Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна на раздарожжы: быць альбо ня быць Македоніі


Пратэстоўцы каля будынку македонскага парлямэнту
Пратэстоўцы каля будынку македонскага парлямэнту

Дзясяткі дэманстрантаў штурмавалі 28 красавіка парлямэнт Македоніі і напалі на некалькіх дэпутатаў пасьля таго, як сьпікерам парлямэнту быў абраны этнічны альбанец. Гэта самыя трывожныя навіны з гэтай балканскай краіны, якая больш за два гады таму апынулася ў палітычным тупіку.

Раззлаваныя нацыяналісты, некаторыя з чорнымі маскамі на тварах, узначалілі штурм, а ўварваўшыся ў будынак, кідаліся крэсламі і пускалі ў ход кулакі. Пазьней яны працягвалі гвалтоўныя дзеяньні на вуліцы, дзе біліся з спэцназам, які ачапіў тэрыторыю вакол будынку парлямэнту.

Каля дзясятка пратэстоўцаў 28 красавіка паставілі намёты на газоне перад парлямэнтам, каб «бараніць Македонію».

Тым часам дэпутаты адмовіліся склікаць надзвычайнае пасяджэньне, якога дамагаўся прэзыдэнт Гёрге Іванаў.

Як да ўсяго гэтага дайшло?

Палітычны крызіс ахапіў Македонію два гады таму, калі прагучалі абвінавачаньні, што кіраўнічая кансэрватыўная партыя ВМРО-ДПМНЭ, узначальваная былым прэм’ерам Ніколам Груеўскім, адказная за незаконнае сачэньне за 20 тысячамі грамадзянаў, у тым ліку за журналістамі, палітыкамі і рэлігійнымі лідэрамі. Гэта выклікала масавыя антыўрадавыя пратэсты. У выніку кабінэт Груеўскага быў вымушаны падаць у адстаўку.

З таго часу ў краіны чатыры разы праводзіліся датэрміновыя выбары, ніводныя зь якіх не прывялі да стварэньня стабільнага ўраду. У выніку апошніх выбараў у сьнежні 2016 году ВМРО-ДПМНЭ атрымала 51 месца, а апазыцыйны Сацыял-дэмакратычны саюз 49 месцаў у 120-асабовым парлямэнце.

Ніводзін з бакоў ня здолеў стварыць урад большасьці, пакуль сацыял-дэмакраты пад кіраўніцтвам Зорана Заева не пагадзіліся ўтварыць кааліцыю зь некалькімі альбанскімі партыямі, пагадзіўшыся зь іх патрабаваньнямі пашырэньня правоў і абвяшчэньня альбанскай мовы другой афіцыйнай у некаторых раёнах краіны.

Прэзыдэнт Гёрге Іванаў, які таксама належыць партыі ВМРО-ДПМНЭ, адмовіўся даць Заеву афіцыйны мандат на стварэньне ўраду, заявіўшы, што пытаньне альбанскай мовы можа загубіць македонскую незалежнасьць.

Чаму гэта ня толькі македонская праблема?

Невыпадкова Балканы называюць парахавой бочкай Эўропы. Некалі забойства ў Сараеве аўстра-вугорскага эрцгерцага Франца-Фэрдынанда прычынілася да выбуху Першай сусьветнай вайны.

У канцы ХХ стагодзьдзя распад былой Югаславіі суправаджаўся варажнечай паміж рознымі этнічнымі групамі ў рэгіёне.

Шматлікія аналітыкі зазначаюць, што Дэйтанскія пагадненьні, якія прынесьлі мір на Балканы, былі ў найлепшым выпадку толькі часовым рашэньнем, і што без надзейнага доўгатэрміновага пагадненьня і ўмацаваньня дэмакратычных інстытутаў сытуацыя на поўдні Эўропы будзе заставацца няўстойлівай.

Рэспубліка Македонія ня мае доступу да мора і мяжуе з Грэцыяй, Баўгарыяй, Альбаніяй, Косавам і Сэрбіяй.

Яе насельніцтва — 2,1 мільёна чалавек, пераважна македонцы. Каля чвэрці насельніцтва складаюць этнічныя альбанцы, бальшыня зь якіх жыве на поўначы і паўночным захадзе краіны на мяжы з Косавам і Альбаніяй. Апрача іх у краіне жывуць сэрбы, басьнякі, туркі, цыганы, чарнагорцы, харваты і ўлахі.

Напружаньне паміж славянскамоўнымі народамі і альбанцамі, якіх у рэгіёне налічваецца каля 8 мільёнаў, у тым ліку па 1,5 мільёна ў Сэрбіі і Косаве, лічыцца найбольшай крыніцай небясьпекі ў рэгіёне.

Ці рухаецца Македонія на Захад?

Былая фэдэральная рэспубліка Югаславіі, якая ў 1991 годзе здабыла незалежнасьць, Македонія дамагаецца далучэньня да Эўразьвязу ад 2005 году, калі яна атрымала статус краіны-кандыдаткі, аднак канкрэтныя перамовы аб уступленьні яшчэ не пачаліся. Краіна мае таксама намер далучыцца да блёку НАТО.

Аднак македонскія памкненьні далучыцца да абедзьвюх арганізацыяў блякуе Грэцыя з прычыны спрэчкі вакол назвы краіны. На думку Грэцыі, ужываньне тэрміну «Македонія» хавае ў сабе тэрытарыяльныя прэтэнзіі на грэцкі рэгіён з такой самай назвай.

Працягваючы перамовы аб далучэньні да ЭЗ, краіна на патрабаваньне Грэцыі афіцыйна называецца «Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія». НАТО ставіць умовай для афіцыйнага запрашэньня толькі пасьля вырашэньня канфлікту вакол назвы.

Як у сьвеце рэагуюць на апошнія падзеі ў Скоп’е?

Брусэль, Вашынгтон і Бэрлін неадкладна асудзілі праявы гвалту 27 красавіка, назваўшы іх ударам па дэмакратыі.

Адказная за міжнародныя справы ў Эўразьвязе Фэдэрыка Магерыні папярэдзіла аб тым, што «гвалт недапушчальны, тым больш калі ён адбываецца ў доме дэмакратыі».

Амбасада ЗША ў Скоп’е асудзіла гвалт «самым рашучым чынам», паведаміўшы праз Твітэр, што ён «несумяшчальны з дэмакратыяй і непрымальны як спосаб вырашэньня разыходжаньняў».

Расейскае міністэрства замежных справаў заявіла, што палітычны крызіс у Македоніі выкліканы «грубым умяшаньнем» Захаду ва ўнутраныя справы краіны.

Адміністрацыя прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў сваёй заяве выказала «глыбокую занепакоенасьць» і зазначыла, што «Македонія адыгрывае ключавую ролю ва ўсталяваньні трывалага міру на Балканах».

У Сэрбіі новаабраны прэзыдэнт і цяперашні прэм’ер-міністар Аляксандар Вучыч правёў кансультацыі ў пытаньнях бясьпекі і папярэдзіў, што падзеі ў Македоніі «ўяўляюць сабой праблему для ўсіх нас, хто жыве тут, і лепш вырашыць усе праблемы і забясьпечыць мір і стабільнасьць для нашых дзяцей».

Што можа змусіць македонскіх лідэраў вырашыць гэты крызіс?

Нягледзячы на посьпехі ў рэфармаваньні сваёй малой адкрытай эканомікі за апошнія дзесяць гадоў, Македонія застаецца адной з найбяднейшых краінаў Эўропы. Эканамічны рост быў стабільны ў 2002-2008 гадах і складаў 4,3%, аднак пасьля 2009 году запаволіўся ўдвая і цяпер дасягае ў сярэднім 2,1%.

Цяперашні палітычны крызіс можа мець нэгатыўны ўплыў на эканоміку і яшчэ больш зьбядніць краіну, калі ня будзе своечасова вырашаны, папярэджвае Сусьветны Банк.

Улічваючы ўсё гэта і магчымы новы выбух гвалту, заходнія краіны заклікаюць прэзыдэнта Іванава паважаць вынікі выбараў і дазволіць утворанай кааліцыі сфармаваць новы ўрад. Гэта, на іх думку, узмоцніць дэмакратычныя інстытуты ў краіне і дазволіць ёй стаць на ногі, пазьбегнуўшы глыбокага эканамічнага крызісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG