Адпаведны дакумэнт апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.
На час правядзеньня турніраў усе публічныя мерапрыемствы, не зьвязаныя са спартыўнымі падзеямі, у Расеі будуць праводзіцца толькі па ўзгадненьні зь мясцовымі ўладамі і ФСБ.
У гарадах, у якіх будуць праводзіцца гульні, ўводзяцца дадатковыя меры бясьпекі. У прыватнасьці будзе больш жорсткім парадак продажу алькаголю і парадак часовай рэгістрацыі. Усе грамадзяне РФ, якія прыбудуць у горад у часе дзеяньня ўказу, павінны будуць стаць на ўлік на працягу трох дзён замест 90 дзён, а замежнікі — на працягу аднаго дня. У гэтыя пэрыяды будуць дзейнічаць таксама забароны на палёты ў пэўных зонах і забарона на плаваньне суднаў у пэўных акваторыях. Якіх — ва ўказе ня сказана.
Ва ўказе таксама адзначана, што ў гарадах, дзе будуць праводзіцца матчы, могуць быць уведзеныя «кантраляваныя зоны», куды людзей і аўтамабілі будуць пускаць толькі пасьля фізычнага дагляду. У гарады, у якіх будзе праводзіцца ЧС-2018 году, будзе забаронены ўезд турыстычных аўтобусаў, за выключэньнем тых, якія будуць абслугоўваць чэмпіянат.
Кубак канфэдэрацый пройдзе з 17 чэрвеня па 2 ліпеня 2017 году. Ва ўказе абмежаваньні ўводзяцца ў прамежку з 1 чэрвеня па 12 ліпеня для Масквы, Санкт-Пецярбургу, Татарстану і Краснадарскага краю.
Чэмпіянат сьвету па футболе пройдзе ў Расеі з 14 чэрвеня па 15 ліпеня 2018 года. Зьвязаныя зь ім абмежаваньні будуць дзейнічаць з 25 траўня па 25 ліпеня 2018 году ў Валгаградзкай, Сьвярдлоўскай, Калінінградзкай, Ніжагародзкай, Растоўскай, Самарскай абласьцях і Мардовіі, а таксама ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Казані і Сочы.