Паляніца-Здруй — курортны гарадок у Ніжняй Сылезіі, паблізу чэскай мяжы. Горад спэцыялізуецца на аздараўленчым турызьме, і ўся інфраструктура вакол яго працуе на турыстычныя патрэбы.
Турыстычны сэзон тут цэлы год. Апрача традыцыйных санаторыяў зь мінэральнымі водамі і працэдурамі, у горадзе ёсьць лякарні, якія займаюцца плястычнай хірургіяй, эстэтычнай мэдыцынай, дэрматалёгіяй, разнастайнымі СПА-паслугамі і г.д.
Бурмістар Паляніцы (у Беларусі гэтай пасадзе адпавядае старшыня гарвыканкаму) Ежы Тэрлецкі не бяз гонару паказвае свой гарадок, які разьмясьціўся каля падножжа гары зь нечаканай для такіх утульных мясьцін назвай — Пякельная. Тут, на «землях адзысканых», стаяць неверагодныя вілы ў прускім стылі, амаль у кожнай — ці гатэлік, ці крамка, ці бар, ці рэстарацыя. Нямецкая архітэктура зусім непадобная да таго, што можна пабачыць на Падляшшы альбо ў цэнтральнай Польшчы.
— У нашым горадзе трохі болей за 6 тысяч жыхароў, а за год мы прымаем да 200 тысяч турыстаў. Прычым гэта толькі тыя, хто селіцца па гатэлях. Бюджэт гораду складае да 26 мільёнаў злотых у год. Прычым гэта лічба без датацый з Эўразьвязу — а на праекты аднаўленьня і пабудову інфраструктуры гораду мы атрымліваем часам да 75% сродкаў менавіта з датацый Эўразьвязу. Наша гміна заўсёды сярод ста лепшых гмін у Польшчы.
Мы праходзім праз цэнтар гарадка, побач з тэатрам, паркам, затым уздоўж рэчкі. Бурмістар Тэрлецкі паказвае на шыльдачкі з эўразьвязаўскай сымболікай: яны азначаюць, што аб’ект быў адноўлены або збудаваны з дапамогай сродкаў Эўразьвязу.
— Яшчэ некалькі гадоў таму тут уздоўж рэчкі было ўсё зарослае, сядзелі хлопцы, піва пілі, прайсьці было страшна. А цяпер тут любяць гуляць турысты, месца стала ня толькі прыгожае, а і ажыўленае. А вось дзіцячыя пляцоўкі, тут заўсёды шмат дзетак, бо ёсьць дзе пагуляць. Акрамя гэтага, за сродкі Эўразьвязу мы пабудавалі для гораду новыя ачышчальныя сыстэмы, ня маем больш праблемаў зь пітной вадой у кранах, разабраліся зь перапрацоўкай сьмецьця, працягваем будаваць дарожкі — роварныя, пешаходныя. А гэта ўсё таксама нятанныя праекты.
Пан Тэрлецкі дзеліцца сакрэтамі, як весьці турыстычны бізнэс. Цяпер недастаткова, каб мэдыцынскія паслугі былі на высокім сучасным узроўні — турыст цяпер надае шмат значэньня бясьпецы. Таму, кажа спадар Тэрлецкі, у горадзе больш за 1500 ліхтароў, горад экалягічна бясьпечны, у сучасных шпіталях кожны турыст можа атрымаць мэдыцынскую дапамогу, што б зь ім ні здарылася.
— У тым ліку і з гэтай прычыны, — кажа Тэрлецкі, — так шмат турыстаў у гарадку цяпер. І на летнія месяцы месцы ў гатэлях і санаторыях ужо раскупленыя.
Цікаўлюся ў бурмістра — калі пачаліся такія зьмены? Ён паказвае на прыгожыя вілы ў прускім стылі і кажа, што ў часы сацыялістычнай Польшчы тут усё выглядала зусім інакш: абсыпалася і нішчылася на вачах.
— Мушу сказаць, што зьмены пачаліся нават не з таго часу, як Польшча ўступіла ў Эўразьвяз, а раней, калі ў нас зьявілася самакіраваньне. Калі людзі самі пачалі абіраць кіраўніка гораду, калі падаткі пачалі заставацца ў горадзе, а не ісьці да нас з Варшавы, калі мы па-сапраўднаму сталі гаспадарамі свайго гораду. Я бываў ва Ўкраіне, зьбіраюся ў Беларусь і ўяўляю ў прынцыпе вашы сыстэмы. Перакананы, што ў гарадах Беларусі адчувальныя перамены пачнуцца тады, калі ў вас зьявіцца самакіраваньне.
Іншаземцаў у Паляніцу прыяжджае ня больш за 10%, пераважна курорт жыве за кошт польскага турыста. Курорт стараюцца рэклямаваць, але яшчэ больш дбаюць пра тое, каб рос узровень паслуг. А на гэта, кажа бурмістар, патрэбны час, бо хутка такія праекты не зьдзяйсьняюцца.
— Ці бываюць у вас турысты зь Беларусі?
— Напэўна, бываюць. Я, праўда, зь імі ні разу не сустракаўся. Але да нас прыяжджае на працу шмат украінцаў, і мушу сказаць, што мясцовыя людзі імі задаволеныя. Яны не ствараюць ніякіх праблемаў, а працуюць больш, чым палякі, і за меншыя грошы. А вось беларусаў вельмі мала. Магчыма, яны да нас не даяжджаюць. Праўда, да нас прыяжджаюць на сьвяты розныя танцавальныя і іншыя калектывы зь Беларусі. Яны нам вельмі падабаюцца і блізкія да нашай культуры. Быў адзін час, калі да нас паехалі турысты з Расеі, але пасьля таго, што адбылося ў Крыме, іх наплыў хутка спыніўся. Бо ў Польшчы гэтую ідэю не падтрымліваюць, і расейскія турысты гэта адразу адчулі.
— Ці не маглі б вы падзяліцца сакрэтамі посьпеху вашага курорту?
— Я ўжо казаў пра сучаснасьць аздараўленчага турызму, пра бясьпеку і камфорт, які любяць турысты. Хачу дадаць яшчэ і пра дынаміку турызму. Мы рэклямуем ня толькі сябе, але і турыстычныя аб’екты, якія паблізу ад нас. Бо, скажам, пакатаўшыся на лыжах у гарах, чалавек можа пацікавіцца і тым, што такое аздараўленчы турызм, а значыць, заедзе і ў Паляніцу.
— Наколькі я зразумеў, ваш горад зарабляе толькі з турызму?
— І добра зарабляе, павінен вам сказаць. Думаю, што і ваш горад можа гэта рабіць, бо турызм — гэта добрая паслуга, якую трэба прадаць.
— Колькі ў сярэднім грошай траціць за дзень турыст у вашым горадзе?
— У сярэднім трэба патраціць прыкладна 100 злотых, каб мець жыльлё і харчаваньне. Але можна наймаць кватэру на суткі за 45–50 злотых — праўда, ужо без харчаваньня.
— У вас даволі своеасаблівая кухня. Мне нават здаецца, не такая, як ва ўсёй Польшчы?
— Кухня — гэта вельмі важна для турыста. Павінен сказаць, што ў нашым рэгіёне яна не зусім нацыянальная. Справа ў тым, што польскай традыцыі да 1945 году тут не было, яна дагэтуль ствараецца. Пасьля вайны ў Паляніцу прыехалі жыць ня толькі людзі з заходняй Украіны, Беларусі — пазьней сюды прыяжджалі і грэкі, і македонцы, іншыя нацыянальнасьці. Яны тут сяліліся і дагэтуль жывуць. І ўсе яны ўносілі свой культурны калярыт, у тым ліку і ў кухню. Гэтая традыцыя працягваецца і разьвіваецца. У нас праводзяцца рознага кшталту фэстывалі, і тут можна паспытаць самую розную кухню. Вучыцца ад іншых і паказваць тое, што ўмееш сам — гэта вельмі важная справа.
— Колькі чыноўнікаў працуе ў адміністрацыі вашага гарадка?
— Агулам, разам нават з прыбіральшчыцамі, 32 асобы. У гміне толькі тры паліцыянты. І, дарэчы, калі мне мае калегі часам кажуць, што варта павялічыць колькасьць супрацоўнікаў, то я заўсёды адказваю, што ня супраць, але толькі тады давядзецца дзяліць вашы заробкі на новых работнікаў.
На разьвітаньне пан Тэрлецкі кажа: багацьце гораду — гэта багацьце ягоных жыхароў, і калі людзі гэта ўсьведамляюць, то нават гэтага ўжо дастаткова.