У Лёндане адбылася доўгачаканая ў сьвеце боксу падзея. Бой Уладзімера Клічко супраць Энтані Джошуа сабраў дзевяноста тысяч (!) гледачоў. І, шчыра сказаць, было на што паглядзець.
Пасьля паразы Ўладзімера Клічко ад Тайсана Ф'юры прайшло паўтара года. За гэты час Ф'юры злавілі на ўжываньні наркотыкаў і адабралі выйграныя ў баі з Клічко два чэмпіёнскія паясы. І хоць пасьля такіх акалічнасьцяў фармальна паясы як бы вярнуліся да ўкраінца, але нефармальны тытул наймацнейшага ў цяжкай вагавай катэгорыі быў не заняты да гэтага самага двубою.
Клічко прайграў праз тэхнічны накаўт у адзінаццатым раўндзе. Але самае прыкрае, што бой у выкананьні Клічко быў папросту клясны.
Была сапраўдная заруба: эмацыйная, яскравая, высокамастацкая. Абодва апыналіся на падлозе, абодва падымаліся й перамагалі саміх сябе.
Не было відаць клінчу, заўсёднага прыёму, якім Клічко карыстаўся пастаянна і з посьпехам, віснуўшы на менш габарытным суперніку й выматваючы ягоныя сілы, што ператварала бокс у зануднаватае відовішча.
Гледачы ўбачылі драму, настоеную на сапраўдных пачуцьцях. Ня толькі таму, што Джошуа быў незвычайным супернікам для ўкраінца – ён па сваёй антропамэтрыі ніяк ня меншы за Клічко і мае дваццаць восем гадоў супраць сорак аднаго ў Клічко, але яшчэ й таму, што Ўладзімер разумеў, што магчыма гэта ягоны адзін з апошніх баёў у кар'еры, у якой апошнія амаль дзесяць гадоў Клічко ня меў сабе роўных.
Пасьля паразы ад Ф'юры бой з Джошуа для ўкраінца важыў надзвычай шмат. Хоць гэта й не паведамлялася, але было ясна, што перамога ў такім баі для спартоўца, які сабраў бы тры найважнейшыя чэмпіёнскія паясы, выдатная магчымасьць паставіць заміж кропкі на сваім спартовым шляху тлусты клічнік і сысьці непераможаным.
Кожнаму хочацца завершыць кар'еру на вяршыні, але далёка ня кожны мог сабе гэта дазволіць, нават тыя, хто залічаны ў кагорту вялікіх.
Нават Мухамэд Алі й Майк Тайсан ня здолелі сысьці з каралеўскай каронай на галаве.
Асабліва запомніўся вызначальны ў заканчэньні кар'еры, як апынулася пазьней, бой жалезнага Майка супраць Эвандэра Холіфілда.
Той бой так і ня быў закончыны зь вядомай прычыны – Тайсан адгрыз Холіфілду кавалак вуха.
Звышагрэсіўнаму й звышэмацыйнаму Майку тое вуха было без патрэбы, ня гледзячы на ўсю ягоную эпатажнасьць. Папросту менавіта бой з Холіфілдам быў апошняй магчымасьцю затрымаць сваю эпоху, і калі Тайсан зразумеў, што ягоны час вычарпаны дашчэнту, проста перажыць гэты момант яму не хапіла ні сілаў, ні выхаваньня.
Дарэчы, адразу пасьля бою Клічко – Джошуа паказвалі нарэзку зь меркаваньнямі былых вялікіх, хто на чыім баку. Дык вось, адказ Тайсана быў красамоўны:
«У гэтым двубоі я на баку Клічко, таму што ён як бы з маёй эры».
Так, Клічко апошні з тае эпохі вялікіх. Новая эпоха мусіць нарадзіць сваіх вялікіх, магчыма, адным зь іх стане Энтані Джошуа.
У Клічко, вядома, застаецца права на матч-рэванш, пра гэтае сваё права ягоная каманда ўжо заявіла. Джошуа ня супраць.
Магчыма, нас чакае яшчэ адзін відовішчны бой. Магчыма, Клічко ў ім пераможа, чаго я яму ўсяляк жадаю, але гэта ніяк не паўплывае на зьмену эпох. Бо такі закон жыцьця.
Дарэчы, эпоха мяняецца ня толькі ў прафэсійным боксе, але і ў нашай з вамі рэчаіснасьці. Жыцьцё ў гэтым сэнсе падобнае на бокс, краіны – на баксэраў. Паралелі відаць нават нязброеным вокам.
Калі ў цябе пад бокам задужа эмацыйны й агрэсіўны партнэр, які адчувае, што ягоны час сыходзіць, варта пільнаваць свае вушы. На прыкладзе Ўкраіны пра гэта мусіць памятаць і Беларусь.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.