Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ацэнка праваахоўнікам — нездавальняючая», — аўтары фільму «Забойства Паўла»


Ілюстрацыйнае фота. Кветкі на месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве, 20 ліпеня 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Кветкі на месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве, 20 ліпеня 2016 году

У кіеўскім каворкінгу Media Hub увечары 10 траўня адбылася прэзэнтацыя фільму «Забойства Паўла», у якім прадстаўленыя вынікі журналісцкага расьсьледаваньня забойства журналіста Паўла Шарамета.

Як паведамілі аўтары фільму, гэта толькі папярэднія вынікі: расьсьледаваньне працягваецца, але матэрыялу назьбіралася ўжо столькі, што трэба падзяліцца ім з грамадзкасьцю.

У цалкам запоўненай залі было шмат людзей, якія асабіста ведалі Шарамета: яшчэ год таму ён праводзіў лекцыі ў гэтым самым памяшканьні. Пасьля паказу было шмат пытаньняў да аўтараў фільму.

Падчас прэзэнтацыі. Аўтары фільма: Дзьмітро Гнап, Анна Бабінец, Алена Логінава
Падчас прэзэнтацыі. Аўтары фільма: Дзьмітро Гнап, Анна Бабінец, Алена Логінава

Журналіст Дзьмітро Гнап падкрэсьліў: гэты фільм — «перадусім ацэнка працы праваахоўных органаў, і гэтая ацэнка нездавальняючая».

Шмат цікавага не ўвайшло ў фільм: напрыклад, тое, як журналісты зьбіралі інфармацыю зь відэакамэраў у раёне забойства. Паводле іх, інфармацыю зь некаторых камэраў на лічбавых носьбітах цалкам зьнішчылі прадстаўнікі СБУ, яна ня трапіла нават у рукі Нацыянальнай паліцыі.

Таксама цікавая інфармацыя пра аднаго зь ключавых пэрсанажаў фільму — Ігара Ўсьціменку — не ўвайшла ў фільм. Справа ў тым, што ягоныя сваякі засталіся ў акупаваным Крыме, дзе да 2014-га ён працаваў у СБУ, а дачка вучыцца ў Санкт-Пецярбурзе і ўдзельнічае ў акцыях «Русской весны».

Цалкам магчыма, паводле аўтараў фільму, што Ўсьціменка быў чалавекам ФСБ у СБУ. Але паколькі давесьці гэта немагчыма, у фільм такая вэрсія не ўвайшла.

У канцы Гнап прыгадаў словы Шарамета: «Ты як цёплы вецер». Удзельнікі прагляду ўшанавалі памяць Паўла хвілінай маўчаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG