаваньня, і найперш гэта тычыцца Гомсельмаша. Дэкляравана, што ў ЭАЭС свабоднае перамяшчэньне тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы. Але кожны хоча выбудаваць адміністрацыйны бар’ер, каб стварыць лепшыя ўмовы свайму вытворцу. Урадам Расеі прынятыя пастановы, якія абмяжоўваюць беларускую прадукцыю ва ўдзеле ў закупах, даюць прэфэрэнцыі расійскім вытворцам пры закупе іхнай тэхнікі. Лукашэнку гэта непакоіць, але зьвяртаецца ён да лабіста Ростсельмаша, што ня мае ніякага сэнсу.
Калі ж гаварыць агулам, эканамічнае супрацоўніцтва ці эканамічныя войны Расея разглядае як дадатковую і вельмі важную зброю ў сваіх гібрыдных войнах за аднаўленьне ўплываў на былой тэрыторыі СССР. Узгадайма, якія гандлёвыя войны вяла і вядзе Расея з Украінай, на дадатак да «гарачай вайны» на Данбасе і анэксіі Крыму.
Тое самае і зь Беларусьсю — Расея эканамічным ціскам на Менск вырашае свае геапалітычныя пытаньні, прымушае адвярнуцца ад Захаду.
Расея эканамічным ціскам на Менск вырашае свае геапалітычныя пытаньні, прымушае адвярнуцца ад Захаду
Заходнія СМІ ўвогуле разглядаюць усе апошнія падзеі ў Беларусі (ад пратэстаў супраць «падатку на дармаедаў» да наступных рэпрэсіяў) у кантэксьце беларуска-расійскіх адносін і агрэсіўных плянаў Крамля.
У тым ліку актыўна абмяркоўваецца пагроза магчымай расейскай агрэсіі супраць Беларусі. Дазволю сабе невялікі агляд такіх публікацый.
У прыватнасьці, латвійскае выданьне Latvijas Avize http://www.la.lv/vel-nevertetie-draudi/ зьвяртае ўвагу на тое, што перад прэзыдэнцкай кампаніяй 2018 году ў Расеі Пуціну спатрэбяцца зьнешнепалітычныя перамогі, і таму Беларусь можа стаць полем для «хуткай пераможнай вайны».
Уплывовая польская газэта Rzeczpospolita адзначае: ціск на Лукашэнку з боку Масквы ўзмацняецца, што ў выніку можа прывесьці да фактычнай анэксіі Беларусі — ва ўмовах, калі Эўразьвяз і ЗША занятыя сваімі праблемамі і не разумеюць, што зрабіць у беларускім пытаньні:
«Для Расеі адкрываецца выдатная магчымасьць, каб пасьля Ўкраіны і Сырыі зрабіць наступны стратэгічны крок, які падважыў бы стратэгічную пазыцыю Захаду», — піша аўтар польскага выданьня Rzeczpospolita, які згадвае нават пра магчымы «Беларускі кацёл»..
А былы міністар абароны Швэцыі Стэн Толгфарс у сваім артыкуле для выданьня Svenska Dagbladet піша, што пакуль незразумела, ці зьбіраецца Крэмль адхіляць Лукашэнку, аднак у любым выпадку Пуцін мае намер усталяваць поўны кантроль над Беларусьсю.
Аўтар артыкула зьвяртае ўвагу на асаблівую небясьпеку расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017», падчас якіх у Беларусь будуць перакінутыя расейскія войскі:
«Сама прысутнасьць гэтай значнай вайсковай сілы прадухіліць любыя беларускія спробы праяўляць самастойнасьць. Ня ведаю, ці хоча Расея захаваць дзейны рэжым або зьмяніць яго, але гэта ніяк не паўплывае на пытаньне кантролю над краінай».
Прычым за мяжой і ў самой Беларусі дагэтуль дыскутуецца, а ці не застануцца раптам расейскія войскі ў Беларусі. Яснасьці тут дагэтуль няма. Лукашэнка кажа, што гэтыя войскі пойдуць так, як і прыйдуць. Але Пуцін пра гэта маўчыць.
У любым выпадку перад вучэньнямі «Захад-2017» і перад расейскімі выбарамі 2018 году заўважны рост напружаньня вакол Беларусі і стварэньне адпаведнага інфармацыйнага фону. З боку Масквы ёсьць небясьпека. І Лукашэнка гэта разумее як ніхто іншы.
Цыганкоў: Можна яшчэ ўзгадаць пра нядаўняе паведамленьне прэс-службы Дзяржстандарту Беларусі — што Беларусь задумалася пра крокі ў адказ на дзеяньні расейскай мытні. Зь лютага расейская фэдэральная мытная служба не прымае пры перасячэньні мяжы Расеі дакумэнты аб ацэнцы адпаведнасьці прадуктаў патрабаваньням адзіных тэхнічных рэглямэнтаў Мытнага саюзу, выдадзеныя і зарэгістраваныя ў Армэніі, Беларусі, Казахстане і Кіргізстане. Атрымліваецца, нібыта адзіная мытная прастора паміж гэтымі дзяржавамі — але пры гэтым адна зь дзяржаў прызнае толькі свае дакумэнты і не прызнае іншыя. Гэта выклікае, натуральна, незадавальненьне гэтых дзяржаў.
гэта не адмяняе той рэальнасьці, што як мінімум аб’ектыўныя інтарэсы розных дзяржаў прадугледжваюць і эканамічную канкурэнцыю, і эканамічнае разыходжаньне
Ці скончыліся эканамічныя войны пасьля падпісаньня пагадненьня аб газавым пытаньні? Усё-ткі кіраўнікі дзяржаў паставілі пэўную кропку, каб не было вялікай праблемы паміж Беларусьсю і Расеяй напярэдадні выбараў 2018-га ў Расеі. Але гэта не адмяняе той рэальнасьці, што як мінімум аб’ектыўныя інтарэсы розных дзяржаў прадугледжваюць і эканамічную канкурэнцыю, і эканамічнае разыходжаньне. Таму вось такія адносна дробныя, хоць на самой справе сур’ёзныя праблемы, менавіта з канкурэнцыяй, з правамі на доступ да рынку Расеі будуць узьнікаць пастаянна.
Іншая справа — як будуць вырашаць гэтыя пытаньні кіраўнікі дзяржаў. Як мне здаецца, будзе выгадней не даводзіць іх да вялікай праблемы, а імкнуцца вырашаць іх на ўзроўні міністэрстваў і чыноўнікаў. Наколькі гэта атрымаецца, наколькі адны чыноўнікі акажуцца больш падрыхтаванымі ці кампэтэнтнымі за іншых, будзе бачна. Але відавочна, што такія невялікія, але сур’ёзныя гандлёвыя праблемы будуць узьнікаць, і ўлады будуць рабіць усё, каб яны не выходзілі ў СМІ, каб не перарасталі ў сапраўдную эканамічную вайну.