Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьнік са Слоніма прызнаўся ў забойстве дзеда і бабкі,— Сьледчы камітэт


Пахаваньне Леаніда Богдана і яго жонкі Тамары
Пахаваньне Леаніда Богдана і яго жонкі Тамары

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра выстаўленьне абвінавачаньня 16-гадоваму хлопцу ў двайным забойстве ў Слоніме: ягоныя дзеяньні кваліфікаваныя сьледчымі як «забойства пры абцяжвальных абставінах».

Паводле сьледчых, юнак у час допыту прызнаўся ў забойстве дзеда і бабкі — скульптара Леаніда Богдана і ягонай жонкі. Прычынай ён назваў «абвастрэньне канфліктных стасункаў, якія існавалі доўгі час».

Канчатковая прававая ацэнка ягоным дзеяньням будзе дадзеная судом па выніках расьсьледаваньня з улікам заключэньняў экспэртаў і комплекснай ацэнкі ўсіх атрыманых доказаў. Раней паведамлялася, што хлопец пройдзе псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу.

Ад самага першага паведамленьня пра злачынства міліцыя называла юнака вінаватым, хоць вэрсія пра тое, што забойства ўчыніў ён, была толькі «прыярытэтнай», але не адзінай.

Міліцыя распавядала, што канфлікт адбыўся, калі дзед і баба знайшлі ўнукаву электронную цыгарэту і прынялі яе за прыстасаваньне для ўжываньня наркотыкаў. Паводле сьледзтва, унук раззлаваўся, узяў нож і мэталёвы шуфэль, імі забіў бабулю і моцна параніў дзеда. Дзед, як сьцьвярджаецца сьледзтвам, маліў выклікаць «хуткую», але ўнук узяў у гаражы сякеру і дабіў Леаніда Богдана.

Пасьля, як паведамляе міліцыя, унук выкінуў адзеньне і сякеру ў балота ля ракі Шчары, пайшоў у Сьвята-Троіцкі сабор і расказаў сьвятару пра нібыта рабаўнікоў у масках, якія ўварваліся ў дом і ўчынілі забойствы. Міліцыя на месцы злачынства выявіла, што рабаўнікоў не было, затрымала ўнука і распачала крымінальную справу пра двайное забойства.

Дзед і баба мелі дастаткова грошай, унук вучыўся ў гімназіі зь сярэднім балам каля 7. Маці хлопца зьехала ў Арабскія Эміраты, дзе цяпер жыве з новай сям’ёй, бацька працуе ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG