На сустрэчы паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым, якая адбылася сёньня ў Вашынгтоне, падрабязна абмяркоўваліся пытаньні ваеннага і палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту ў Сырыі і дыпляматычных адносінаў паміж дзяржавамі. Пытаньне санкцый у дачыненьні да Расеі не абмяркоўвалася.
Пасьля сустрэчы Сяргей Лаўроў заявіў, што стан адносінаў паміж краінамі ўсё яшчэ на нізкім узроўні. Але ў гэтым ён абвінаваціў адміністрацыю былога прэзыдэнта Барака Абамы.
«Папярэдняя адміністрацыя зрабіла ўсё, каб падарваць ўзровень адносінаў. Таму пачынаць трэба з нуля. Рух вельмі сьціплы», — заявіў Лаўроў падчас прэс-канферэнцыі.
«Гэтай вакханаліі ніхто з нас не кранаўся, — пракамэнтаваў Лаўроў пытаньне пра умяшаньне Расеі ў выбарчы працэс у ЗША. — Выдумкі пра тое, быццам мы кіруем унутранай палітыкай [ЗША], гэта зьневажальна для амэрыканскага народу. Палітыкі наносяць вялікую шкоду сабе, кажучы аб гэтым».
Закранаючы тэму Сырыі, Лаўроў заявіў, што адміністрацыя Трампа гатовая падтрымаць прапанову Расеі аб «зонах дээскаляцыі», але дэталі ўсё яшчэ абмяркоўваюцца.
«У нас агульнае разуменьне, што гэта будзе крокам да вырашэньня ваеннага канфлікту ў Сырыйскай арабскай рэспубліцы. Гэтая ініцыятыва ўвасабляецца ў рэальнасьць», — сказаў Лаўроў.
Прадстаўнікі заявілі, што бакі прадоўжаць супрацоўніцтва ў вырашэньні ваенных канфліктаў, у тым ліку палестынска-ізраільскага, а таксама сытуацыі ў Аўганістане і Ўкраіне.
Раней, 8 траўня, Расея ўнесла ў Раду бясьпекі ААН праект рэзалюцыі аб стварэньні «зон бясьпекі» з забаронай на вядзеньне ваенных дзеяньняў і палёты авіяцыі. Мэмарандум аб «зонах» падпісалі Турэччына, Іран і Расея. Прадстаўнікі сірыйскай апазыцыі адрынулі плян. У Пэнтагоне заявілі, што бакі не далі каардынаты межаў, а плян патрабуе ўважлівага вывучэньня.