Падсудны патлумачыў, чаму накінуў пятлю на скульптуру
Касінераў пацьвердзіў, што накінуў пятлю на скульптуру гарадавога. «Чаму я гэтак зрабіў?». Патлумачыў, што цягам шмат дзён да таго міліцыянты ўжывалі фізычную сілу адносна яго, ягоных аднадумцаў-анархістаў, у тым ліку затрымлівалі іх з выкарыстаньнем спэцсродкаў і нават сьлезацечнага газу. Яго гэта абурыла, і ён вырашыў выказаць сваю пазыцыю ў дачыненьні да гэтага беззаконьня і гвалту адносна людзей. Гэтым учынкам ён сыгналізаваў грамадзтву пра неабходнасьць рэагаваць на незаконны гвалт.
На ўдакладненьне пракурора Яўгена Серакова Вячаслаў Касінераў сказаў, што не належыць да нейкага палітычнага руху.
Зачытваюць абвінавачаньне
Пракурор пачаў зачытваць абвінавачаньне Касінераву. 12 сакавіка Касінераў, «дэманструючы сваё зьняважлівае стаўленьне», наўмысна накінуў пятлю на скульптуру «менскі гарадавы», пасьля чаго «двойчы ўдарыў скульптуру галаве», чым учыніў злоснае хуліганства.
Касінераў заявіў, што не прызнае сябе вінаватым.
Суд пастанавіў спачатку дапытаць Касінерава, потым — сьведак ( якіх пералічылі больш за 6 чалавек). Касінераў пагадзіўся даваць паказаньні.
Суд вырашылі весьці па-расейску
Цяпер судзьдзя вырашае пытаньне аб тым, на якой мове будзе весьціся працэс. Касінераў заявіў, што сам будзе карыстацца беларускай мовай, але ня супраць, калі суд будзе карыстацца расейскай мовай. Суд пастанавіў весьці працэс па-расейску.
Судзьдзя задаволіў хадайніцтва адваката Касінерава аб допыце сьведак зь ягонага боку.
Працэс пачаўся
Судзіць Касінерава судзьдзя Аляксандар Петраш. Судзьдзя ў самым пачатку працэсу забараніў фота- і відэаздымкі падчас працэсу.