Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два берасьцейцы кажуць, што іх зьбілі міліцыянты, сілавікі гэта адмаўляюць


Сяргей Каляда ў шпіталі зь пераломам рукі і двух рэбраў
Сяргей Каляда ў шпіталі зь пераломам рукі і двух рэбраў

Жорсткае зьбіцьцё маладых людзей у пастарунку Берасьця набыло шырокі розгалас. Паведамляецца, што вынікам «самасуду» з боку міліцыянтаў РАУС Маскоўскага раёну сталі паламаныя рэбры затрыманых і чорныя ад сінякоў ногі.

Зьбітыя гараджане — гэта Сяргей Каляда і ягоны сябра Аляксандар, які не жадае называць свайго прозьвішча.

Каляда цяпер у шпіталі, сёньня ён прайшоў судова-мэдычную экспэртызу. Ягоная маці Раіса Іванаўна мае намер зьвярнуцца ў Сьледчы камітэт са скаргай на дзеяньні міліцыянтаў:

«Спачатку я наведалася ў пракуратуру. Але там мне сказалі, што гэтая структура не займаецца падобнымі справамі. Таму скаргу я накірую ў Сьледчы камітэт. Што да стану майго сына, то ён зьбіты на горкі яблык. Зьбівалі проста ні за што».

Паводле жанчыны, яе сын сустракаўся зь сябрамі ў кавярні «Казка». Афіцыянтка сказала, што паводзілі сябе юнакі цалкам прыстойна. Зрабілі замову, пасядзелі, а празь некаторы час папрасілі выклікаць ім таксоўку.

Яны выйшлі на вуліцу і селі на лаўку, чакаючы аўтамабіля.

«І вось у той момант, калі падʼехала машына, па вуліцы ішлі два міліцыянты, — кажа Раіса Іванаўна. — Мой сын ужо нават адчыніў дзьверы таксоўкі, але міліцыянты падбеглі і без тлумачэньня прычыны затрымалі Сяргея і яго знаёмага. Адвезьлі ў апорны пункт, дзе потым і зьбілі. Агулам іх пратрымалі сем гадзін, бо пасьля павезьлі яшчэ ў Маскоўскі РАУС. Там прымусілі падпісаць дакумэнты, што пʼяныя, самі вінаватыя. Калі сын зь сябрам прыйшлі да мяне, то выглядалі проста жахліва. Сяргей нават дыхаць ня мог нармальна. Я міліцыянтам абсалютна ня веру, яны кажуць, што хлопцаў зьбіў невядома хто».

Сапраўды, міліцыянты расказваюць іншую вэрсію інцыдэнту. Участковы Раман Трафімук, які афармляў пратакол затрыманьня, наагул адмовіўся камэнтаваць сытуацыю. А ў прэсавай службе УУС Берасьцейскага аблвыканкаму карэспандэнту Свабоды сказалі, што вэрсія пра зьбіцьцё ў міліцыі не адпавядае рэчаіснасьці:

«Уявіць сабе, каб 15 міліцыянтаў зьбівалі затрыманых у пастарунку, немагчыма. Насамрэч пяць жыхароў Берасьця разам ужывалі алькагольныя напоі, а пасьля разышліся па дамах. Двое з гэтай кампаніі былі затрыманыя, у апорным пункце на іх афармляўся пратакол. У пастарунку на той момант знаходзіўся толькі ўчастковы міліцыянт. Мала таго, ёсьць відэа, зь якога бачна, што не было ўжываньня фізычнай сілы. Мы спачатку хацелі апублікаваць абвяржэньне, але матэрыялы перададзеныя ў Сьледчы камітэт, які вядзе праверку справы. Таму ня можам нічога казаць, пакуль ня будзе завершана праверка. Будзем думаць пра далейшыя крокі тады, калі прыйдуць вынікі», — сказалі ў прэсавай службе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG