Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў 2 месяцы будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам у Кіеве


Васіль Парфянкоў, архіўнае фота
Васіль Парфянкоў, архіўнае фота

Беларус-добраахвотнік Васіль Парфянкоў, затрыманы 9 траўня разам зь іншымі 25 прадстаўнікамі добраахвотніцкага батальёну АУН (Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў) падчас масавых акцыяў да Дня перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне, будзе знаходзіцца 2 месяцы пад кругласутачным хатнім арыштам.

Адпаведнае рашэньне сёньня ўночы ўхваліў Пячэрскі раённы суд Кіева, хоць сьледчыя ды пракуроры прасілі яго ўзяць Васіля Парфянкова пад варту на 2 месяцы, улічваючы яшчэ адну крымінальную справу — пра пагромы ў кіеўскіх аддзяленьнях расейскіх «Альфа-банка» і «Сбербанка России», у якой фігуруе Васіль. У гэтай справе Васіль Парфянкоў знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.

Паводле сьледзтва, беларускі добраахвотнік падазраецца ў закліках да ўчыненьня дзеяньняў, што пагражаюць грамадзкаму парадку, а таксама ў гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка праваахоўных органаў.

Васіль Парфянкоў стаў адзіным, у дачыненьні да каго суд ухваліў такое рашэньне — усе іншыя затрыманыя аунаўцы былі вызваленыя ў дзень затрыманьня.

Судовае пасяджэньне цягнулася больш як 9 гадзін — пачалося 10 траўня а 18.00 і завяршылася пасьля 3.30 11 траўня. На яго пачатку ў час працэдуры высьвятленьня асобы падазраванага Васіль Парфянкоў паведаміў, што зьяўляецца грамадзянінам Беларусі і служыць байцом добраахвотніцкага батальёну АУН, нежанаты і ня мае дзяцей.

Паводле хадайніцтва адвакатаў, суд дазволіў Васілю Парфянкову выйсьці са «шкляной клеткі» і на працягу ўсяго працэсу знаходзіцца за адным сталом са сваімі абаронцамі. У той жа час будынак суду быў ачэплены вялікай колькасьцю байцоў Нацыянальнай гвардыі.

За судовым працэсам назіралі некалькі дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны — Дзьмітры Лінько, Ігар Луцэнка, Сямён Сяменчанка, якія зьвярнуліся да суду з заявамі, што бяруць Васіля Парфянкова на парукі.

«Сябар, шчырая падзяка табе за подзьвіг у абарону Ўкраіны! Прабач, што ў нашай дзяржаве судзяць не яе ворагаў, памагатых акупантаў, а яе найлепшых сяброў, якія за яе ваююць. Судзяць тых, каму, наадварот, трэба даваць ордэны і паважаць. Так будзе не заўсёды!», — напісаў на беларускай мове народны дэпутат Украіны Андрэй Лазавы на сваёй старонцы ў Facebook.

Добраахвотніцкі рух «АУН» плянуе 11 траўня правесьці акцыю пратэсту пад Міністэрствам унутраных спраў з патрабаваньнем адстаўкі міністра Арсена Авакава.

Раніцай 9 траўня паліцыя заблякавала кіеўскі офіс арганізацыі «Добраахвотніцкі рух АУН», якая плянавала перашкодзіць правядзеньню акцыі «Несьмяротны полк» у Кіеве. Актывісты сабралі «усіх патрыётаў», каб «сустрэць вату па-казацку», аднак празь немагчымасьць пакінуць памяшканьне сталі кідаць з вокнаў бульбу і пакеты з фарбай у калёну дэманстрантаў.

Як расказвалі відавочцы, каля дзевяці гадзін раніцы ў напрамку праваахоўнікаў з акна офісу руху паляцела дымавая шашка. Ад яе ніхто не пацярпеў, але адразу пасьля гэтага ў памяшканьне зайшлі каля двух дзясяткаў паліцыянтаў. Праз паўгадзіны да месца падзеяў прыехала сьледча-апэратыўная група і склала пратаколы аб правапарушэньнях у дачыненьні да 13 асобаў, з 11 правялі прафіляктычныя размовы, а Васіля Парфянкова затрымалі. Паводле сьледчых, шашку кідаў менавіта Васіль Парфянкоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG