«У гісторыі з Б-Ч-Б у акне насупраць Міністэрства ўнутраных спраў журналісты не заўважылі самае галоўнае», — патлумачыў мне ў прыватнай гутарцы знаёмы афіцэр міліцыі.
«Вокны кватэры глядзяць акурат на вокны кабінэту міністра Ігара Шуневіча. А ў кватэры жыве „оппозиционно настроенное лицо“. А гэта патэнцыйная пагроза для бясьпекі будынку МУС».
Я наўмысна не перакладаў «оппозиционно настроенное лицо», бо ў беларускай юрыспрудэнцыі такога азначэньня няма. Гэта штосьці з унутранага слэнгу «органаў».
Далей знаёмы пачаў спасылацца на досьвед іншых краін, дзе побач з сілавымі міністэрствамі ніхто не жыве. А ў Менску праблема ўзьнікла праз тое, што калісьці насупраць будынкаў МУС і КДБ жылі правераныя людзі, а ў 1990-я куплялі хто хацеў. І што цяпер дзяржава абавязаная выкупіць кватэру ў «оппозиционно настроенного лица».
І, па лёгіцы, засяліць туды... свайго?
Спачатку ў мяне ў галаве пранесьліся думкі пра тое, што паводле закону высяленьне немагчымае, а значыць могуць быць ужытыя незаконныя сродкі, нейкі ціск. Але праблема падалася вынікам чагосьці больш важнага. А менавіта — хто такія «свае»?
«Апазыцыйна настроеныя» VS «свае». У кантэксьце дзяржавы, якая ёсьць сыстэмай, такі падзел выглядае нонсэнсам. Ёсьць грамадзяне, ёсьць дзяржаўная сыстэма, якая грамадзян абслугоўвае згодна законаў, якія тут могуць быць «свае» — «не свае»?
«Оппозиционно настроенное лицо». Апазыцыйна адносна чаго? Дакладна ня супраць дзяржавы. Людзі з Б-Ч-Б у руках у большасьці сваёй акурат выступаюць за моцную беларускую дзяржаву. І ня супраць МУС як такога, бо ў моцнай дзяржаве мусіць быць моцная міліцыя/паліцыя.
Мой знаёмы афіцэр міліцыі таксама за незалежную моцную беларускую дзяржаву. Але спасылаючыся на практыку розных краін, у тым ліку ЗША, у сфэры бясьпекі стратэгічна важных аб’ектаў, міліцыянт сьвядома ці не сьвядома хітруе. Бо калі правільна задаць пытаньне, адказ будзе відавочны.
«Оппозиционно настроенное лицо» не адносна чаго (міліцыі, дзяржавы), а адносна каго? Адносна Лукашэнкі, а больш дакладна — яго палітыкі. Гэта Лукашэнка зрабіў з нацыянальнай сымболікі знак апазыцыйнасьці да сябе. Адсюль і расшыфроўка паняцьця «свае». Гэта ня тыя, хто за моцную незалежную Беларусь, а тыя, хто пэрсанальна адданы аднаму чалавеку. Ня МУС, не дзяржаве, а канкрэтнаму грамадзяніну.
У мяне хапае знаёмых і ў міліцыі, і ў сьледчым камітэце. З кепскімі я не камунікую. Мае знаёмыя патрыёты Беларусі. Але як толькі нагадваеш пра канстытуцыйны пераварот 1996 году, абліччы ў іх выказваюць штосьці кшталту «усё разумеем, але што зробіш».
У некаторых дэмакратыях апазыцыйнасьць прапісаная заканадаўча. Апазыцыйнасьць — шматпартыйнасьць. Апазыцыйнасьць — не пагроза, а дыскусія і канкурэнцыя. Апазыцыйнасьць — разьвіцьцё. А ў Беларусі пакуль тыя, хто за дзяржаву — «апазыцыйныя». А ўнутры дзяржаўных органаў асноўны выбар — быць за дзяржаву ці служыць канкрэтнай асобе.
Гэта не пазыцыя дыскусіі і канкурэнцыі. І не стан разьвіцьця. Гэта выжываньне.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.