Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прадэманстравалі альтэрнатыву колавым цягачам зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Высокадакладны апэратыўна-тактычны ракетны комплекс сухапутных войскаў "Іскандэр"
Ілюстрацыйнае фота. Высокадакладны апэратыўна-тактычны ракетны комплекс сухапутных войскаў "Іскандэр"

Расея інтэнсыфікуе праграму замены прадукцыі Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) сваёй тэхнікай.

У гонар Дня Перамогі ў Расеі ў Набярэжных Чалнах адбылася першая публічная дэманстрацыя цягачоў «Платформа-О» вытворчасьці заводу спэцыяльных аўтамабіляў «Ремдизель». Фактычна прадстаўлена альтэрнатыва беларускім машынам МЗКЦ, якія выкарыстоўваліся ў якасьці шасі для шэрагу ракетных комплексаў.

МЗКЦ ад савецкіх часоў заставаўся асноўным пастаўшчыком транспартнай тэхнікі для апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў. Больш за 70% сваёй прадукцыі прадпрыемства рэалізуе ў Расеі, нязначная частка пастаўляецца ў Кітай, Турэччыну, Эгіпет, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

На менскіх плятформах перасоўваецца ўдарная зброя расейскіх Узброеных сілаў — сыстэмы «Искандер», «Смерч», «Торнадо», «Тополь», «Тополь-М», «Ярс», «Рубеж», С-300 і С-400.

Нягледзячы на тое, што МЗКЦ на роўных правах з расейскімі вытворцамі ўдзельнічае ў мадэрнізацыі расейскай арміі, год таму прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў пра паступовы перанос вытворчасьці аўтамабільнага шасі з МЗКЦ на КамАЗ. Асноўнай прычынай названа тое, што Беларусь адмаўляецца прадаваць завод Расеі.

«Тры гады прадавалі нам гэты МЗКЦ, але так ні пра што і не дамовіліся. Ня хочуць прадаваць — ня трэба, мы на КамАЗе наладзім аналягічную вытворчасьць», — сказаў тады кіраўнік расейскага ўраду.

У 2011 годзе Расея ўзьняла пытаньне інтэграцыі МЗКЦ у свой ваенна-прамысловы комплекс праз набыцьцё кантрольнага пакету акцый. Але далей за папярэднія пагадненьні справа не пайшла — бакі не сышліся ў ацэнцы актываў і суме інвэстыцыяў.

Праз два гады Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы за кошт расейскіх грошай мадэрнізаваць прадпрыемства, правесьці дадатковую эмісію акцыяў, якія гатовы быў прадаць Маскве, але пры гэтым не перадаючы нічога ва ўласнасьць.

Расею такі варыянт не задаволіў, і на некаторы час размовы вакол продажу стратэгічнага прадпрыемства змоўклі. У 2015-м, наведваючы завод, Лукашэнка чарговы раз падвысіў градус супярэчнасьцяў:

«Ніхто нічога прадаваць ня будзе! Калі ў расейцаў ёсьць мазгі і грошы — чаго ў іх насамрэч няма — хай самі вынаходзяць», — падсумаваў Лукашэнка.

Потым была прапанова памяняць прадпрыемства на нафтавае радовішча ў Расеі з аб’ёмам здабычы вуглевадароднай сыравіны ня меней за 10 мільёнаў тон за год — фактычна палова ад таго, каб загрузіць магутнасьці беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. У Маскве падлічылі, што прыбытак ад падобнай зьдзелкі перавысіць 3 мільярды даляраў на год, а гэта непараўнальна з дывідэндамі ад прыватызацыі МЗКЦ.

Па гарачых сьлядах і беларускія, і расейскія экспэрты робяць выснову: аднамомантава перанесьці вытворчасьць такой складанай тэхнікі ў іншае месца наўрад ці магчыма, але за некалькі гадоў справіцца з пастаўленай задачай цалкам рэальна.

Вонкава сядзельныя цягачы, вырабленыя ў Набярэжных Чалнах, мала чым адрозьніваюцца ад беларускіх аналягаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG