Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 15 сутак за «Першамай». Суды ў Менску і іншых гарадах

абноўлена

Пасьля шэрагу несанкцыянаваных акцыяў (і адной санкцыянаванай) на 1 Траўня адбыўся шэраг судоў над іх удзельнікамі.

У Менску 2 траўня на 15 сутак арышту асудзілі сустаршыню БХД Паўла Севярынца і актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, а ў Гомлі 15-суткавы арышт атрымаў намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. У Берасьці актывіста Ўладзімера Казлоўскага арыштавалі на 10 сутак за «акцыю чыстых аркушаў».

Актывістаў Інгу Абрамаву (Берасьце), Аляксея Самайлюка (Берасьце) і журналіста Яўгена Меркіса (Гомель) аштрафавалі на сумы ад 5 да 15 базавых велічынь.

Суды над блогерам Зьмітром Гарбуновым (Берасьце) і актывістам Аляксандрам Кабанавым (Берасьце) перанесьлі.

У сьпісе-пратаколе за акцыю 1 траўня ў Менску каля 10 чалавек. Сярод іх Уладзімер Някляеў, Юрась Губарэвіч, Марына Адамовіч, Вячаслаў Сіўчык, Славамір Адамовіч, Леанід Кулакоў, Аляксей Клюшнічэнка, Алена Талстая, Ніна Багінская. Чакаецца, што іх таксама будуць судзіць.

12:00 2.5.2017

Пачаўся суд на Вінярскім

Менск. Цэнтральны раённы суд. Пачаўся адміністратыўны працэс над апазыцыйным актывістам Максімам Вінярскім. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў акцыі 1 траўня ў Менску.

11:52 2.5.2017

Севярынца і Вінярскага судзяць за акцыю 1 траўня

Менск. Судзіць Паўла Севярынца ў судзе Цэнтральнага раёну судзьдзя Вікторыя Шабуня, Максіма Вінярскага — судзьдзя Міхаіл Хома.

Падтрымаць актывістаў прыйшлі палітыкі Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька. Паводле Юрася Губарэвіча ўчора былі затрыманыя актывісты руху «За свабоду» ды іншых арганізацыяў у Берасьцейскай, Гарадзенскай абласьцях і Гомлі. Гэта Казакевіч У Баранавічах, Рамановіч у Пінску, Кабанаў і Абрамава ў Брэсьце, Палякоў у Гомлі, Масюк у Слоніме ды іншыя.

11:46 2.5.2017

Журналіста Меркіса аштрафавалі за лаянку

Гомель. Яўгена Меркіса судзьдзя Сяргей Новікаў аштрафаваў на 5 базавых велічыняў.

Яўген Меркіс заявіў, што адміністрацыйны пратакол грунтуецца на цалкам сфальшаваных абвінавачваньнях: «Бачыце, я, беларускамоўны чалавек з вышэйшай адукацыяй, скончыў БДУ, працаваў настаўнікам, — у двары, дзе гуляюць дзеці, перайшоў раптам на рускую мову, каб нецэнзурна лаяцца».

За стрым акцыяў пратэсту «недармаедаў» у Рагачове, Магілёве і Пінску сёлета Меркіса агулам аштрафавалі на 70 базавых велічыняў. Некалькі дзён таму Яўген вёў анлайн-трансьляцыю выхаду на волю з ізалятару гомельскага блогера Максіма Філіповіча.

11:44 2.5.2017

Меркіс назваў абвінавачваньне хлусьлівым

Гомель. У судзе журналіст Яўген Меркіс не прызнаў абвінавачваньне, назваўшы яго хлусьлівым.

2 траўня ў Навабеліцкім судзе Гомлю разглядаецца адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП) у дачыненьні да журналіста-фрылансэра, сябра БАЖ Яўгена Меркіса.

Міліцыянты затрымалі журналіста 30 красавіка, калі ён выйшаў з дому, і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Пра сваё затрыманьне Яўген Меркіс пасьпеў даслаць сябрам SMS.

10:46 2.5.2017

З турмы прывезьлі Севярынца і Вінярскага

У Цэнтральны райсуд Менску прывезьлі актывістаў Паўла Севярынца і Максіма Вінярскага, затрыманых пасьля несанкцыянаванай акцыі на 1 траўня, якая прайшла ў цэнтры Менску. Пакуль іх трымаюць ў міліцэйскім аўтамабілі. Хто іх будзе судзіць, невядома.

Павал Севярынец і яго жонка Вольга
Павал Севярынец і яго жонка Вольга

10:19 2.5.2017

У Гомелі судзяць журналіста за «лаянку», палітыка — за бела-чырвона-белы сьцяг

XS
SM
MD
LG