Нагодай для звароту сталі словы супрацоўніка праваахоўных органаў на адміністрацыйным працэсе супраць удзельніка мітынгу нязгодных з Дэкрэтам № 3 Аляксандра Страха, які чытаў на ім свае вершы.
Абвінавачаны запытаўся ў міліцыянта: «Чаму было вырашана, што адбываецца мітынг, а не паэтычны вечар?» Бо, дадаў ён, «ува ўсім сьвеце прынята, каб на свабодных пляцоўках выступалі паэты».
«А ці чулі вы, як людзі апладзіравалі мне, пачуўшы мае вершы?» — запытаўся Аляксандар Страх у сьведкі-АМАПаўца.
«Я яшчэ чуў, што пасьля вашых прамоваў, як вы крычалі „Жыве Беларусь!“, а яны вам „Жыве, жыве“, як нацысты», — адказаў міліцыянт.
«А што, нельга так крычаць? Ці трэба крычаць „Не жыве Беларусь“?», — перапытаў абвінавачаны.
Журналісты палічылі, што супрацоўнік праваахоўных органаў сваімі выказваньнем параўнаў суграмадзянаў з нацыстамі і зьвярнуліся да абласнога міліцэйкага ведамства. У звароце прасілі даць прававую ацэнку выказваньню спадара Барысенкі, а таксама растлумачыць, ці адпавядае заява супрацоўніка праваахоўных органаў пазыцыі ведамства адносна людзей, якія выкарыстоўваюць падчас масавых мерапрыемстваў, незалежна санкцыянаваных ці несанкцыянаваных, заклік «Жыве Беларусь!» і адказ на яго «Жыве!».
Журналістам адказаў намесьнік начальніка Ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Рыжанкоў.
«У ходзе расьсьледваньня, — адзначыў ён, — было ўстаноўлена, што выраз выкарыстаны Барысенкам для таго, каб судзьдзя меў уяўленьне аб дзеяньнях Страха, а не для параўнаньня ўдзельнікаў масавага мерапрыемства з нацыстамі, што супярэчыць пазыцыі Органаў унутраных спраў».
У лісьце, падпісаным Рыжанковым, адсутнічае канкрэтны адказ на пастаўленыя перад міліцэйскім ведамствам пытаньні, лічаць журналісты. На іхную думку кіраўніцтва абласной міліцыі ўхілілася ад адказаў па-сутнасьці. «У дасланай стужцы з выказваньнем Барысенкі ён акцэнтуе ўвагу не на тым, што рабіў Страх на мітыгу, а на параўнаньні ўсіх удзельнікаў акцыі пратэсту з нацыстамі, — настойваюць журналісты.
Падпісанты звароту ў абласную міліцыю пакуль вырашаюць, ці дамагацца ад вышэйшага кіраўніцтва органаў унутраных спраў адказу па-сутнасьці, ці задаволіцца адказам Рыжанкова.
«Разам з тым, — мяркуюць журналісты, — ёсьць спадзеў, што ў наступныя разы сьведкі міліцыянты будуць больш абачлівымі ў аргумэнтацыі сваёй пазыцыі».