Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

Касінерава аштрафавалі за пятлю на шыі «царскага гарадавога». Жывы блог

абноўлена

У судзе Маскоўскага раёну Менску прайшоў суд над актывістам Вячаславам Касінеравым. Яго вінавацілі ў хуліганскіх дзеяньнях: увечары 12 сакавіка ён накінуў пятлю на шыю скульптуры царскага гарадавога ў цэнтры Менску.

Праваабаронцы заяўляюць, што перасьлед мае палітычныя матывы, учынак быў не хуліганствам, а палітычным пэрформансам.

За хуліганства, паводле беларускага Крымінальнага кодэксу, пагражае штраф, выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін да 6 месяцаў або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Касінераў быў затрыманы ў час акцыі 12 сакавіка, у турме атрымаў мянушку «Слава Рэвалюцыі», быў вызвалены з-за кратаў пад падпіску пра нявыезд 21 красавіка.

Суд прызнаў Вячаслава Касінерава вінаватым у хуліганстве і аштрафаваў на 105 рублёў.

16:48 27.4.2017

Пракурор запатрабаваў для Касінерава 2 гады «хатняй хіміі»

На працэсе над Вячаславам Касінеравым пачаліся судовыя спрэчкі. Прадстаўнік абвінавачаньня Яўген Серакоў лічыць, што віна Касінерава ў хуліганстве падчас працэсу была цалкам даказаная сьведкамі, відэазапісамі ды рэчавымі доказамі.

Хуліганства, якое, паводле пракурора, учыніў Вячаслаў Касінераў, накіраванае на зьнявагу грамадзтва і яго каштоўнасьцяў і груба парушае грамадзкі парадак. Таксама ўчынку Касінерава, паводле пракурора, уласьцівы «выключны цынізм».

Тое, што Касінераў зрабіў свой учынак у цёмны час сутак, паводле пракурора, сьведчыць, што ён разумеў супрацьпраўны характар сваіх дзеяньняў. Да таго ж ён да іх рыхтаваўся.

Довады Касінерава, што гарадавыя, як і супрацоўнікі НКВД ды гестапаўцы, былі катамі беларускага народу, — гэта, паводле пракурора, ягоная адгаворка, каб пазьбегнуць адказнасьці.

Пракурор мяркуе, што ўчынак Касінерава ня быў ухвалены грамадзтвам, пра што сьведчыць большасьць камэнтароў. Таксама, на думку пракурора, суд павінен улічыць той факт, што Касінераў нідзе не працуе.

У выніку пракурор папрасіў прызнаць Касінерава вінаватым паводле 1 часткі 339 артыкула Крымінальнага кодэксу і пакараць 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня — гэтак званай «хатняй хіміі».

15:50 27.4.2017

У адсутнасьць сьведак і ў чаканьні прысуду

Суд вырашыў праводзіць працэс у адсутнасьць 5 сьведак, заяўленых абвінавачаньнем. У тым ліку прагучала прозьвішча сьведкі Падабеда — магчыма, гэта былы начальнік гарадзкога АМАПу.

Наступная стадыя — судовыя спрэчкі. Суд даў толькі 10 хвілінаў на падрыхтоўку да спрэчак. З гэтага можна зрабіць выснову, што ўжо сёньня будзе прысуд.

15:50 27.4.2017

Не скульптура, а «малая архітэктурная форма»

Касінераву суд даў магчымасьць сябе ахарактарызаваць. «Ні ў якім разе не зьяўляюся хуліганам, як падаюць некаторыя «сьведкі». Пра матэрыяльны дастатак сказаў, што «на жыцьцё хапае», падрабляе дзе-нідзе курʼерам ці грузчыкам. Пра стан здароўя сказаў, што ня быў на ўліку ў псыхдыспансэры і не лячыўся ад ужываньня сьпіртных напояў. Дачку бачыць 3-4 разы на тыдзень. На біржы не стаіць, шукае працу, праходзіць сумоўі. Абаронца зачытаў камэнтар у газэце «Наша ніва» на словы начальніка менскай гарадзкой міліцыі Барсукова, які асуджаў учынак Касінерава. Там указваецца, што скульптура «менскага гарадавога» ня ёсьць помнікам, а «малой архітэктурнай формай». «Немагчыма нейкімі дзеяньнямі датычна скульптуры кагосьці зьняважыць», — мяркуе адвакат.

15:44 27.4.2017

Мужчына ў капюшоне на апэратыўным відэа

Удзельнікі працэсу праглядзелі тры кавалкі відэа, зьнятага 12 сакавіка каля будынку МУС. На іх бачна, як мужчына ў капюшоне рабіў пэўныя дзеяньні адносна «менскага гарадавога». Касінераў пацьвердзіў, што гэта ён накінуў вяроўку на скульптуру.

Адвакат заўважыў, што відэа не пацьвердзіла словы сьведак, што Касінераў зьбег зь месца інцыдэнту. Раней Касінераў сьцьвярджаў, што ён проста сышоў ад помніка. На відэа сапраўды бачная постаць яшчэ аднаго чалавека побач з Касінеравым. Той чалавек зьявіўся і сышоў адначасова з Касінеравым, але да скульптуры разам зь ім не набліжаўся. Падобна на тое, што гэта была дзяўчына, а не мужчына.

14:44 27.4.2017

Працэс аднавіўся

Суд пачаў вывучэньне пісьмовых матэрыялаў справы. У першым зачытаным фрагмэнце з рапарту — несупадзеньне:

«На відэа зафіксаваныя два мужчыны, адзін зь іх накінуў пятлю на шыю скульптуры «менскі гарадавы». Потым — «гэтага мужчыну затрымалі, другі мужчына зьбег». Між тым сьведкі раней казалі, што бачылі на відэа і на вуліцы разам з Касінеравым не мужчыну, а дзяўчыну.

13:22 27.4.2017

Сьведчыць маці Касінерава

Маці Касінерава Марыя Тарошчына пагадзілася даваць паказаньні. Сказала пра Касінерава, што ён «вельмі добры сын, шмат чытае, ня паліць, не мае дрэнных звычак». Закончыў гістфак БДУ, вучыўся добра і ў школе і ва ўнівэрсытэце. Ведае, што раней сына прыцягвалі да адказнасьці за графіці, што пры затрыманьні атрымаў ад міліцыянтаў траўму. Як бацька ўдзельнічае ў выхаваньні дачкі. Ведае, што сын спрабаваў працаўладкавацца, але яго не бралі.

Пракурор спытаў, ці ведае яна, дзе знаходзіўся сын 12 сакавіка?

Сьведка адказала, што сына дома не было, а Марына Насенка, ягоная дзяўчына, была дома пасьля 22 гадзінаў. Маці Касінерава стала вядома, што сына затрымалі за ўдзел ў маршы, а не за дзеяньні адносна скульптуры.

Пра ўчынак сына яна сказала: «Ён не нанёс нікому шкоды, а ягоныя меркаваньні — гэта ягонае права».

Судзьдзя спытаў, чаму сын зьмяніў прозьвішча?

Марыя Тарошчына патлумачыла, што сын зьмяніў прозьвішча Тарошчын на Касінераў, бо ў яго склаліся дрэнныя адносіны з бацькам.

Перапынак да 14.30.

12:58 27.4.2017

Сьведка-начальнік

Сьведка, падпалкоўнік міліцыі з Маскоўскага РУУС Уладзімер Гайдукоў «афармляў» Касінерава ў Маскоўскім РУУС, куды яго прывезьлі пасьля затрыманьня, сказаў, што пратакол затрыманьня ўжо быў складзены і яму яго перадалі. Пры гэтым Гайдукоў ня змог указаць сярод сьведак у зале чалавека, які даставіў Касінерава ў Маскоўскае РУУС Менску. Гайдукоў, як і ранейшыя сьведкі, адмаўляе, што пагражаў Касінераву гвалтам пасьля затрыманьня.

12:51 27.4.2017

12:24 27.4.2017

Трэцяя сьведка, якая ўсё бачыла

Наступная сьведка Алена Шамкаловіч распавяла, што ўвечары 12 сакавіка ехала па вуліцы уздоўж Міністэрства ўнутраных спраў. Зьвярнула ўвагу на маладога чалавека ў масцы, разам зь ім была дзяўчына. Тут гэты чалавек накінуў вяроўку на скульптуру, а дзяўчына гэта здымала. Тут яна пачула крык, выскачыў вайскоўца ў фуражцы, і яна бачыла, як малады чалавек пабег.

Спачатку ў двор, потым разьвярнуўся і пабег ўніз. Тое, што яна бачыла цягнулася ўсяго некалькі сэкундаў.

«Я там ня першы раз ежджу, скульптуру гэтую ведаю». Судзьдзя зьняў пытаньне адваката пра тое, ці ёсьць у сьведкі сваякі сярод міліцыянтаў.

Адвакат: А як даўно вы бачылі там скульптуру гарадавога? — «Ну, пэўна паўгода», — сказала сьведка. Насамрэч скульптура была адкрытая некалькі дзён да таго.

Сьведка, паводле яе слоў, бачыла інцыдэнт, бо ў яе аўтамабіля «Нісан» было раскрытае акно. Падзеі адбываліся 12 сакавіка ў 22 гадзіны.

12:17 27.4.2017

Дыялёг адваката з другім сьведкам

Адвакат зьвярнуў увагу на тое, што сьведка Булгак вельмі падрабязна распавядае пра дэталі інцыдэнту, але пры гэтым ня памятае даты допыту. «Чаму?»

— Не магу патлумачыць. Пісьмовымі дакумэнтамі не карыстаўся. Што памятаю, тое і кажу.

Адвакат: Ці давалі вам загад выбягаць і затрымліваць Касінерава?

— У нас першапачаткова ставілася задача выбягаць і затрымліваць тых, што парушае тут парадак. — А якія менавіта дзеяньні абвінавачанага былі правапарушэньнем?

— Тое, што ён накінуў пятлю. Нічога нельга наклейваць, накідваць.

— А фатаграфавацца са скульптурай можна?

— Можна, але так, каб не зьневажаць.

— А дзе гэта напісана? Адкуль звычайнаму мінаку гэта ведаць?

На гэтае пытаньне сьведка не адказаў, пацьвердзіў, што там не было папераджальнай таблічкі ці агароджы.

Сьведка пацьвердзіў, што Касінераў не супраціўляўся, не хапаўся за вопратку, нічога не выкрыкваў.

— А навошта вы адзелі на яго кайданкі, калі ён не супраціўляўся? Была неабходнасьць у гэтым?

--- У прынцыпе — не.

— А хіба скульптура ёсьць часткай Міністэрства унутраных спраў?

— Не.

— Ці ёсьць там таблічка, што гэтая скульптура ўсталяваная ў гонар 100-годзьдзя менскай міліцыі?

— Няма такой.

Адвакат папрасіў сьведку выказаць ягонае меркаваньне пра дзеяньні Касінерава:

— Гэта злачынства ці не?

Тут абурыўся пракурор. Тады адвакат папрасіў проста ацаніць дзеяньні Касінерава.

— Лічу, што «той паступіў няправільна».

11:48 27.4.2017

Як затрымалі Касінерава

Сьведка Дзьмітры Булгак. Служыць у вайсковай частцы ўнутраных войскаў. 12 сакавіка нёс ахову будынку Міністэрства ўнутраных спраў, пост № 4. Убачыў празь відэакамэру мужчыну ў мэдычнай масцы на твары, які падышоў да скульптуры. Разам зь ім была дзяўчына ў куртцы, таксама на твары была маска.

«Мужчына накінуў на скульптуру вяроўку белага колеру, дзяўчына вяла здымку тэлефонам. Далей я ня бачыў, бо выскачыў на вуліцу, каб затрымаць мужчыну. Ён пабег у супрацьлеглы бок ад Нямігі, але яму наперарэз з паста № 1 выскачыў Семяненка, і тады ён пабег уніз, у бок Нямігі. Праз 60 мэтраў мы яго затрымалі. Супраціву не аказваў», — распавёў сьведка.

Cьведкі Дзьмітры Булгак і Раман Семяненка, якія затрымлівалі Вячаслава Касінерава
Cьведкі Дзьмітры Булгак і Раман Семяненка, якія затрымлівалі Вячаслава Касінерава

11:37 27.4.2017

Дыялёг адваката са сьведкам

Сьведку Семяненку задае пытаньні адвакат Антон Гашынскі. Паводле адказаў, інцыдэнт адбыўся пасьля 22 гадзінаў, цягнуўся ўсяго 2-3 хвіліны, ён сам прыняў рашэньне аб затрыманьні мужчыны, які накінуў пятлю на скульптуру.

Адвакат: «Вы ахоўвалі будынак Міністэрства ўнутраных спраў?»

Сьведка: «Так».

Адвакат: «Ці адносіцца скульптура, якая знаходзіцца на другім баку вуліцы, да міністэрства?»

Сьведка: «Ну, яе адкрываў міністар...»

Тут умяшаўся судзьдзя і зьняў пытаньне.

Судзьдзя: «У вашы абавязкі як службоўца ўнутраных войскаў уваходзіць ахова грамадзкага парадку?»

Сьведка: «Так».

Адвакат: «Якія былі падставы для затрыманьня Касінерава?»

Сьведка: «Бо ён накінуў вяроўку на помнік».

Адвакат: «Але вы сказалі, што потым ён пайшоў. Чаму вы яго затрымлівалі, на падставе якога закону?»

Сьведка: «А можа ён нешта спрабаваў зрабіць? Я разумеў, што ён неправамерна паставіўся да скульптуры. Вось чаму і вырашыў яго затрымаць. Гэта ненармальна, накінуць вяроўку на скульптуру».

Адвакат: «А вось ёсьць скульптуры на плошчы Свабоды — коні, карэта, на іх залазяць. Гэта нармальна?»

11:28 27.4.2017

Пачаўся допыт сьведак

Першы са сьведак Раман Семяненка — у вайсковай форме, ён служыць у Менску. Сьведка Семяненка праз манітор відэакамэры ўбачыў, як Касінераў зь дзяўчынай падышлі да скульптуры.

«Касінераў, якога цяпер судзяць, быў у масцы. Ён накінуў вяроўку на скульптуру, потым яны хутка пайшлі ў бок Нямігі, там разьбегліся ў розныя бакі».

Тады выбеглі з будынку два іншыя вайскоўцы, у тым ліку Булгак, начальнік іх зьмены аховы. Касінерава ім удалося затрымаць. Булгак пайшоў і зьняў вяроўку са скульптуры. У Касінерава знайшлі маску, пальчаткі.

На ўдакладняльнае пытаньне пракурора пра іншыя маніпуляцыі Касінерава са скульптурай сьведка Семяненка сказаў, што больш нічога ня памятае. У першы момант, як сьведка ўбачыў Касінерава, той бег у бок праспэкту. «А калі ўбачыў мяне, разьвярнуўся і пабег у бок Нямігі».

Паміж імі тады было мэтраў 30. Судзьдзя: «А чаму вы прынялі рашэньне аб затрыманьні?» — «Бо я ведаў пра гэты помнік, было ўрачыстае адкрыцьцё помніка. Трэба было яго затрымаць».

11:12 27.4.2017

Падсудны: Гарадавы ня помнік, а сымбаль рэпрэсіяў

Вячаслаў Касінераў не адмаўляў у судзе, што і раней браў удзел у пэрформансах:

«Гэта нармальна — выказваць свае погляды празь мірныя акцыі, якія нікому не наносяць шкоды. Скульптура гарадавога — гэта ня помнік, для мяне было абуральным, што можна вось гэтак прыхільна ставіцца да дзейнасьці людзей, якія праводзілі рэпрэсіі ў Беларусі».

Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

Касінераў зьвярнуў увагу, што не было агароджы і ніякай таблічкі, якая б папярэджвала, што нельга шкодзіць скульптуру.

Судзьдзя ўдакладніў у Касінерава: «Вы прызнаяце, што зрабілі пэўныя дзеяньні адносна скульптуры і пры гэтым не прызнаяце сваёй віны. Як гэта?»

Касінераў тлумачыць, што не зьняважыў сваімі дзеяньнямі грамадзтва, а частка грамадзтва яго ўчынак вітала.

Судзьдзя: «А другая частка грамадзтва, тыя ж міліцыянты?»

На думку Касінерава, ім пасьля ягонага ўчынку варта задумацца.

10:55 27.4.2017

Падсудны: Гарадавы — гэта як гестапа

Пракурор спытаў: «А што вам вядома пра ўсталяваньне скульптуры гарадавога?»

Касінераў распавёў вядомыя зьвесткі пра скульптуру і згадаў пра супрацоўнікаў НКУС, якія для яго роўныя гестапа. Паводле Касінерава, для беларускага народу гарадавыя, НКУС ці гестапа — адно і тое ж.

10:54 27.4.2017

Пра рэзананс у грамадзтве

Пракурор пытае: «А колькі? паводле вашай задумы, мусіць правісець гэтая вяроўка на шыі скульптуры, каб яе заўважылі і быў рэзананс у грамадзтве?»

Касінераў не назваў дакладнага часу. Сказаў, што разьлічваў на рэзананс:

«Паглядзеў, пераканаўся, што вяроўка заўважная, разьвярнуўся і пайшоў у бок вуліцы Нямігі».

Але не пасьпеў прайсьці далёка, як яго затрымалі. Касінераў бачыў, што вяроўку са скульптуры зьнялі хутка, ужо празь некалькі хвілінаў яна ляжала пад скульптурай. Яго адвезьлі ў Маскоўскі РУУС.

Судзьдзя: «Да вас падчас затрыманьня ўжывалі гвалт?»

Касінераў: «Пры затрыманьні не, але былі пагрозы».

У Маскоўскім РУУС на яго склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Курапатах.

10:41 27.4.2017

10:39 27.4.2017

Падсудны патлумачыў, чаму накінуў пятлю на скульптуру

Касінераў пацьвердзіў, што накінуў пятлю на скульптуру гарадавога. «Чаму я гэтак зрабіў?». Патлумачыў, што цягам шмат дзён да таго міліцыянты ўжывалі фізычную сілу адносна яго, ягоных аднадумцаў-анархістаў, у тым ліку затрымлівалі іх з выкарыстаньнем спэцсродкаў і нават сьлезацечнага газу. Яго гэта абурыла, і ён вырашыў выказаць сваю пазыцыю ў дачыненьні да гэтага беззаконьня і гвалту адносна людзей. Гэтым учынкам ён сыгналізаваў грамадзтву пра неабходнасьць рэагаваць на незаконны гвалт.

На ўдакладненьне пракурора Яўгена Серакова Вячаслаў Касінераў сказаў, што не належыць да нейкага палітычнага руху.

Пракурор Яўген Серакоў
Пракурор Яўген Серакоў

10:33 27.4.2017

Зачытваюць абвінавачаньне

Пракурор пачаў зачытваць абвінавачаньне Касінераву. 12 сакавіка Касінераў, «дэманструючы сваё зьняважлівае стаўленьне», наўмысна накінуў пятлю на скульптуру «менскі гарадавы», пасьля чаго «двойчы ўдарыў скульптуру галаве», чым учыніў злоснае хуліганства.

Касінераў заявіў, што не прызнае сябе вінаватым.

Суд пастанавіў спачатку дапытаць Касінерава, потым — сьведак ( якіх пералічылі больш за 6 чалавек). Касінераў пагадзіўся даваць паказаньні.

10:22 27.4.2017

Суд вырашылі весьці па-расейску

Цяпер судзьдзя вырашае пытаньне аб тым, на якой мове будзе весьціся працэс. Касінераў заявіў, што сам будзе карыстацца беларускай мовай, але ня супраць, калі суд будзе карыстацца расейскай мовай. Суд пастанавіў весьці працэс па-расейску.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG