Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Францыі: Старая добрая Эўропа засталася сабою


Што азначае перамога Макрона на выбарах прэзыдэнта Францыі для Францыі, Эўропы і Беларусі? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Дракахруст: Прэзыдэнтам Францыі стаў Эманюэль Макрон. Старая добрая Эўропа перамагла, прынамсі, выстаяла. Прынамсі, гэтым разам. Прычым, перамога атрымалася чыстая. І ў сэнсе ліку — ён для Лё Пэн аказаўся разгромным, і ў сэнсе прынцыпаў.

Эманюэля Макрона нярэдка называюць цэнтрыстам. Але варта сказаць, што ў першым туры выбараў яго пазыцыя па шэрагу ключавых праблемаў была ня самай памяркоўнай, ён і Лё Пэн прынамсі па шэрагу пытаньняў уяўлялі супрацьлеглыя полюсы. Макрон быў самым гарачым прыхільнікам глябалізацыі, займаў самыя лібэральныя пазыцыі ў пытаньні міграцыі, быў найбольш пасьлядоўным прыхільнікам умацаваньня, а не разбурэньня Эўразьвязу.

Ён цэнтрыст у тым сэнсе, што шмат дзесяцігодзьдзяў менавіта гэтыя прынцыпы ляжалі ў аснове крэда, палітычнага і маральнага сымбалю веры Эўропы. Але сьвет і Эўропа мяняюцца. Цяпер, на фоне іншых кандыдатаў, Макрон выглядаў ледзь не такім самым радыкалам у сваёй вернасьці прынцыпам Эўропы, як і Лё Пэн — у сваім выкліку ім.

Зразумела, нічога не застаецца нязьменным. І тая самая асоба Макрона, яго палітычны твар — таму сьведчаньне. У Элізэйскі палац прыйшоў лідэр руху, створанага ўсяго год таму. Так, Макрон — сымбаль вернасьці прынцыпам, духу, але і зьмены структуры, літары. Ён і абаронца, і разбуральнік.

Сымптомамі таго, што сьвет, Францыя мяняюцца і будуць мяняцца і пры прэзыдэнце Макроне, зьяўляецца яшчэ шэраг чыньнікаў.

На цяперашніх выбарах яўка аказалася найніжэйшай у параўнаньні з папярэднімі прэзыдэнцкімі выбарамі. У 2002 годзе бацька Марын Лё Пэн, Жан-Мары, таксама выйшаў у другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Тады ягоны канкурэнт Жак Шырак атрымаў у другім туры проста лукашэнкаўскі вынік, прычым на цалкам свабодных выбарах — 82%, а Лё Пэн — 18%. Цяпер яго дачка таксама прайграла, але годна. Параза, але бяз «трэску», так бы мовіць. Тое, што добрая траціна грамадзтва выказалася за ўсё тое, што ўвасабляе сабой Лё Пэн, ці прынамсі за яе асабіста — трывожны паказьнік.

Макрону давядзецца лічыцца і зь меркаваньнямі гэтых людзей. І ня ў тым сэнсе, што яго палітыка павінна быць нейкім сярэднім паміж лініяй яго ўласнай і лініяй пераможанай Лё Пэн. Лідэрства — найперш духоўная катэгорыя, вядзе той, за кім ідуць, ідуць нават тыя, хто шмат у чым нязгодны зь ім.

Бадай што першым выпрабаваньнем стануць парлямэнцкія выбары ў чэрвені. Ці пройдзе ў Нацыянальны сход шмат прадстаўнікоў кіраванага ім руху — гэта вялікае пытаньне. Ківач грамадзкай думкі можа пайсьці ў іншы бок, скампэнсаваць свой уласны выбар 7 траўня, даўшы шмат галасоў як традыцыйным партыям — рэспубліканцам і сацыялістам, так і Нацыянальнаму фронту Лё Пэн.

Адным з самых сур’ёзных міжнародных выклікаў стануць для Макрона адносіны з Расеяй. Падчас кампаніі ён выказваўся за жорсткую лінію адносна Масквы. У дадатак да палітыкі Крамля ў яго ёсьць і асабісты рахунак, я маю на ўвазе хакерскую атаку на перапіску каманды Макрона. Пераважная большасьць экспэртаў і, здаецца, сам новы прэзыдэнт лічаць, што за атакай стаіць Крэмль. А Макрон не выглядае чалавекам, які забывае крыўды.

Ня выключана, што перамога Макрона ўскосна паўплывае на вынікі датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у Вялікабрытаніі, якія адбудуцца ў чэрвені, паспрыяе перамозе на іх прыхільнікаў больш мяккага, памяркоўнага сцэнару Брэксіту.

Палітыка Парыжу адносна Беларусі наўрад ці істотна зьменіцца, прынамсі, бліжэйшым часам. Падыходы могуць стаць больш жорсткімі, ціск наконт пытаньняў правоў чалавека можа стаць больш моцным, але наўрад ці можна чакаць якасных зьменаў. У новага лідэра Францыі будзе шмат іншых, больш пільных клопатаў.

Але і Беларусь у нядзелю атрымала станоўчае пасланьне, прычым ня толькі яе праэўрапейская частка насамрэч. Старая добрая Эўропа засталася сабою. Лёзунг «Беларусь — у Эўропу» можа і не наблізіўся да сваёй рэалізацыі, але прынамсі ня страціў сэнс адносна накірунку, ня стала актуальным пытаньне: а Эўропа — гэта цяпер што? Вось тое, што выстаяла, што адстаялі на францускіх выбарах.

Цыганкоў: Перамога Макрона — гэта этап у перамогах праэўрапейскіх каштоўнасьцяў, канстатацыя пэўнага адкату хвалі праварадыкальнай, антыэўрапейскай. Калі пра выбары ў Нідэрляндах мы казалі як пра чвэрцьфінал, то ў Францыі адбыўся паўфінал, у якім праэўрапейскія сілы зноў атрымалі перамогу. Макрон перамог у тым ліку і таму, што заняў даволі радыкальную праэўрапейскую пазыцыю. І гэта безумоўна было слушным паліттэхналягічным ходам у якасьці проціпастаўленьня Лё Пэн. Ён не імкнуўся зьмякчыць свае пазыцыі, але імкнуўся як раз выяўляць іх максымальна адкрыта.

Макрон і ягоная каманда разумелі, што галоўнае — гэта выйсьці ў другі тур, куды абавязкова выйдзе Лё Пэн. А там перамога над лідэрам Нацыянальнага Фронту была фактычна гарантаваная. І калі ў свой час бацька Марын Лё Пэн набраў у другім туры 18%, то вынік Марын нашмат большы. Адсоткі, аднак, аказаліся, дастаткова прадказальныя, яна атрымала шмат, але вельмі далёка ад таго, каб прэтэндаваць на перамогу.

Урок таксама ў тым, што ў антыэўрапейскіх, праварадыкальных, папулісцкіх сілаў ёсьць свая праўда, свая рацыя ў тых праблемах, якія яны ставяць на парадак дня. І эўрапейскія правацэнтрысцкія палітыкі пачалі гэта прызнаваць, зьвяртаць увагу на гэтыя праблемы. У адказных палітыкаў, пачынаючы ад Мэркель, шмат што зьмянілася ў стаўленьні да той самай праблемы міграцыі. Найлепшы спосаб перамагчы спакусу — паддацца ёй. Лепшы спосаб перамагчы папулізм — гэта ўзначаліць папулізм, што і даказаў Макрон.

Карбалевіч: Вынік выбараў быў даволі прадказальны. Хоць пасьля правалу сацыялёгіі падчас ангельскага Брэксіту і амэрыканскай перамогі Трампа давер да прагнозаў рэзка зьменшыўся, але разрыў, паводле папярэдніх ацэнак, быў такі вялікі, што шанцаў Лё Пэн ён не пакідаў. Рэальны вынік аказаўся яшчэ больш пераканаўчы на карысьць Макрона — удвая больш галасоў, чым у суперніцы. І гэта прынцыповае адрозьненьне ад і Вялікай Брытаніі, і ад ЗША, дзе разрыў галасоў быў мінімальны, раскол быў амаль 50:50. То бок шанцы Лё Пэн былі перабольшаныя, як і прагнозы адносна пагрозы Эўразьвязу. У яе падтрымкі ёсьць жорсткая столь.

Аглядальнікі зьвяртаюць увагу на брудны характар гэтых выбараў. Ніколі раней падчас прэзыдэнцкіх выбараў не было такой вайны кампраматаў, як цяпер. Узровень дыскусій быў адпаведны. Вось цяпер узгадваюць, якія калісьці былі інтэлігентныя дэбаты паміж Мітэранам і Шыракам, у параўнаньні зь цяперашнімі кандыдатамі. Дарэчы, абое кандыдатаў — Макрон і Лё Пэн на момант выбараў былі пад сьледзтвам.

І, канечне, усе абмяркоўваюць хакерскую атаку на штаб Макрона. У Эўропе ўпэўненыя, што за гэтым стаіць Расея, якая, як усім вядома, падтрымлівала Лё Пэн, у тым ліку і фінансава. Дарэчы, падчас нядаўняга візыту канцлера ФРГ Мэркель у Расеі задавалася пытаньне журналістамі аб магчымым умяшаньні Масквы і ў перадвыбарную барацьбу ў Нямеччыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG