Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тайбаксёры спадзяюцца давесьці лік узнагародаў на хатнім першынстве да двух дзясяткаў


12 траўня завяршаецца чэмпіянат сьвету па тайскім боксе. Цягам тыдня спаборніцтвы прымаў менскі Палац спорту, агулам у беларускай сталіцы сабраліся блізу 700 спартоўцаў з 70 краін сьвету.

Беларусы чарговым разам пацьвердзілі статус адных з наймацнейшых у гэтых відовішчных адзінаборствах, заваяваўшы 15 узнагародаў і спадзеючыся акругліць гэтую колькасьць да двух дзясяткаў.

Галоўнай неспадзяванкай усяго турніру стаў хіба што дачасны сыход з дыстанцыі шматразовага ўладальніка найвышэйшых тытулаў Віталя Гуркова. Яшчэ адзін уганараваны баец Андрэй Кулебін прапусьціў хатні чэмпіянат з прычыны траўмы. Астатнія фаварыты збольшага надзеі апраўдалі.

У апошні дзень спаборніцтваў заплянавана 16 фінальных паядынкаў, некаторыя зь іх ужо завершаныя.

У жаночай частцы турніру перамогу сьвяткавалі Алена Ляшкевіч і Дыяна Емяльянава. Срэбную ўзнагароду здабыла Людміла Чыслова.

У мужчын на першых пазыцыях фінішавалі Дзьмітры Варац, Арцём Аванэсаў, Максім Пяткевіч, Дзьмітры Філіпаў. Заўзятары і адмыслоўцы спадзяюцца, што іх прыклад падхопяць Дзяніс Ганчаронак, Дзьмітры Валент, Вадзім Васькоў, Яўген Ваўчок.

Раней на пʼедэстал ужо ўздымаліся Мікалай Сьвядомскі, Андрэй Герасімчук, Сагіф Гасанаў, Раман Доўнар, Карэн Тумасян, Уладзіслаў Шадко, Арцём Віньнік, Вераніка Собаль, Марыя Белуш.

Напярэдадні ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды чальцы зборнай Беларусі наракалі на слабую арганізацыю ўсясьветнага першынства — падзея практычна ніяк не рэклямавалася, пра яе ня ведалі нават менчукі.

Затое арганізатары не забыліся звазіць спартоўцаў 9 траўня на «лінію Сталіна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG