Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны кліматоляг Беларусі: Ненармальнасьць здараецца ў чалавека, а з надвор’ем усё нармальна


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Надвор’е ў Беларусі ставіць новыя рэкорды. У ноч на 10 траўня зафіксаваны абсалютны мінімум — мінус 4,5 градуса на мэтэастанцыі ў Бярэзінскім запаведніку. На паўградуса, але ўсё ж пабіты паказьнік 45-гадовай даўнасьці ў Віцебску.

У некаторых раёнах сфармавалася сьнежнае покрыва, прычым у асобных месцах па Віцебшчыне — вышынёй да 9 сантымэтраў. Некалькі разоў цягам дня пачынаў ісьці мокры сьнег у Менску.

Паводле гідрамэтэацэнтру, так холадна ў першай палове траўня бывае раз на 10–15 гадоў.

Наколькі тэмпэратурная дыспрапорцыя адпавядае месяцу перад самым летам? Ці можна лічыць гэта прыроднай анамаліяй? Свабода зьвярнулася па камэнтар да галоўнага кліматоляга Беларусі, кандыдата геаграфічных навук Паўла Каўрыгі:

«Ды ўсё тут нармальна. Гэта ў людзей здараецца ненармальнасьць, а ў атмасфэры, дзе фармуецца надвор’е, клімат, усё прадугледжана, як гаворыцца, Творцам, калі толькі зьявілася зямное жыцьцё. Таму наракаць на прыроду, выказваць нейкую крыўду на яе ня мае ніякага сэнсу. Так, па-чалавечы можна зразумець: не падабаецца, што няма цяпла, што дождж, сьнег, вецер. Але, зноў жа, чалавек так створаны: што б ні рабілася, усё будзе ня так, то яму загорача, то зазімна. Магчыма, гэта толькі ў нас так востра рэагуюць, бо ня ведаюць, як там у астатнім сьвеце... Відаць, раз у нас дэкляраваная стабільнасьць, то і гатовыя весьці барацьбу з надвор’ем, з прыродай — ня важна з чым, абы змагацца, зыходзячы выключна са свайго разуменьня сытуацыі. То бок — стабілізаваць, каб нічога нікуды ня рухалася, не шавялілася».

Цяперашні тэмпэратурны графік мала стасуецца з размовамі пра глябальнае пацяпленьне. Тым ня менш, як лічыць адмысловец, справа — у загадзя запраграмаванай настроенасьці на камфортнае надвор’е, якое проста не апраўдвае чаканьняў:

«Што значыць пацяпленьне? Гэта ж ня значыць, што кожны будзе глядзець праз вакно і цешыцца сонечным сьвятлом. На замову такое зрабіць немагчыма. Надвор’е вельмі разнастайнае. Але калі гавораць пра пацяпленьне ў глябальных маштабах, то так яно і ёсьць. Тэмпэратурны паказьнік, які аб’ектыўна характарызуе такую зьяву, выводзіцца як сярэдняя велічыня з дадзеных, якія паступаюць ад мноства наземных мэтэаралягічных станцый — агулам вядуць назіраньні дзесьці 8 тысяч такіх аб’ектаў. Штогадовая тэндэнцыя якраз сьведчыць, што сярэдняя глябальная тэмпэратура расьце. Нават нягледзячы на тое, што мы скардзімся на холад, а значыць, паводле гэтай жа лёгікі, нібыта наступае не пацяпленьне, а пахаладаньне. Такія высновы рабіць не выпадае. Магчыма, гэта і рэдкая зьява, але дакладна не ўнікальная».

Экспэрт нагадвае, што сёлета вясна прыйшла ў Беларусь раней, чым звычайна. Гэта не спарадзіла нэгатыўных эмоцый, хоць раньняя вясна — праява таго самага глябальнага пацяпленьня. Таму экспэрт раіць крыху пацярпець і рыхтавацца да цёплага лета:

«Для Беларусі пацяпленьне выяўляецца ў тым, што вясна пачалася рана, у канцы лютага. І вось цягнецца амаль тры месяцы. Падобнае характэрна і для іншага пераходнага пэрыяду — ад летняга да зімовага. Вясна набірае сілу і ўвасобіцца ў цёплыя наступныя месяцы — чэрвень, ліпень, жнівень. Такія чаканьні апраўданыя. З гледзішча навуковых ацэнак цеплавы балянс — прыход і расход цяпла на працягу году — не зьмяняецца. Па плянэце гуляюць хвалі холаду і цяпла, якія чапляюць адзін і той жа рэгіён сваёй вяршыняй ці далінай (такія рухі вымяраюцца даўжынёй хвалі па вяршыні і нізіне). У дадзеным выпадку ў Беларусь уварвалася арктычная хваля, пераважае мэрыдыянальны перанос паўночных паветраных масаў. А яны такія ж халодныя, як і зімой, то і нясуць з сабой холад. У сваю чаргу, аслабела хваля па паралелях, якая нясе пацяпленьне — з Атлянтыкі, з паўднёвых шыротаў Азорскага максымуму, Міжземнамор’я, Чорнага мора».

Паводле экспэртаў, паколькі ў Беларусі няма горных вяршыняў, якія маглі б абараніць тэрыторыю ад уварваньня халодных вятроў з Арктыкі, пэрманэнтныя пахаладаньні трэба ўспрымаць як дадзенасьць. І дзякаваць прыродзе за тое, што такія анамаліі здараюцца досыць рэдка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG