Гісторык Андрэй Катлярчук, дацэнт унівэрсытэту Сэдэртэрна (Södertörn University) у Швэцыі, лічыць, што на дзяржаўным узроўні ў Беларусі замоўчваецца пытаньне масавай калябарацыі беларусаў з нацысцкай Нямеччынай. Гэтая зьява не была настолькі пашыранай, як у некаторых суседніх краінах, але значна больш сур’ёзнай, чым паказваецца ў афіцыйнай прасторы памяці, лічыць Катлярчук.
Трэцяя перадача цыклю «Беларусь пад нямецкай акупацыяй: скандынаўскі сьлед» прысьвечаная беларусам, якія супрацоўнічалі зь нямецкімі акупантамі і цягам вайны апынуліся ў Даніі, Нарвэгіі й Швэцыі.
У дачыненьні да беларусаў, якія пасьля 1918 да 1991 году ня мелі ўласнай дзяржавы паняцьце калябарацыі неадназначнае. Тэрмін калябарант часоў ІІ Усясьветнай вайны датычыць найперш тых грамадзянаў, што мелі ўласныя незалежныя дзяржавы на 1939 год. Аднак гэта і юрыдычны тэрмін, пад якім маюцца на ўвазе афіцэры, якія здрадзілі прысязе дзяржаве, гаворыць Андрэй Катлярчук.
«Беларускі настаўнік, які да 1939 году быў польскім грамадзянінам, а потым працаваў у школе пад нямецкай акупацыяй, — гэта не калябарант, на маю думку, пагатоў у дачыненьні да СССР. Калябаранты сярод беларусаў, на мой погляд, — перадусім тыя хто служыў да вайны ў польскім ці савецкім войску, даваў ім прысягу, а потым пайшоў на службу да нацыстаў са зброяй добраахвотна. У Беларусі нюанс быў такі, што мясцовых, якія пайшлі служыць немцам, не хапала, таму немцы запрашалі сюды латышоў, літоўцаў і ўкраінцаў. Другі аспэкт: сярод беларусаў на 1941 год увогуле няма мілітарных калябарантаў высокага рангу. Вельмі мала афіцэраў беларускага паходжаньня абралі супрацу з нацыстамі. Гэта вялікае адрозьненьне, напрыклад, ад расейцаў ці латышоў, бо там былі генэралы. А сярод беларусаў, што пайшлі на службу Гітлеру ў 1941 г., не было аніводнага старэйшага афіцэра.
Нягледзячы на праблемы з вышэйшым камандаваньнем сярод беларускіх кадраў, немцы ўтварылі для беларусаў некалькі збройных адзінак. Адна зь першых — Штурмавы зьвяз, які стварылі ў 1941 годзе з палонных польскага войска. Гэта аналяг дывэрсійнай групы «Nachtigall», якую сфармавалі з украінцаў. Існавала некалькі беларускіх паліцэйскіх адзінак. Адной з самых вядомых стаў 68-ы паліцэйскі батальён, вядомы ў эміграцыі як Беларускі швадрон Рагулі. Дзейнічаў 13-ы батальён пры СД, які беларуская прэса часоў вайны і пасьляваенная ў эміграцыі называла Беларускім асобным батальёнам. Напрыканцы акупацыі была абвешчаная мабілізацыя ў Беларускую краёвую абарону.
Шлях у Скандынавію
У 1945 годзе было ўжо відавочна, што заходнія хаўрусьнікі і СССР перамогуць Нямеччыну. Беларуская Цэнтральная Рада (цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі ва ўмовах нацысцкай акупацыі шукала выйсьця з гэтай сытуацыі, бо халодная вайна яшчэ не пачалася і ЗША ды Вялікая Брытанія былі хаўрусьнікамі СССР.
«Узьнік праект стварыць эміграцыйны цэнтар Беларусі ў нэўтральнай Швэцыі. У 1945 годзе там апынуліся афіцэры Штурмавога зьвязу, створанага немцамі ў 1941 годзе з польскіх ваеннапалонных. Цэнтральнай фігурай там быў чалец БЦР, а потым сябра Рады БНР Альбэрт Асоўскі. У Швэцыі знаходзіўся таксама афіцэр Штурмавога зьвязу Язэп Федарчук, а таксама былы бурмістар Беластоку Васіль Лукашык. У іх былі грандыёзныя пляны. Ужо рыхтавалася да друку адозва Беларускага каміэту ў Швэцыі. Яны плянавалі надрукаваць 40 тысяч асобнікаў», — распавядае Катлярчук.
Але гэтыя пляны разьбіліся. Швэдзкая паліцыя распачынае справу Асоўскага. Матэрыялы гэтай справы ў Нацыянальным архіве Швэцыі знайшла гісторык Натальля Гардзіенка зь Менску. Гэтымі дакумэнтамі яна падзялілася са мной, — кажа Андрэй Катлярчук.
Камэндант лягеру памёр як ягоны вязень
Хто такі Альбэрт Асоўскі? Ён нарадзіўся ў 1920 годзе ў Белавежы, жыў у Баранавічах, быў дзеячом беларускага руху, у гады вайны — афіцэр Штурмавога зьвязу. Вядома, што гэтыя афіцэры ўвайшлі ў 1941 годзе ў склад нямецкай дапаможнай паліцыі ў Менску.
«Невядома, чым ён займаўся ў 1942–43 гадах. У 1944 годзе ён знаходзіўся ў Нарвэгіі. У 1945 ён прыяжджае разам зь сям’ёй ў Швэцыю і кажа, што ён грамадзянін Літвы. Паводле адукацыі ён быў архітэктар. У Швэцыі ён пераздае экзамэны, пачынае працаваць архітэктарам і працягвае кантакты зь беларускай дыяспарай».
Але неўзабаве над Асоўскім пачынаюць зьбірацца хмары. Польская амбасада ў Стакгольме зьвяртаецца да швэдзкай паліцыі. Паводле іх, падчас вайны Асоўскі са зброяй у руках супрацоўнічаў з нацыстамі.
«Выявілася, што ён быў камэндантам аднаго зь лягераў польскіх остарбайтэраў у Нарвэгіі. Палякі сьцьвярджалі, што ён беларускі нацыяналіст, і казалі пра факты жорсткага стаўленьня да палякаў. Пачынаецца справа, па ёй апытваюць сьведкаў. Асоўскі прызнаецца, што ён хлусіў, што ён не літоўскі грамадзянін, а што нарадзіўся ў Белавежы, Беларусь (так ў пратаколе). Ён распавёў, што гадаваўся ў Баранавічах, вучыўся ў Варшаўскай палітэхніцы. Сьведкі распавялі, што ён ганарыўся тым, што ўдзельнічаў у баях на Ўсходнім фронце. Ён быў там цяжка паранены, рана была на твары. За сваю службу ён атрымаў узнагароды і нашыўкі за раненьні, меў ранг капітана. Усё заканчваецца дэпартацыяй Асоўскага са Швэцыі» — кажа гісторык.
На гэтым праект стварэньня ў Швэцыі цэнтру беларускай эміграцыі скончыўся. Асоўскі прасіў дапамогі ў розных беларускіх дзеячоў, але не атрымаў яе. Знайсьці новую краіну для жыцьця яму вельмі складана. У выніку ён пераяжджае ў ЗША. Там Асоўскі зьмяняе прозьвішча і абрывае ўсе кантакты зь беларускімі арганізацыямі.
«Удава Васіля Лукашыка ў Швэцыі дала мне ягоны адрас. Новае прозвішча Асоўскага было Ордвэй (Ordway). Ён памёр у 2004 годзе ў ЗША заможным архітэктарам. Я знайшоў нэкралёгі ў амэрыканскай прэсе. Там напісана, што ён нарадзіўся ў польскай Украіне. Яшчэ цікавейшае тое, што там гаварылася пра яго як пра вязьня нямецкіх канцэнтрацыйных лягераў і змагара руху польскага супраціву. Гэта тыповы для калябарантаў часоў ІІ Усясьветнай вайны прыклад сфальсыфікаванай біяграфіі».
Скандынаўскія разьлікі зь мінулым
У 1945–46 гадах Швэцыя выдае 2518 нацыстаў і нямецкіх калябарантаў.
Швэдзкі гісторык Матс Дылан прааналізаваў гэты сьпіс і давёў, што ў ім былі злачынцы, што служылі нацыстам у Беларусі. Трое з дэпартаваных былі афіцэрамі Вэрмахту, што кіравалі ў 1944 годзе зьнішчэньнем мірных беларускіх жыхароў у раёне мястэчка Азарычы. Сёньня гэта называецца лягерам, але гэта ня быў клясычны лягер. У лесе павесілі дрот і сагналі 50 тысяч беларусаў. Да іх закінулі нябожчыкаў, якія хварэлі на тыф. Пайшла эпідэмія. Рабілася гэтай з мэтай спыніць наступ Чырвонай арміі. Гэта атрымалася. Бо жаўнеры савецкай 65-й арміі займаліся вывазам з так званага азарыцкага лягеру. 33 тысячы хворых і кволых людзей яны вывезьлі, зь іх — 15 тысяч дзяцей. Шмат загінула.
«Большасьць дэпартаваных са Швэцыі былі немцамі, 146 — з краін Балтыі. Сямёра жаўнераў-балтаў нават скончылі жыцьцё самагубствам, каб не вяртацца на Ўсход. Выдача прыбалтаў — гэта траўматычная для швэдаў тэма. У 1994 годзе ўрад Швэцыі папрасіў за гэта прабачэньня. 44 прыбалты, якія выжылі ў Гулагу, былі запрошаныя ў Стакгольм. Іх прымаў сам кароль», — распавядае Катлярчук. Але, як давеў Матс Дылан, сярод іх былі ня толькі франтавыя жаўнеры, але і карнікі СС. У сваіх досьледах Дылан скарыстаўся знойдзенымі ім журналамі параненых, што лячыліся ў менскім шпіталі СС, і параўнаў даты раненьняў з антыпартызанскімі апэрацыямі СС у Беларусі.
13-ы беларускі батальён СД у Даніі
У 1945 годзе ў Даніі знаходзілася 150 жаўнераў 13-га батальёну СД. Гэта быў адзін з наймацнейшых калябарацыянісцкіх зьвязаў у Беларусі. У акупацыйнай прэсе яго называлі беларускім, але ў нямецкіх крыніцах такой назвы няма. Гэты батальён стварылі напачатку 1943 году, яго ўзначальваў немец, але камандзеры ротаў і зьвязаў былі беларусамі.
«Беларуская акупацыйная прэса падавала яго як узорнае фармаваньне. Але роля яго вельмі праблематычная. Што яны рабілі ў Даніі? Пакуль невядома. Магчыма, нешта ахоўвалі. Так было ў большасьці выпадкаў. На гэтую тэму ёсьць дасьледаваньне гісторыка Юрыя Грыбоўскага. Дзякуючы гэтаму дасьледаваньню мы ведаем, што зьвязы гэтага 13-га батальёну ахоўвалі канцэнтрацыйныя лягеры ў Трасьцянцы і Калдычэве.
«3-я рота гэтага батальёну брала ўдзел у Галякосьце, у ліквідацыі гета ў Глыбокім і Менску. Паводле падлікаў Грыбоўскага, каля 650 жаўнераў гэтага фармаваньня засталіся на Захадзе. Нам вядомыя ня больш за 10 імёнаў. Гэта значыць, што яны схаваліся і што ім было што хаваць», — лічыць гісторык.
«Белая каманда» Буглая
У Даніі таксама апынуўся 682-і ўсходні батальён пад кіраўніцтвам маёра Аляксандра Буглая. Ён нарадзіўся ў вёсцы Кіркоўшчына Нясьвіскага раёну ў 1910 годзе. Сваю кар’еру ў нацыстаў Буглай пачынае ў 1941 годзе як сьледчы палявой жандармэрыі ў Гомлі. Там ён ажаніўся, зьявілася дзіця. У гады вайны ён актыўна супрацоўнічае з расейскімі нацыяналістамі. У Бабруйску, дзе з 1943 г. быў цэнтар расейскіх нацыяналістаў, Буглай запісаў увесь свой батальён у расейскі Саюз барацьбы з бальшавізмам.
«Усходні батальён удзельнічаў у антыпартызанскіх акцыях на ўсходзе Беларусі. Яго групу называлі „Белая каманда“, бо яны пераапраналіся ў белыя маскхалаты Чырвонай арміі. Партызаны прымалі іх за сваіх, за дывэрсантаў з-за лініі фронту. З аднаго боку, гэта баі паміж узброенымі людзьмі. Але ў Нацыянальным архіве Беларусі знаходзяцца дакумэнты наконт гэтага батальёну. Адзін з рапартаў: „Забіта 16 бандытаў, захоплена 6 стрэльбаў, 4 гранаты, 1 мінамет“. Калі напісана, што забіта 16 чалавек, а захоплена 6 вінтовак і адзін мінамёт, то гэта значыць, што 5–9 з забітых былі бяз зброі. Забойства бяззбройных людзей — гэта ўжо злачынства». Некалькі афіцэраў і жаўнераў б-ну Буглая, што хаваліся ў СССР, былі знойдзеныя і асуджаныя ў 1974 годзе трыбуналам Беларускай вайсковай акругі.
Вайну Аляксандар Буглай скончыў ў Даніі маёрам рускага дабраахвотнага б-ну Вэрмахта. Пасьля вайны актыўна супрацоўнічаў зь беларускай дыяспарай, быў прызначаны «Генэралам Вызвольнага Войска» БЦР. Памёр у ЗША ў 1990 годзе.
Зь Беластоку ў Нарвэгію
У 1944–45 гадах у Нарвэгіі знаходзіцца Беластоцкі беларускі паліцэйскі батальён самааховы. Ён быў створаны ў 1943 годзе. Вядома, што ў склад б-ну ўваходзілі 120 паліцыянтаў — пераважна беларусаў па нацыянальнасці. Камандзерам батальёну быў Іван (Ян) Гелда. Гэта былы капітан царскай арміі, афіцэр войска Булак-Балаховіча, дзеяч беларускага руху ў міжваеннай Польшчы.
«Ён не паехаў у Нарвэгію. Ён далучыўся да батальёну „Дальвіц“ і стаў яго камандзерам. Нават папракаў іншых афіцэраў, што яны пагадзіліся перайсьці ў 1944 годзе зь Беларусі ў Нарвэгію. У Нарвэгіі яны, хутчэй за ўсё, ахоўвалі нарвэскіх палітычных вязьняў, але гэта мая працоўная вэрсія. Афіцэрамі тым былі Сяргей Матысік, які застаўся ў Нарвэгіі, і Міхась Белямук, які потым пераехаў у ЗША, быў актыўным дзеячом беларускага руху, заснавальнік часопісу „Полацак“. Над усімі імі была моцная пагроза дэпартацыі ці рэпатрыяцыі ў СССР. Матысіку і Белямуку, як і іншым, дапамагло польскае грамадзянства. Нарвэжцы высьвятлялі гэтае пытаньне і прынялі рашэньне не здаваць у СССР грамадзян Польшчы», — гаворыць Андрэй Катлярчук.
Беластоцкі беларускі батальён мае цёмную гісторыю. Згодна з архівам ізраільскаму інстытуту Яд Вашэм, гэты батальён прымаў удзел у ліквідацыі беластоцкага гета ў жніўні 1943 году. Разам з украінскім і латыскім батальёнам у вялікай апэрацыі СС на чале з сумнавядомым катам Польшчы генералам СС Одылам Глабочнікам. Беласток належаў да Райху, таму ліквідацыя азначала не зьнішчэньне людзей на месцы, а дэпартацыю ў нямецкія канцэнтрацыйныя лягеры — Трэблінку ці Аўшвіц. Падчас ліквідацыі гета адбываецца паўстаньне, але яно жорстка душыцца.
Зьмянялі імёны, хаваліся, бо было што хаваць
Мілітарная калябарацыя з нацыстамі, паводле Катлярчука, замоўчваецца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні. Адказ на гэтае пытаньне, як лічыць гісторык, у палітыцы памяці сучаснай ўлады.
«Лукашэнка некалькі разоў падкрэсьліваў, што калябаранты — гэта купка, малая група. Масавая калябарацыя адмаўляецца. Гаворка ідзе пра ўсеагульную барацьбу беларускага народу супраць нацыстаў. Мы толькі на пачатку шляху, які дазволіць нам раскрыць многія таямніцы беларускіх калябарацыяністаў у Скандынавіі. З тымі, хто заставаўся тут, працавала міграцыйная служба, паліцыя. Гэта значыць, што можна справу можна дасьледаваць, шукаць імёны і біяграфічныя нататкі тут у скандынаўскіх архівах».
Але, як паказвае справа Альбэрта Асоўскага, людзі часта фальсыфікавалі свае біяграфіі. Андрэй Катлярчук працуе цяпер над новым праектам, ён хоча параўнаць мэмуары і нататкі мілітарных беларускіх калябарантаў з нацыстамі з заходнім юрыдычным матэрыялам па іхных справах.
«Ёсьць тэндэнцыя гераізаваць тых, хто падчас вайны змагаўся супраць бальшавікоў на баку немцаў. Але трэба правесьці вельмі дакладную працу, каб высьветліць, хто быў кім і якія меў намеры. Перад тым, як уздымаць нейкага на сьцяг, рабіць зь яго героя, трэба вельмі ўважліва паглядзець, што рабіў гэты чалавек у гады вайны і ці ня меў дачыненьня да злачынстваў. Тое, што чалавек працаваў на беларускую справу пасьля вайны, не адмяняе імаверных злачынстваў часоў вайны. Гэтае пытаньне трэба дасьледаваць. Тут ёсьць юрыдычны аспэкт, а ёсьць і маральны. Можна было замест актыўнай збройнай калябарацыі заняць пасіўную пазыцыю. Зрэшты, так і было зь беларусамі да 1943 году. Не беларусы пайшлі да немцаў, а немцы зрабілі стаўку на беларусаў, запрасіўшы іх да супрацоўніцтва. Каб не было актыўнай супрацы, то значна больш нацыянальна сьвядомых людзей засталося б у краіне пасьля 1945 году і, магчыма, усе было б інакш з мовай і культурай».