Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

Касінерава аштрафавалі за пятлю на шыі «царскага гарадавога». Жывы блог

абноўлена

У судзе Маскоўскага раёну Менску прайшоў суд над актывістам Вячаславам Касінеравым. Яго вінавацілі ў хуліганскіх дзеяньнях: увечары 12 сакавіка ён накінуў пятлю на шыю скульптуры царскага гарадавога ў цэнтры Менску.

Праваабаронцы заяўляюць, што перасьлед мае палітычныя матывы, учынак быў не хуліганствам, а палітычным пэрформансам.

За хуліганства, паводле беларускага Крымінальнага кодэксу, пагражае штраф, выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін да 6 месяцаў або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Касінераў быў затрыманы ў час акцыі 12 сакавіка, у турме атрымаў мянушку «Слава Рэвалюцыі», быў вызвалены з-за кратаў пад падпіску пра нявыезд 21 красавіка.

Суд прызнаў Вячаслава Касінерава вінаватым у хуліганстве і аштрафаваў на 105 рублёў.

15:50 27.4.2017

У адсутнасьць сьведак і ў чаканьні прысуду

Суд вырашыў праводзіць працэс у адсутнасьць 5 сьведак, заяўленых абвінавачаньнем. У тым ліку прагучала прозьвішча сьведкі Падабеда — магчыма, гэта былы начальнік гарадзкога АМАПу.

Наступная стадыя — судовыя спрэчкі. Суд даў толькі 10 хвілінаў на падрыхтоўку да спрэчак. З гэтага можна зрабіць выснову, што ўжо сёньня будзе прысуд.

16:48 27.4.2017

Пракурор запатрабаваў для Касінерава 2 гады «хатняй хіміі»

На працэсе над Вячаславам Касінеравым пачаліся судовыя спрэчкі. Прадстаўнік абвінавачаньня Яўген Серакоў лічыць, што віна Касінерава ў хуліганстве падчас працэсу была цалкам даказаная сьведкамі, відэазапісамі ды рэчавымі доказамі.

Хуліганства, якое, паводле пракурора, учыніў Вячаслаў Касінераў, накіраванае на зьнявагу грамадзтва і яго каштоўнасьцяў і груба парушае грамадзкі парадак. Таксама ўчынку Касінерава, паводле пракурора, уласьцівы «выключны цынізм».

Тое, што Касінераў зрабіў свой учынак у цёмны час сутак, паводле пракурора, сьведчыць, што ён разумеў супрацьпраўны характар сваіх дзеяньняў. Да таго ж ён да іх рыхтаваўся.

Довады Касінерава, што гарадавыя, як і супрацоўнікі НКВД ды гестапаўцы, былі катамі беларускага народу, — гэта, паводле пракурора, ягоная адгаворка, каб пазьбегнуць адказнасьці.

Пракурор мяркуе, што ўчынак Касінерава ня быў ухвалены грамадзтвам, пра што сьведчыць большасьць камэнтароў. Таксама, на думку пракурора, суд павінен улічыць той факт, што Касінераў нідзе не працуе.

У выніку пракурор папрасіў прызнаць Касінерава вінаватым паводле 1 часткі 339 артыкула Крымінальнага кодэксу і пакараць 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня — гэтак званай «хатняй хіміі».

16:50 27.4.2017

Адвакат: Касінерава апраўдаць, справу закрыць

Адвакат Антон Гашынскі абураны, на якой падставе ягонаму падабароннаму інкрымінуецца 1 частка 339 артыкулу. Ён не нанёс нікому шкоды, ніякага гвалту ў дзеяньнях Касінерава не было. А тое, што «скульптура нібыта ўвасабляе» парадак у горадзе — гэта домыслы пракурора, нідзе гэта не пазначана.

Паводле адваката, Касінераў гэтак выказаў свае погляды на працу міліцыі, у кантактах зь якой у яго быў толькі адмоўны досьвед. Адвакат нагадаў і тое, што на афіцыйных мерапрыемствах прадстаўнікі ўлады знаходзяцца не ў афіцыйнай форме, а ў «нейкіх касьцюмах» — відаць, маючы на ўвазе міністра ўнутраных спраў Шуневіча, які апрануў на парад форму НКУС. Адвакат згадаў свой уласны радавод — ягоны прадзед быў расстраляны НКУС па ілжывым даносе. Сам Гашынскі быў абураны, калі даведаўся, што міністар ухваляе дзеяньні супрацоўнікаў НКУС, якія расстрэльвалі невінаватых людзей.

«Частка грамадзтва, як Касінераў, не падзяляе гэтыя погляды. Касінераў выказаў свае погляды гэтак, але мірна, не парушаючы грамадзкі парадак, без прыпісанага яму цынізму». Паводле адваката, сьледзтва па справе Касінерава яўна нацягнула ягонае адміністрацыйнае парушэньне да памераў крымінальнага. «Гэта проста быў пэрформанс, прадстаўленьне. Уявіце, што вулічны музыка ў пераходзе прасьпявае песьню, скажам, групы „Ленінград“, дзе ёсьць кепскія словы. І як зь ім быць? Таксама саджаць у турму? Як ні паглядзі на такія дзеяньні, у іх адсутнічае „выключны цынізм“». Адвакат мяркуе, што Касінерава варта апраўдаць, а справу закрыць.

17:04 27.4.2017

Апошняе слова «ворага гарадавых»

Суд даў права апошняга слова абвінавачанаму Вячаславу Касінераву. Ён сказаў, што такія дзеяньні, якія ён зрабіў, нясуць максымум адміністрацыйную адказнасьць, бо ён не ўчыняў ніякага гвалту. А крымінальніка зь яго робяць наўмысна.

Адразу пасьля затрыманьня яго пачалі абвінавачваць, што ён нібыта хацеў зламаць гэтую скульптуру. Паводле Касінерава, сама вярхоўная ўлада ў Беларусі правакуе людзей на пратэсты, бо паводзіць сябе па-хамску, беспадстаўна ўжывае сілу. Касінераў пратэстуе супраць сыстэмы, якая культывуе гвалт як сродак абыходжаньня зь іншадумцамі.

«Прычыны таксама ў тым цемрашальстве, якое твораць міліцыянты ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў». Касінераў згадаў, што першыя пачутыя ад міліцыянта словы, які яго затрымаў, было „хачу павесіць цябе ў Курапатах“. Касінераў заявіў: „Нельга з гэтым мірыцца. За грамадзянскую пазыцыю ў Беларусі судзіць не мусяць“».

17:43 27.4.2017

Прысуд — штраф 5 базавых

Вячаслава Касінерава прызналі вінаватым у хуліганстве.

Прысуд вынес судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Аляксандар Петраш.

Інцыдэнт, за які пакараны Вячаслаў Касінераў, адбыўся 12 сакавіка. Касінераў павесіў пятлю на скульптуру менскага гарадавога.

5 базавых велічынь — гэта 105 рублёў.

Пракурор прасіў для Касінерава 2 гады хіміі.

Прысуд сустрэлі апладысментамі.

Вячаслаў Касінераў з сваёй дзяўчынай Марыяй пасьля суду
Вячаслаў Касінераў з сваёй дзяўчынай Марыяй пасьля суду

17:47 27.4.2017

Касінераў сказаў, што вельмі задаволены прысудам, чакаў ня менш за паўтара года хіміі. Лічыць, што спрацавала грамадзкая салідарнасьць.

XS
SM
MD
LG