Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве сёньня афіцыйна адкрываецца «Эўравізія-2017»


Гурт Naviband, які прадставіць Беларусь на «Эўравізіі-2017»
Гурт Naviband, які прадставіць Беларусь на «Эўравізіі-2017»

Сёньня а 20.00 па менскім часе ў Кіеве адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцьця 62-га сьпеўнага конкурсу «Эўравізія-2017», у якім Беларусь прадставіць гурт Naviband зь песьняй «Гісторыя майго жыцьця».

У аргкамітэце конкурсу Радыё Свабода паведамілі, што на адкрыцьці выступяць першая лэдзі Ўкраіны Марына Парашэнка, мэр Кіева Віталь Клічко і супэрвайзэр (выканаўчы дырэктар) конкурсу — Йон Ола Санд.

Удзень на галоўнай сцэне адбудуцца апошнія рэпэтыцыі, а за дзьве гадзіны да цырымоніі адкрыцьця ўдзельнікі конкурсу пройдуць па чырвонай дарожцы — яна будзе падзеленая на адмысловыя зоны, дзе канкурсанты змогуць спыніцца і пагутарыць з журналістамі або зрабіць фота са сваімі фанамі. На чырвоную дарожку канкурсанты будуць выходзіць у алфавітным парадку адпаведна назьве краіны.

На афіцыйную цырымонію адкрыцьця конкурсу запрасілі спэцыяльных гасьцей — пераможцу леташняй «Эўравізіі» — Джамалу, сьпевака Алега Скрыпку, групу «Друга ріка» і пераможцу «Эўравізіі-2014» Руслану. Усе яны будуць выступаць у суправаджэньні Нацыянальнага аркестра народных інструмэнтаў Украіны.

Паўфіналы «Эўравізіі-2017» адбудуцца 9 і 11 траўня, а фінал — 13 траўня. Беларускі гурт Naviband будзе выступаць у другім паўфінале 11 траўня.

Усе падзеі «Эўравізіі-2017» адбываюцца ва ўмовай надзвычайных захадаў бясьпекі. Арганізатары конкурсу зьвярнуліся да ўсіх, хто набыў квіткі на канцэрты, прыходзіць за 2,5 гадзіны да іхнага пачатку. Менавіта столькі часу, кажуць яны, патрэбна, каб прайсьці ўсе неабходныя пункты пропуску і праверку на бясьпеку. За паўгадзіны да пачатку канцэртаў уваход на арэну «Эўравізіі» будзе ўжо зачынены. Гледачоў таксама папярэдзілі, што Служба бясьпекі мае права на спэцыяльны дагляд любога наведвальніка Міжнароднага выставачнага цэнтру, дзе адбываецца конкурс, а чалавеку, які адмаўляецца ад такой працэдуры, могуць наагул адмовіць ва ўваходзе нават пры наяўнасьці квітка.

У гэтым годзе «Эўравізія» пройдзе без удзелу канкурсанта з Расеі — Служба бясьпекі Ўкраіны на тры гады забараніла ўезд у краіну сьпявачцы Юліі Самойлавай, якая павінна была прадстаўляць Расею на конкурсе «Эўравізія-2017» у Кіеве. Украінскі бок матываваў забарону на ўезд тым, што Самойлава ў 2015 годзе выступала ў Крыме і тым самым парушыла ўкраінскае заканадаўства. Арганізатары конкурсу Эўравізіі заявілі, што расчараваныя рашэньнем Украіны. У Крамлі назвалі гэтае рашэньне палітычным.

Таксама стала вядома, што расейскіх журналістаў, якія пабывалі ў Крыме без дазволу ўкраінскіх спэслужбаў, не пусьцяць на конкурс «Эўравізія» ў Кіеве нават пры наяўнасьці акрэдытацыі. Пра гэта дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка паведаміў у сваім фэйсбуку.

Афіцыйнаму адкрыцьцю папярэднічаў тыдзень «Эўравізіі», калі сьпевакі знаёміліся са сцэнай і з украінскай сталіцай, праводзілі аўтограф-сэсіі, сустракаліся з журналістамі і сваімі прыхільнікамі, наведвалі вечарынкі. Кожны зь іх намагаўся прадставіць сябе найбольш яскрава і запамінальна, але ўсе аднолькава прызнаваліся ў любові да ўкраінцаў, Украіны і ўкраінскай кухні.

Шмат сьпевакоў за тыдзень знаходжаньня ў Кіеве абвясьцілі пра сваю боршчазалежнасьць. «Тут экзатычнае паветра нейкае! Люблю, калі ў горадзе шмат вады, над Дняпром так прыгожа! І боршч люблю — ён гарачы, да таго ж станоўча ўплывае на мае галасавыя зьвязкі», — кажа сьпявачка Міруна Манэску са швэйцарскага гурту Timebelle. Пра смачныя боршч і традыцыйныя ўкраінскія настойкі не аднойчы на сустрэчах з журналістамі распавядаў і нарвэскі гурт JOWST. А прадстаўнік Італіі Франчэска Габана, аматар тальятэллэ з грыбамі, застаўся ў захапленьні ад катлеты па-кіеўску.

Прадстаўнік эстонскага дуэту Koit Toome & Laura прывёз з сабою на конкурс свайго сына, якому споўнілася толькі два тыдні. «Я не магу перадаць, як я шчасьлівы, што мой сын тут. Калі ён вырасьце, я абавязкова распавяду яму, што ён быў на Эўравізіі, калі яму было ўсяго 2 тыдні», — заявіў Койт.

Наймалодшым жа канкурсантам «Эўравізіі» стаў прадстаўнік Баўгарыі Крысьціян Костаў — яму 17 гадоў. У 2014 годзе ён браў удзел у расейскім конкурсе «Голас. Дзеці», дзе ягоным настаўнікам быў пераможца «Эўравізіі-2008» Дзіма Білан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG