Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж Лідай і Ля-Маншам


Гісторыя лідзкага хлопца, якога жыцьцё змусіла курсаваць паміж Лідай і Ля-Маншам.

З Валодзем мы пазнаёміліся ў цягніку Беласток — Уроцлаў: сядзелі насупраць. Валодзя, пачуўшы маю беларускую мову, заўсьміхаўся і загаварыў да мяне па-расейску.

Высьветлілася, што ён зь Ліды, едзе на працу ў невялікі польскі гарадок побач з Уроцлавам. Яму 28 гадоў, мае сям’ю, дваіх дзетак. Валодзя займаецца перавозкамі, ён кіроўца ціру.

Пацікавіўся ў мяне з усьмешкай, ці заўсёды размаўляю па-беларуску, бо, маўляў, у Лідзе нідзе ня чуў, каб гаварылі на роднай мове. Але яму прыемна, адчувае нешта сваё.

А на тое, што я журналіст, Валодзя адрэагаваў меркаваньнем, што ў Беларусі не паказваюць па тэлевізіі праўды. Адразу нагадаў пра акцыі пратэсту недармаедаў, якія праходзілі ў Беларусі і пра якія СМІ ў Беларусі замоўчвалі. А яшчэ наадрэз заявіў, што ў Беларусі няма свабоднай прэсы, і не пакінуў нават ніякіх шанцаў на тое, каб пачуць, які СМІ я прадстаўляю.

— Мне, праўда, няма калі глядзець навіны, але час ад часу праз інтэрнэт імкнуся пачытаць, што дома адбываецца. З інтэрнэту ведаю, што акцыі пратэсту праходзілі ва ўсіх абласных гарадах і шмат людзей выходзілі на вуліцу, а тата і жонка распавядалі, што па беларускім тэлебачаньні пра гэта нічога не гавораць. Праўда, я ў палітыку ня лезу, ня бачу ў гэтым ніякага сэнсу.

Я папытаў у Валодзі, ці даўно ён працуе ў Польшчы.

— Няма у нас дзе зарабіць, каб на сям’ю хапіла. У тэлевізары адно паказваюць, а ў жыцьці зусім іншае. Мае сябры разьехаліся хто куды, і я таксама паехаў шукаць працы. Разумееце, у мяне двое дзетак, і я не хачу, каб яны ў жыцьці былі нечым абдзеленыя. Бо дзеля чаго яшчэ жыць? Толькі дзеля дзяцей і мусім жыць і працаваць. А грошай на тое, каб жылі нармальна, патрэбна шмат. У Польшчы я працую ўжо больш за шэсьць гадоў.

Паводле Валодзі, ён сам трапіў у Польшчу, працу знайсьці было нескладана. Маўляў, можна шукаць праз інтэрнэт, а можна папросту абзвоньваць па аб’явах з газэтаў. Беларусаў сустракае даволі рэдка, а яго зазвычай прымаюць за ўкраінца, паколькі іх тут, як кажа Валодзя, процьма.

— Я заўсёды кажу, што не з Украіны, а зь Беларусі, і тлумачыць далей не даводзіцца. Месцаў зьмяніў за гэты час некалькі. Хапіла рознага, бо часам і ашуквалі, не плацілі, але праз усё гэта прайшоў, цяпер у нармальнага гаспадара працую, праблемаў няма ніякіх. Магу дадаць яшчэ з уласнага досьведу, што ў Польшчы лепей уладкоўвацца ў фірму да паляка, а не да польскага беларуса, якія таксама ўжо паадкрывалі ўласныя фірмы, — там заўсёды знойдуцца праблемы.

Валодзя распавядае, што зазвычай месяц працуе, а потым на тыдзень едзе дадому. Кажа, што практычна ўвесь час ягонае жыцьцё праходзіць у машыне: тут ён і сьпіць, і гатуе ежу, мае дзеля гэтага ўсё неабходнае, а таму жыльля ў Польшчы ніякага не здымае.

— Жыву ў машыне і важу грузы па ўсёй Эўропе. Быў ва ўсіх краінах, апроч Англіі. Вось да Ля-Маншу даехаў, а ў Англію ня трапіў, бо віза патрэбная. Але работы хапае, ніколі сябе лішнім тут не адчуваў. Першаадкрывальнікам сябе таксама не лічу, паколькі сьлядоў беларускіх за ўсю гісторыю Эўропы тут дастаткова — некалі яшчэ ў школе пра гэта вучылі...

Мы глядзім у акно цягніка, які рухаецца з хуткасьцю 160 кілямэтраў за гадзіну. Валодзя паказвае на адноўленыя пэроны ў гарадках, на новыя рэйкі за акном; на тое, як адбудоўваецца чыгуначная інфраструктура, узводзяцца высокія агароджы каля жылых дамоў уздоўж чыгункі.

— Вось паглядзіце, колькі працы ёсьць толькі вакол чыгункі, а зьвярніце ўвагу на тое, якія сучасныя прадпрыемствы мільгаюць у нас за акном. Калі ня ведаць, што ты едзеш па Польшчы, то можна ўявіць сабе любую іншую эўрапейскую краіну — там усё так прыкладна і выглядае. І там на гэтых прадпрыемствах таксама ёсьць праца і прыстойныя заробкі, і гэтай працы хапае цяпер усім ахвотным...

Гэтыя словы гучаць зь ягоных вуснаў зь нейкім жалем... Валодзя распавядае, што працаваць яму нескладана, наагул падабаецца ў Эўропе, паколькі ўсё тут уладкавана для таго, каб чалавеку зручна жылося. Ён таксама ня мае праблемаў з мовай, паколькі польскую ведае, а ў іншых краінах карыстаецца ангельскай.

— Я, праўда, ангельскую добра ня ведаю, але таго, каб заехаць і разгрузіць тавар альбо загрузіць, разабрацца з дакумэнтамі, маіх ведаў хапае, праблемаў ніколі з гэтым ня меў. Ды і людзі, зь якімі мне даводзіцца мець дачыненьне, пераважна вельмі добра ставяцца да такіх, як я.

У якія ж краіны найбольш даспадобы езьдзіць майму суразмоўцу?

— Мне вельмі падабаецца бываць у Гішпаніі, Францыі, Нямеччыне, бо там усюды даволі зручныя пад’езды для майго ціра. А вось у краінах Бэнілюксу хоць і прыгожыя гарады, але пад’ехаць часам да патрэбнага аб’екта бывае вельмі складана. Зрэшты, Эўропа паўсюль прыгожая па-свойму.

Я асьцярожна пытаюся ў Валодзі пра заробкі, але разумею, што канкрэтыкі ня будзе. Гэтую тэму ён абыходзіць.

— Вядома, цяпер нават у Польшчы зарабляць тысячу даляраў — гэтага мала. Ды і ў Беларусі, каб жыць у дастатку, гэтых грошай на сям’ю таксама нестае — занадта высокія цэны, прычым практычна на ўсё. Мы вось глядзелі ў Лідзе кватэру новую, якую прадае «Гроднажылбуд» — 31 тысяча даляраў. Ну дзе ў нас такія грошы заробіш? А ў Польшчы такія грошы зарабіць рэальна, ды яшчэ каб крэдыт узяць пад некалькі адсоткаў, то гэта цалкам магчыма.

— Ці не прасьцей было б атрымаць польскае грамадзянства, перавезьці сям’ю ў Польшчу? — проста пытаюся ў Валодзі.

А ён сур’ёзна адказвае, што ня хоча гэтага і нават спробы здабыць «карту паляка» не рабіў, бо ніякіх польскіх каранёў насамрэч ня мае, а хлусіць ня хоча.

— Мне мой дырэктар прапаноўваў зрабіць від на жыхарства ў Польшчы, але я адмовіўся. Па-першае, трэба потым усе дакумэнты перарабляць, нават правы на кіраваньне машынай, а па-другое, не хачу я быць грамадзянінам іншай краіны. Проста не хачу, і ўсё... Ды й калі б была магчымасьць зарабляць у сваёй краіне, ці паехаў бы я куды-небудзь на заробкі? Калі нехта думае, што там усё так проста даецца, то гэта ня так. Мае дзеці растуць, а я бачу іх раз на месяц. Але ці ёсьць у мяне іншы выбар...

Валодзя выходзіў на нейкай невялічкай станцыі за некалькі прыпынкаў да Ўроцлава. Моцна паціснуў руку і разьвітаўся па-беларуску:

— Да пабачэньня, зямляк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG